Мінск 11:14

Беларусь і Канада змогуць пераадолець “часовыя цяжкасці” ў стасунках, лічыць Лукашэнка

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

1 ліпеня, Позірк. Геаграфічная аддаленасць Мінска і Атавы не перашкаджала беларусам і канадцам “знаходзіць агульныя інтарэсы, ствараць сем’і, развіваць гандаль і аказваць узаемную падтрымку ў складаных жыццёвых сітуацыях”, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 1 ліпеня з Днём Канады жыхароў гэтай краіны.

“Сумесныя праекты ў прамысловасці, навуцы, адукацыі і спорце, у тым ліку такі любімы ў нашых краінах хакей на лёдзе, дазвалялі нам лепш разумець адзін аднаго”, — прыводзіць тэкст паслання прэс-служба віншавальніка.

Лукашэнка лічыць, што “назапашанае на працягу дзесяцігоддзяў бясцэннае багацце кантактаў паміж беларускімі і канадскімі сем’ямі, простымі людзьмі, навукоўцамі і бізнесам дапаможа пераадолець часовыя цяжкасці і аднавіць паўнацэнны міждзяржаўны дыялог”.

У сваю чаргу кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская падзякавала Атаву за “паслядоўную падтрымку Канадай дэмакратыі і свабоды ў Беларусі”.

“Мы заўсёды будзем памятаць, як Канада адыграла вядучую ролю ў асуджэнні парушэнняў правоў чалавека рэжымам і падтрымлівала наш народ”, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Канада не прызнае Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі, з’яўляецца адным з найбольш непрымірымых крытыкаў дзейнага рэжыму і паслядоўных прыхільнікаў беларускіх дэмакратычных сіл.

Апошні на гэты момант пакет санкцый — у дачыненні да 21 грамадзяніна Беларусі, датычнага да рэпрэсій, — Канада прыняла сёлета ў красавіку, калі Ціханоўская наведвала Атаву.

У жніўні 2023 года Канада ўвяла санкцыі ў дачыненні да 9 фізічных і 7 юрыдычных асоб — за парушэнне правоў чалавека ў Беларусі і падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны. Тады пад абмежаванні трапілі чыноўнікі, суддзі і прапагандысты. Санкцыі таксама былі скіраваныя на Мінабароны, МУС, “ваенна-вытворчыя і тэхналагічныя кампаніі”.

Урад Беларусі ўнёс Канаду ў лік “недружалюбных краін”.

Падзяліцца:
be