Мінск 14:51

Лукашэнка па-ранейшаму хоча супрацоўнічаць з “несяброўскай”, але “духоўна блізкай” Чарнагорыяй

Сталіца Чарнагорыі Падгорыца
Фота: falco/pixabay.com

13 ліпеня, Позірк. Захаванне “партнёрскага ўзаемадзеяння на аснове павагі і раўнапраўя” з’яўляецца “адзіным верным шляхам развіцця двухбаковага супрацоўніцтва, накіраванага ў будучыню”, гаворыцца ў віншаванні Аляксандру Лукашэнку народу Чарнагорыі з Днём дзяржаўнасці.

Паводле слоў віншавальніка, якія прыводзіць яго прэс-служба, адносіны дзвюх краін заснаваныя на “даўніх і добрых традыцыях дружбы і духоўнай блізкасці”.

“У Рэспубліцы Беларусь шчыра сімпатызуюць народу Чарнагорыі і нязменна гатовыя і ў далейшым развіваць узаемавыгадныя кантакты на карысць абедзвюх краін, зберагаючы свае самабытнасць, традыцыі і культуру”, — заявіў Лукашэнка.

Другі год запар ён віншуе не кіраўніка гэтай балканскай дзяржавы, а народ. Такая практыка стала распаўсюджанай у адносінах да краін, якія ўвялі санкцыі супраць рэжыму ў Мінску.

У апошнім падобным пасланні на імя прэзідэнта Чарнагорыі (тады ім быў сацыяліст Міла Джуканавіч) 13 ліпеня 2022 года выказвалася перакананасць, што бакі пераадолеюць “неспрыяльную палітычную кан’юнктуру”, а добразычлівыя адносіны, дзелавыя і культурныя кантакты беларусаў і чарнагорцаў стануць “надзейнай асновай для пашырэння плённага міждзяржаўнага супрацоўніцтва”.

Чарнагорыя далучылася да заяваў і дзеянняў Еўрапейскага саюза пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года, падтрымлівае ўсе санкцыйныя і абмежавальныя меры.

18 лютага 2022 года ў рамках Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская сустрэлася з Джуканавічам.

Як паведамляла яе прэс-служба, кіраўнік Чарнагорыі “выказаў гатоўнасць ажыццяўляць падтрымку [дэмсіл] на дыпламатычным узроўні, у прыватнасці, у Савеце [ААН] па правах чалавека”, а таксама падкрэсліў, што Чарнагорыя была і застаецца сябрам дэмакратычнай Беларусі.

З траўня 2023 года прэзідэнтам Чарнагорыі з’яўляецца Якаў Мілатавіч, сузаснавальнік правацэнтрысцкага руху “Еўропа цяпер!”.

Чарнагорыя ўваходзіць у “пералік замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”, у дачыненні да якіх перыядычна ўводзяцца абмежавальныя меры, у асноўным эканамічнага характару.

Сёлета 9 лютага Падгорыца далучылася да сумеснай заявы, якую шэраг дэмакратычных краін прадставілі пастаяннаму савету АБСЕ з-за беларускай сітуацыі ў галіне чалавечага вымярэння. У дакуменце падкрэслена, што ўсе палітычныя зняволеныя ў Беларусі павінны быць “неадкладна і безумоўна” вызваленыя.

Чарнагорыя была сярод 24 краін, якія на пасяджэнні 55-й сесіі Савета ААН па правах чалавека ў Жэневе 4 красавіка прагаласавалі за прыняцце рэзалюцыі “Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі”.

Гэтая балканская дзяржава таксама ўваходзіць у групу “сяброў дэмакратычнай Беларусі” ў АБСЕ, да якой ужо далучылася 29 з 57 краін — членаў арганізацыі.

Падзяліцца: