Мінск 07:02

“Вясна”: З 2020 года за ўдзел у пратэстах асуджана не менш за 5,4 тыс. чалавек

Акция в Вильнюсе 25 марта 2023 года
Акцыя на Дзень Волі ў Вільнюсе 25 сакавіка 2023 года
Фота: "Позірк"

15 ліпеня, Позірк. З 2020 года па арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) у Беларусі асуджана не менш як 5.361 чалавек, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Гэты артыкул КК выкарыстоўваецца ўладамі для палітычнага пераследу ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту. Першы адпаведны прыгавор пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года вынесены 30 лістапада. У сярэднім, паводле падлікаў праваабаронцаў, па арт. 342 “кожны працоўны дзень судзяць шэсць беларусаў”.

На думку юрыста “Вясны” Святланы Галаўнёвай, выкарыстанне арт. 342 — “яркі складнік шырокамаштабнага і сістэмнага пераследу грамадзянскай супольнасці, што з’яўляецца міжнародным злачынствам”.

З пункту гледжання міжнароднага права, адзначыла праваабаронца, пазбаўленне чалавека волі за ўдзел у мірным масавым мерапрыемстве, “няхай гэта будзе затрыманне на некалькі гадзін, адміністрацыйны арышт або пазбаўленне волі па крымінальных абвінавачаннях”, заўсёды з’яўляецца “ўмяшаннем у свабоду мірных сходаў”. “За тое, што чалавек паўдзельнічаў у пратэстнай акцыі, яго нельга затрымліваць і тым больш крымінальна пераследваць”, – падкрэсліла Галаўнёва.

“Дагэтуль у Беларусі ўдзельнікаў і ўдзельніц мірных пратэстаў, якія адбыліся чатыры гады таму, пераследуюць і працягваюць запалохваць. Толькі за тое, што яны рэалізавалі сваё права на мірныя сходы, а таксама выказвалі нязгоду з палітыкай дзейных уладаў і з незаконным утрыманнем улады Аляксандрам Лукашэнкам пасля пройгрышу выбараў”, — сказала юрыст.

Паведамляецца, што “Вясна” накіравала скаргу ў Працоўную групу па адвольных затрыманнях ААН у дачыненні да 27-гадовай палітзняволенай, якую прыгаварылі да трох гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у нядзельных акцыях пратэсту ў 2020-м годзе. Яе імя не называецца.

У скарзе звяртаецца ўвага, што жанчыну пасля затрымання па арт. 342 КК прымусілі запісаць “пакаяннае відэа”, што, на думку праваабаронцаў, з’яўляецца “парушэннем прэзумпцыі невінаватасці, права на гуманнае абыходжанне і свабоду ад катаванняў”.

“Міліцыя масава прымушае затрыманых па палітычных матывах прызнаць сваю віну і прынесці прабачэнні на відэа, якія потым публікуюцца ў праўладных медыях і сацсетках. Гэта ўстояная практыка, якую падтрымліваюць улады Беларусі. Гэта дыскрэдытуе спробы ўладаў прадставіць утрыманне пад вартай палітвязня, як тое, што знаходзіцца ў межах прававога поля”, — заявіла Галаўнёва.

Акрамя таго, у скарзе пазначана, што ўтрыманне палітвязня ў металічнай клетцы ў зале суда таксама з’яўляецца парушэннем прэзумпцыі невінаватасці.

На 15 ліпеня ў Беларусі 1.392 чалавекі, якіх праваабарончая супольнасць прызнае палітзняволенымі.

Падзяліцца: