Мінск 16:45

У Мінску за арганізацыю нелегальнай міграцыі асудзілі двух замежнікаў

Фота: "Позірк"

30 чэрвеня, Позірк. Двое замежных грамадзян прыгавораныя судом у Мінску за “арганізацыю незаконнай міграцыі” (ч. 2 арт. 371-1 Крымінальнага кодэкса), паведамляе дзяржагенцтва “Мінск-Навіны”.

Адзін з абвінавачаных асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі са штрафам у памеры 500 базавых велічынь (20.000 руб.), другі — на 3,5 года са штрафам 300 б. у. (12.000).

Грамадзянства асуджаных не называецца.

Згодна з матэрыяламі справы, яны “ўваходзілі ў злачынную групу”, “садзейнічаючы за ўзнагароджанне незаконнаму знаходжанню” ў Беларусі не менш за 60 мігрантаў.

“У далейшым планаваўся іх выезд у краіны Еўрасаюза ў парушэнне ўстаноўленага парадку і па-за пунктамі пропуску праз дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь”, — адзначаецца ў публікацыі.

“Удзельнікі злачыннай групы распрацавалі механізм незаконнай міграцыі — падзялілі паміж сабой ролі, падбіралі і фарміравалі групы з нелегальных мігрантаў, арганізоўвалі іх незаконны ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Абвінавачаныя падшуквалі ім месца часовага жыхарства, збіралі з іх грошы”, — паведаміла памочнік пракурора Першамайскага раёна Мінска Юлія Лугаўская.

Пракуратура Першамайскага раёна 27 траўня накіравала ў суд справу ў дачыненні да двух замежнікаў, абвінавачаных паводле ч. 2 арт.3711 КК.

Сцвярджалася, што абвінавачаныя сумесна з грамадзянінам Беларусі “і іншымі асобамі”, “жадаючы атрымаць матэрыяльнае ўзнагароджанне”, арганізавалі канал нелегальнай міграцыі ў “замежныя дзяржавы”.

У Беларусі замежнікі, як заяўлялася, сумесна з мясцовым жыхаром шукалі месцы для часовага пражывання мігрантаў і бралі з іх грошы — “плату за пражыванне ў суме не менш за 10 долараў ЗША з чалавека за суткі”, паведамлялася, што “замежныя грамадзяне размяшчаліся па 11 адрасах у Мінску”.

Падкрэслівалася, што ў дачыненні да грамадзяніна Беларусі “следчы вылучыў крымінальную справу ў асобную вытворчасць”.

У Беларусі час ад часу затрымліваюць мігрантаў, але сілавыя органы не перашкаджаюць знаходжанню нелегалаў у памежнай зоне і іх спробам перасячэння мяжы з суседнімі краінамі ЕС.

З пачатку чэрвеня 2024 года суседнія краіны ЕС спынілі больш за 4 тысячы спробаў незаконнага пранікнення мігрантаў з беларускай тэрыторыі.

Польшча за няпоўны чэрвень прадухіліла прынамсі 3.610 такіх выпадкаў, Латвія — 386, Літва — 36.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і ЕС працягваецца з вясны 2021 года.

Падзяліцца:
be