Мінск 12:27

Беларуса дэпартуюць з Украіны за незаконнае знаходжанне ў краіне

Фота: прэс-служба Дзяржаўнай міграцыйнай службы Украіны

18 чэрвеня, Позірк. У Нікапальскім раёне Днепрапятроўскай вобласці Украіны затрыманы грамадзянін Беларусі, які, паводле сцвярджэння Дзяржаўнай міграцыйнай службы, знаходзіўся ў краіне незаконна.

Прэс-служба ведамства паведаміла, што мужчыну затрымалі 15 чэрвеня ў рамках аперацыі “Мігрант” — “мэтавых прафілактычных мерапрыемстваў па наглядзе і кантролі за выкананнем заканадаўства ў міграцыйнай сферы”.

За парушэнне правіл знаходжання ва Украіне беларуса прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, прынятае рашэнне аб яго “прымусовым выправаджэнні за межы” краіны.

“Цяпер ён знаходзіцца ў пункце часовага знаходжання замежнікаў і асоб без грамадзянства”, — гаворыцца ў паведамленні.

У жніўні 2022 года беларускія і ўкраінскія праваабарончыя і грамадскія арганізацыі звярнуліся да дзяржорганаў Украіны наконт дыскрымінацыі грамадзян Беларусі ў краіне пасля пачатку вайны.

Нагодай для звароту стала тое, што міграцыйная служба стала масава адмаўляць у легалізацыі беларускім грамадзянам. Зафіксаваныя факты адмоў прымаць дакументы на падаўжэнне або атрыманне дазволу на жыхарства, выдачы прадпісанняў пакінуць Украіну ў найкарацейшыя тэрміны пад пагрозай пакарання, забароны на наведванне краіны ў будучыні, невыканальных патрабаванняў аб апастыляванні дакументаў, выдадзеных у Беларусі.

З легалізацыйнымі праблемамі сярод іншых сутыкаліся беларускія валанцёры, а таксама добраахвотнікі, якія ваююць на баку Украіны.

9 траўня 2024 года Вярхоўная Рада Украіны прыняла ў першым чытанні законапраект з папраўкамі аб прававым статусе абаронцаў краіны, які тычыцца ў тым ліку беларусаў.

Полк імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе ў складзе УСУ, у сувязі з гэтым выказаў падзяку ў вырашэнні праблем добраахвотнікаў і адзначыў, што “пытанне легальнага знаходжання на тэрыторыі Украіны сапраўды вельмі важнае для беларускіх ваяроў”.

“На гэты момант больш за 30% асабовага складу ў той ці іншай ступені сутыкнулася з праблемамі дакументаў: несапраўдныя пашпарты, адсутнасць дазволу на жыхарства, а таксама неабходнасць пакінуць Украіну і полк Каліноўскага для вырашэння пытання легалізацыі ў краінах ЕС. Спрашчэнне міграцыйнай палітыкі Украіны таксама будзе садзейнічаць больш актыўнаму рэкрутынгу ў шэрагі добраахвотніцкіх аб’яднанняў. Кожны трэці беларус, які звярнуўся ў бот для рэкрутынгу, мае праблемы з пашпартам, што ўскладняе перамяшчэнне і ўезд ва Украіну”, — гаварылася ў паведамленні.

Падзяліцца: