Мінск 11:33

Ксёндз Барок правёў імшу ў памяць польскага вайскоўца, які памёр праз раненне на мяжы з Беларуссю

Падчас імшы
Фота: "Позірк"

10 чэрвеня, Позірк. Імшу ў памяць польскага вайскоўца Матэвуша Сітэка, які памёр праз раненне на мяжы з Беларуссю, правёў для беларусаў у Варшаве ксёндз Вячаслаў Барок.

На пачатку імшы святар прыгадаў пра беларускага добраахвотніка з пазыўным “Кракаў”, які загінуў ва Украіне, а таксама пра ксяндза Анджэя Юхневіча з Шуміліна (Віцебская вобласць), які знаходзіцца ў зняволенні ўжо месяц. Пазней Барок згадваў палітвязняў.

“Мы молімся за чарговую ахвяру гэтай вайны. За польскага жаўнера Матэвуша Сітэка. Малады хлапец, які меў 21 год і загінуў на польска-беларускай мяжы. Загінуў таму, што на мяжы адбываецца злачынства. Спачатку быў паранены і ад гэтых раненняў у рэшце рэшт у шпіталі памёр”, — зазначыў Барок.

Ён таксама прапанаваў памаліцца за тое, каб “тыя, хто сёння ідзе шляхам зла, беззаконня, хто стаіць на баку агрэсіі, не былі ў стане пасварыць нашыя суседскія народы, беларускі і польскі”.

“Каб нам хапіла мудрасці не перакладаць зло ў нацыянальныя катэгорыі, але каб мы аднадушна абіралі бок дабра і супраціўляліся любому беззаконню”, — дадаў святар.

У Барока, паводле яго слоў, ёсць адчуванне, што высокія сцены не ёсць гарантыяй бяспекі для чалавека. “Смерць польскага жаўнера Матэвуша ў гэтым нас пераконвае. Была сцяна, была мяжа, быў калючы дрот, разам з тым чалавек загінуў. Чалавек загінуў несправядліва, загінуў таму, што хтосьці дазваляе сабе выбраць у той варожасці, якая ёсць у свеце, бок зла, абраць агрэсію і да суседняга народа хоча прыносіць вайну”, — лічыць ксёндз.

На яго думку, “людзі добрай волі, хрысціяне” пакліканыя “перамагчы зло, супрацьставіцца злу”, змяніць свет да лепшага.

“Не мы выбралі, у якім свеце нам жыць. Гэта Гасподзь дазволіў нам жыць у свеце, дзе ёсць варожасць, паміж патомствам жанчыны — гэта значыць праведнікамі, тымі, хто кіруецца ў сваім жыцці сумленнем, справядлівасцю, хто шукае свабоды — і патомствам Сатаны”, — сказаў Барок.

Вячаслаў Барок — былы пробашч парафіі святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах (Віцебская вобласць), блогер. У 2021 годзе пакінуў Беларусь з-за пераследу. У снежні 2020 года быў арыштаваны на 10 сутак паводле абвінавачання ў дэманстрацыі нацысцкай сімволікі, за якую ўлады палічылі апублікаваную ім антыфашысцкую карыкатуру.

Польскі жаўнер Матэвуш Сітэк памёр 6 чэрвеня ў Ваенна-медыцынскім інстытуце ў Варшаве, куды быў транспартаваны пасля нажавога ранення, якое яму нанес 28 траўня нелегальны мігрант на мяжы.

У сувязі з сітуацыяй, што склалася, 10 чэрвеня ў Беластоку прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда правядзе пасяджэнне Рады нацыянальнай бяспекі.

Гл. таксама:

Памёр паранены на мяжы з Беларуссю польскі салдат

Падзяліцца: