Мінск 05:51

Былая журналістка Алена Цімашчук прызнаная палітзняволенай

Фота: профіль Цімашчук у "Фэйсбуку"

13 чэрвеня, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітзняволенай былую журналістку Алену Цімашчук, паведамляе цэнтр “Вясна”.

У адпаведнай заяве адзначаецца, што пераслед Цімашчук ёсць “працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова”.

Брэсцкі абласны суд 3 чэрвеня прыгаварыў Цімашчук да 5 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, яна аштрафаваная на 46 тыс. рублёў.

Цімашчук прызналі вінаватай паводле арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 3 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і ч. 3 арт. 3611 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса.

Журналістка працавала ў дзяржаўнай газеце “Брэсцкі веснік” і тэлерадыёкампаніі “Брэст”, як фрылансер супрацоўнічала з рэгіянальнымі выданнямі “Вячэрні Брэст”, “Брэсцкі кур’ер”, “Брэсцкая газета”, інтэрнэт-выданнем “Віртуальны Брэст” і “Брэсцкім зялёным парталам”.

Праваабаронцы адзначылі, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў быў вымушаны спыніць выхад.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і спыніць рэпрэсіі ў Беларусі.

Апрача “Вясны” заяву падпісалі Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), “Прававая ініцыятыва”, Human Constanta і Lawtrend.

Паводле звестак БАЖ, зараз у зняволенні знаходзяцца 38 журналістаў і іншых прадстаўнікоў медыясектара.

Цяпер у Беларусі 1.397 чалавек, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітвязнямі. Рэальная колькасць людзей, якія зазналі рэпрэсіі ў той ці іншай форме, значна большая.

Падзяліцца: