Мінск 19:46

Лукашэнка прызначыў сваіх упаўнаважаных у абласцях і Мінску

19 ліпеня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка прызначыў сваіх упаўнаважаных прадстаўнікоў у абласцях і Мінску, паведамляе яго прэс-служба.

У Брэсцкай вобласці прызначаныя: Наталля Пяткевіч, першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі; Міхаіл Русы, старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве;

у Віцебскай вобласці: Ігар Сяргеенка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (былы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі); Анатоль Ліневіч, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання;

у Гомельскай вобласці: Юрый Назараў, кіраўнік справамі Лукашэнкі; Анатоль Сівак, намеснік прэм’ер-міністра;

у Гродзенскай вобласці: Аляксандр Вальфовіч, дзяржаўны сакратар Савета бяспекі; Васіль Герасімаў, старшыня Камітэта дзяржкантролю;

у Мінскай вобласці: Аляксандр Косінец, намеснік старшыні Усебеларускага народнага сходу; Пётр Пархомчык, намеснік прэм’ер-міністра;

у Магілёўскай вобласці: Дзмітрый Круты, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі; Леанід Заяц, старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні;

у Мінску: Наталля Качанава, старшыня Савета Рэспублікі; Іван Кубракоў, міністр унутраных спраў.

Паводле зацверджанага Лукашэнкам у 2017 годзе палажэння аб упаўнаважаных прадстаўніках, яны выконваюць гэтыя абавязкі “нараўне са службовымі абавязкамі па асноўным месцы працы (службы)”.

Сярод задач упаўнаважаных — аналіз і прагназаванне грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі і ацэнка наяўных праблем.

Упаўнаважаны ўдзельнічае ва ўзгадненні кандыдатур для прызначэння на пасады і вызвалення ад пасад кіруючых работнікаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў; узаемадзейнічае з памочнікам Лукашэнкі — інспектарам па адпаведнай вобласці або Мінску.

Ён мае права даваць дзяржорганам і арганізацыям абавязковыя для выканання ўказанні і кантраляваць іх рэалізацыю; бесперашкодна наведваць тэрыторыі, будынкі, памяшканні і іншыя аб’екты дзяржорганаў, іншых арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў у мэтах рэалізацыі ўскладзеных на яго функцый.

Арганізацыйна-тэхнічнае забеспячэнне дзейнасці ўпаўнаважанага прадстаўніка ўскладаецца на дзяржорган (арганізацыю), які з’яўляецца асноўным месцам яго работы (службы).

Падзяліцца: