Мінск 07:40

Беларусь дабіваецца выдачы затрыманага ў Кыргызстане падазраванага па справе транснацыянальнай АЗГ

Крыніца: unsplash.com / Bermix Studio

10 чэрвеня, Позірк. У Кыргызстане затрыманы мужчына, што адшукваецца Мінскам як удзельнік “транснацыянальнай арганізаванай злачыннай групы”, які праз “ашуканскі кол-цэнтр працаваў па Беларусі”.

Паводле інфармацыі Следчага камітэта, у міжнародны вышук ён быў абвешчаны і завочна узяты пад варту з санкцыі намесніка генеральнага пракурора.

Ведамства паведамляе, што супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення крымінальнага вышуку МУС Кыргызстана затрымалі мужчыну ў Бішкеку “ў ходзе следча-аператыўных мерапрыемстваў”.

“У выніку правядзення вобшуку па месцы яго часовага пражывання знойдзена і вынята камп’ютарная тэхніка, носьбіты інфармацыі і грашовыя сродкі, — гаворыцца ў паведамленні. — У цяперашні час мужчына затрыманы і яму выстаўленае [у Кыргызстане] абвінавачанне за махлярства. Прапрацоўваецца пытанне аб яго экстрадыцыі ў Рэспубліку Беларусь для далейшага прыцягнення да крымінальнай адказнасці”.

Сёлета ў студзені, паводле звестак СК, затрымана 55 удзельнікаў згаданай групы, у тым ліку арганізатары; 49 чалавек узятыя пад варту.

Згодна з інфармацыяй ведамства, вышэйзгаданага мужчыну затрымалі тады, калі Кыргызстан наведвалі прадстаўнікі СК і МУС Беларусі. Сілавікі “правялі шэраг працоўных сустрэч”, распрацавалі “стратэгію ўзаемадзеяння” і рэалізавалі “мерапрыемствы па злове злачынцы”.

Транснацыянальная АЗГ, як сцвярджае Следчы камітэт, дзейнічала на тэрыторыі Беларусі, РФ, Ізраіля і Кыргызстана з лютага 2020 года па студзень 2024-га.

Яе ўдзельнікі размяшчалі ў інтэрнэце “сайты з ілжывай інфармацыяй” пра магчымасць зарабіць за кошт “інвеставання грашовых сродкаў у прыбытковыя фінансавыя кампаніі, якіх фактычна не існавала”. Для гэтага ў Мінску, Маскве і Бішкеку арганізоўвалі “ашуканскія кол-цэнтры”, адкуль “з выкарыстаннем IP-тэлефаніі ажыццяўляліся званкі грамадзянам”.

Фігуранты "справы колл-цэнтраў" зараблялі на махлярстве да 1,5 млн рублёў у месяц — МУС

1 лютага, Позірк. Паводле папярэдніх падлікаў, у месяц міжнародная арганізаваная злачынная група зарабляла на махлярстве ад 1 да 1,5 млн рублёў, паведаміў 1 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС …
Падзяліцца: