Мінск 17:41

У Гомельскай вобласці ад агню загінуў мужчына, у Брэсцкай знойдзены патанулы

Крыніца: МНС

23 чэрвеня, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6:00 да 6:00) ад агню ў Беларусі загінуў адзін чалавек, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Трагедыя здарылася ў пасёлку Мольча Светлагорскага раёна (Гомельская вобласць), дзе на пажары ў жылым доме знойдзенае цела мужчыны 1966 года нараджэння. Адзначаецца, што дом належыць яго цётцы (1963 г.н.). Прычыны інцыдэнту высвятляюцца.

Ведамства таксама паведамляе, што раніцай 22 чэрвеня з возера Белае каля аграгарадка Бостынь Лунінецкага раёна (Брэсцкая вобласць) вынятае цела мужчыны 1998 г.н. Прычыны гібелі не называюцца.

Усяго з пачатку года ў Беларусі здарылася 2.837 пажараў (за аналагічны перыяд 2023-га — 2.902; -2,2%), на якіх загінула 285 чалавек (254; +12,2%).

З пачатку купальнага сезону, які афіцыйна пачаўся 1 траўня, у Беларусі на водах загінула 50 чалавек, з іх чацвёра дзяцей і два ўладальнікі маламерных судоў, паведаміў на прэс-канферэнцыі 12 чэрвеня прэс-сакратар МНС Яўген Бараноўскі.

Паводле слоў прадстаўніка ведамства, “прычыны і абставіны [гэтага] абсалютна розныя”.

“Асноўная прычына няшчасных выпадкаў — купанне ў стане алкагольнага ап’янення, у забароненых і не прызначаных для купання месцах, — падкрэсліў Бараноўскі. — У стыхійных месцах купанняў, дзе мала людзей, здаецца, што можна адасобіцца, але, разам з тым, купанне ў такіх месцах небяспечна”.

За травень у вадаёмах Беларусі патанулі 34 чалавекі, вынікае з праведзенага Позіркам аналізу статыстыкі ТРВОД. Паводле звестак арганізацыі, у 2023 годзе ў Беларусі патанула 339 чалавек — на 12,2% менш, чым у 2022-м. Непаўналетніх загінула на вадзе 21 — годам раней 25 (-16%).

Падзяліцца: