Мінск 03:38

Лукашэнка падоўжыў на год спагнанне павышаных пошлін на зубную пасту і шампунь з “недружалюбных” краін, дадаў фанеру

Ілюстрацыйнае фота: pulscen.by

10 ліпеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка падоўжыў на год — да 30 чэрвеня 2025-га — дзеянне ўказа, які прадугледжвае спагнанне павышаных мытных пошлін пры ўвозе шампуняў, сродкаў для валасоў і чысткі зубоў, што паходзяць з “краін англасаксонскай групы (ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя)”.

Стаўкі былі павялічаныя больш чым у пяць разоў (з 6,5% да 35% мытнага кошту) указам ад 12 студзеня 2024 года, які першапачаткова дзейнічаў да канца першага паўгоддзя. Дакумент быў накіраваны на “абарону эканамічных інтарэсаў Беларусі” і стварэнне ўмоў для “замяшчэння адпаведнага імпарту таварамі, вырабленымі ў ЕАЭС”.

У новым указе спіс тавараў дапоўнены: туды ўключаны “фанера клееная, панэлі фанераваныя і аналагічная слаістая драўніна” (пошліны павялічаны з 9-12% да 50%), а таксама “іншыя дэталі будаўнічыя, з пластмас, у іншым месцы не пайменаваныя або не ўключаныя, вырабленыя з паліурэтана” (з 6,5% да 35%).

У Беларусі дзейнічае забарона на імпарт і рэалізацыю ў Беларусі асобных катэгорый тавараў з “недружалюбных краін”.

Згодна з пастановай Савета міністраў № 934 ад 26 снежня 2023 года, яна падоўжаная да канца 2024 года. Гэты ж дакумент дазваляе ўвозіць яблыкі з “недружалюбных краін” з 1 красавіка па 31 ліпеня 2024 года.

Пастанова падаўжае дзеянне асноўных палажэнняў пастановы ўрада № 700 ад 6 снежня 2021 года “Аб прымяненні спецыяльных мер у дачыненні да асобных відаў тавараў”. Контрсанкцыі былі прынятыя на падставе ўказа № 128 ад 30 сакавіка 2021 года для “забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў” Беларусі.

“Спецыяльныя меры” датычацца прадукцыі шэрагу еўрапейскіх вытворцаў, у тым ліку касметычнай прадукцыі. Забаронены гандаль таварамі груп кампаній Liqui Moly, Škoda Auto і Beiersdorf (гандлёвыя маркі Nivea, Eucerin, La Prairie, Labello, Hansaplast, Florena, 8×4, Skin Stories, Gammon, Tesa, Chaul, Coppertone, Hidrofugal, Stop the water while using me).

Падзяліцца: