Мінск 15:50

Ціханоўская: Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі павінны быць узмоцненыя і прыведзеныя ў выкананне

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

25 чэрвеня, Позірк. Трымаць Аляксандра Лукашэнку ў ізаляцыі і працягваць палітыку яго непрызнання ў кантэксце “так званых выбараў 2025 года” заклікала Еўрасаюз Святлана Ціханоўская ў фінальнай прамове на пасяджэнні кансультатыўнай групы ЕС і беларускіх дэмакратычных сіл.

Пасяджэнне прайшло 25 чэрвеня ў Бруселі.

Як паведаміў Позірку галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка, у сваім выступе Ціханоўская таксама заклікала ЕС не адпраўляць паслоў у Мінск і прызначыць спецыяльных пасланнікаў для працы з дэмсіламі.

“Санкцыі павінны быць узмоцненыя і прыведзеныя ў выкананне. Разгледзім магчымасць увядзення дадатковых санкцый у дачыненні да тых, хто дапамагае ўхіляцца ад іх. Мы павінны прыцягнуць вінаватых да адказнасці і выкарыстоўваць усе даступныя механізмы”, — падкрэсліла дэмлідар.

Узмацненне ціску на Лукашэнку, паводле яе слоў, неабходна, каб “прымусіць яго вызваліць палітычных зняволеных, спыніць рэпрэсіі і пачаць дыялог з народам”.

Акрамя гэтага, варта “распачаць рашучыя крокі, каб спыніць расійскі прыгнёт Беларусі і вывесці Беларусь з вайны з Украінай”, дадала Ціханоўская.

Дзеянні ЕС, паводле яе пераканання, павінны быць накіраваныя на “ўмацаванне праеўрапейскіх і прадэмакратычных настрояў” сярод беларусаў, мабілізацыю падтрымкі “беларускіх НДА, праваабаронцаў, культурных арганізацый і СМІ, сем’яў рэпрэсаваных”, а таксама палітвязняў, якія “ўжо адбылі свой тэрмін”.

Ціханоўская зноў нагадала пра важнасць захавання падтрымкі мабільнасці беларусаў і заклікала не толькі “трымаць межы адкрытымі, выступаць за павелічэнне колькасці віз, стыпендый, асабліва для маладых людзей”, але і “падтрымліваць беларусаў у выгнанні, якія сутыкаюцца з мноствам праблем, звязаных з легалізацыяй”.

На трэцім пасяджэнні кансультатыўнай групы абмяркоўвалася палітычная сітуацыя ў Беларусі, правы чалавека і прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці, падтрымка афіцыйным Мінскам расійскай агрэсіі супраць Украіны, праблема палітвязняў, пытанні легалізацыі і мабільнасці беларусаў і інш.

Акрамя Ціханоўскай, у сустрэчы прымалі ўдзел яе намеснікі ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Валерый Кавалеўскі (па замежных справах) і Павел Латушка (па транзіце ўлады), прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, кіраўнік апарата кабінета Валерый Мацкевіч.

З боку ЕС — прадстаўнікі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, камісарыятаў — па ўнутраных справах, добрасуседству і пашырэнню, а таксама іншых структур.

Падзяліцца: