Мінск 05:22

Лукашэнка хоча вывесці стасункі з Індыяй на ўзровень стратэгічнага партнёрства

Нью-Дэлі
Ілюстрацыйнае фота: flickr.com / Tautvaldas Tumenas

11 чэрвеня, Позірк. “Мінск поўны рашучасці вывесці двухбаковы дыялог на ўзровень стратэгічнага партнёрства”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 10 чэрвеня прэм’ер-міністра Індыі Нарэндру Модзі з перамогай на парламенцкіх выбарах.

“Добрай асновай для нашай працы па дасягненню гэтай мэты будзе дарожная карта па развіццю ключавых кірункаў супрацы паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Індыя на 2024–2026 гады. Разлічваю, што дакумент будзе падпісаны найбліжэйшым часам”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

У цэлым Лукашэнка спадзяецца, што беларуска-індыйскія стасункі “працягнуць паглыбляцца ў дружалюбным і ўзаемавыгадным ключы”.

Ён “пацвердзіў гатоўнасць” Мінска да “плённай сумеснай працы ў міжнародных арганізацыях”, а таксама ў чарговы раз запрасіў Модзі наведаць Беларусь у зручны час.

Лукашэнка, прызначаючы 4 студзеня былога старшыню канцэрна “Беллеспаперапрам” Міхаіла Касько амбасадарам у Індыі, заявіў, што стасункі паміж краінамі “дэградавалі”. “Індыя — вялізная краіна. Я не магу быць задаволены тым станам спраў, якія ў нас складаюцца ў беларуска-індыйскіх стасунках”, — адзначыў ён.

12 сакавіка беларуская дэлегацыя правяла ў Індыі перамовы з Мансухам Мандавія, які сумяшчае пасады міністра хімічнай прамысловасці і мінеральных угнаенняў і міністра аховы здароўя і дабрабыту сям’і, а 13 сакавіка — з міністрам гандлю і прамысловасці Піюшам Гаялам.

Акрамя таго, 13 сакавіка ў Нью-Дэлі кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік перадаў свайму індыйскаму калегу Субраманіяму Джайшанкару пасланне Лукашэнкі на адрас Модзі пра “беларуска-індыйскія стасункі і шляхі іх развіцця”.

Чыноўнікі абмеркавалі “эканамічную супрацу і канкрэтныя кааперацыйныя праекты”, “міжрэгіянальныя і парламенцкія сувязі, інвентарызацыю дагаворна-прававой базы, гуманітарную супрацу”, у тым ліку навучанне індыйскіх студэнтаў у Беларусі.

Бакі, паводле сцвярджэння МЗС, дамовіліся працаваць над далейшым спрашчэннем візавага рэжыму “ў мэтах павелічэння ўзаемных турыстычных патокаў”.

27 сакавіка Касько ўручыў даверчыя граматы прэзідэнту Індыі Драўпадзі Мурму. Бакі “падкрэслілі ўзаемны інтарэс <…> да больш шчыльнай супрацы ў эканамічнай, навукова-тэхнічнай, адукацыйнай і культурнай сферах”.

На наступны дзень у Варшаве намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка абмеркаваў з амбасадарам Індыі ў Польшчы Нагмай Махамед Малік сітуацыю ў Беларусі і праблемы, звязаныя з рэжымам Лукашэнкі.

Палітык, як паведаміла “Позірку” яго прэс-служба, перадаў дыпламату матэрыялы пра “сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, здзейсненыя рэжымам Лукашэнкі злачынствы супраць чалавечнасці, незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў Беларусь, парушэнні правоў работнікаў на беларускіх прадпрыемствах, ролю рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі РФ супраць Украіны”.

Абмеркаваўшы з Малік матэрыялы, падрыхтаваныя экспертамі НАУ, Латушка папрасіў яе накіраваць іх у Міністэрства замежных спраў Індыі.

Паводле звестак амбасады Беларусі ў Індыі, узаемны тавараабарот у 2021 годзе склаў 566,6 млн долараў. На беларускі экспарт прыпала 375,8 млн долараў, на індыйскія пастаўкі — 190,8 млн. Даныя пра гандаль за 2022 і 2023 гады не прыводзяцца.

Беларусь адпраўляла ў Індыю калійныя ўгнаенні, трактары, цягачы, грузавікі і розныя кампаненты для аўтамабільнай прамысловасці, цэлюлозу, шкловалакно, лён, сінтэтыку, інтэгральныя схемы, абсталяванне і прыборы ды інш. У зваротным кірунку пастаўляліся лекі, фарбавальнікі, прадукты харчавання ды іншыя тавары.

Падзяліцца: