Мінск 00:28

Сітуацыю ў Беларусі і праблемы беларусаў абмяркуюць на пасяджэнні кансультатыўнай групы ЕС і дэмсіл 25 чэрвеня

Архіўнае фота: Delfi

24 чэрвеня, Позірк. Трэцяе пасяджэнне кансультатыўнай групы Еўрасаюза і беларускіх дэмакратычных сіл адбудзецца 25 чэрвеня ў Брусэлі, паведаміў “Позірку” галоўны дарадца кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Паводле яго слоў, ключавымі тэмамі стануць палітычная сітуацыя ў Беларусі, правы чалавека і прыцягненне рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці, падтрымка афіцыйным Мінскам расійскай агрэсіі супраць Украіны, праблема палітвязняў, стратэгіі СМІ супраць расійска-беларускай дэзінфармацыі. Таксама дэмакратычныя сілы прадставяць вынікі выбараў у Каардынацыйную раду, абмяркуюць падрыхтоўку да прэзідэнцкай кампаніі 2025 года.

Сярод іншага плануецца падняць тэму мабільнасці беларусаў у Еўрасаюзе. Прадстаўнікі дэмсіл маюць намер “распавесці пра апошнія тэндэнцыі ў пытаннях мабільнасці, у тым ліку праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў ЕС у выніку абмежаванняў рэжыму на наданне консульскіх паслуг за мяжой”.

Напярэдадні пасяджэння намеснік кіраўніка АПК, прадстаўнік па замежных справах Валер Кавалеўскі нагадаў, што кансультатыўная група з’яўляецца “пастаянна дзейным механізмам для абмеркавання сітуацыі, у якой апынулася Беларусь і грамадства”.

“З еўрапейскага боку ў сустрэчы ўдзельнічаюць Еўрапейская служба знешніх дзеянняў, якая з’яўляецца галоўнай знешнепалітычнай структурай Еўрапейскай камісіі, камісарыят па ўнутраных справах, які адказвае за пытанні міграцыі, а таксама камісарыят па добрасуседстве і пашырэнні ЕС. <…> Еўрапейскі савет прадстаўлены там як галоўны палітычны орган еўрапейскіх структур”, — сказаў Кавалеўскі.

На трэцім пасяджэнні, паводле яго слоў, будуць абмяркоўвацца “рэпрэсіі супраць беларусаў, стан палітвязняў, пагроза незалежнасці і суверэнітэту Беларусі з боку Расіі, саўдзел Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны”. “Рэжым пастаянна нарошчвае свой удзел — не толькі як саўдзельнік агрэсіі, не толькі як пастаўшчык пэўных паслуг і ўзбраенняў для расійскіх вайскоўцаў, але і як актыўны актар, які пагражае еўрапейскім суседзям Беларусі, Украіне, у тым ліку ядзернай зброяй”, — адзначыў палітык.

“Мы таксама будзем абмяркоўваць стратэгію 2025 года. Для нашых партнёраў вельмі важна разумець, якім чынам будзе выбудоўвацца наша дзейнасць напярэдадні гэтай важнай палітычнай кампаніі 2025 года. Мы хочам быць упэўненыя, што наша дзейнасць будзе актыўнай, што яна сапраўды паўплывае на гэты працэс. Мы павінны скарыстацца гэтай магчымасцю, каб падкрэсліць легітымнасць дэмакратычных сіл, нелегітымнасць Лукашэнкі і яго залежнасць ад Расіі”, — дадаў Кавалеўскі.

Акрамя таго, паведаміў ён, будуць абмяркоўвацца “пытанні стратэгічнай камунікацыі паміж ЕС і беларускімі дэмсіламі”, міграцыйная праблематыка і легалізацыя, візавая палітыка.

Дэмакратычныя сілы наладжваюць дыялог з Захадам на фоне ўзмацняецца міжнароднай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі.

Акрамя кансультатыўнай групы ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў існуюць кантактная група ў Савеце Еўропы, стратэгічны дыялог з Дзярждэпартаментам ЗША, наладжана супрацоўніцтва з Еўрапарламентам, створаны Альянс дэмакратычнай Беларусі з дзясяткамі парламентаў, прызначаныя спецпасланнікі МЗС шэрагу краін, ёсць група сяброў дэмакратычнай Беларусі ў АБСЕ, развіваецца палітычны дыялог з НАТО, ад імя беларускіх дэмакратычных сіл пададзена заяўка на атрыманне статусу пастаяннага назіральніка ў ААН.

Падзяліцца: