Мінск 05:17

Libereco пачала кансультаваць беларускіх палітуцекачоў у Германіі

Ілюстрацыйнае фота: pixapay.com

22 ліпеня, Позірк. “Пазасудовую юрыдычную дапамогу” прапанавала ў Германіі беларусам, якія пераследуюцца па палітычных матывах, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco.

“Гэта забяспечыць важную доўгатэрміновую падтрымку ахвяр рэпрэсій і пераследу з боку дзяржавы”, — падкрэслівае арганізацыя.

Дапамога надаецца ў рамках новай праграмы Legal Help. Заяўлена, што кансультацыі маюць на мэту садзейнічаць атрыманню бяспечнага і сталага месца жыхарства ў Германіі. “На аснове глыбокай экспертызы актуальнай прававой сітуацыі ў Германіі і Беларусі, глыбокага ведання краін і кантактаў на месцах Legal Help можа даць дакладную і праўдзівую інфармацыю пры суправаджэнні кейсаў для садзейнічання прыняццю адпаведных рашэнняў. Каманда выступае пасярэднікам і ў прамым сэнсе перакладчыкам паміж уладамі, асобамі, якія прымаюць палітычныя рашэнні, юрыстамі і ўцекачамі”, — падкрэслівае Libereco.

Пакуль каманда кансультантаў складаецца з трох чалавек. Запыты можна адпраўляць на адрас электроннай пошты, указаны на сайце арганізацыі.

Адзначаецца, што да гэтага падобную юрыдычную дапамогу надавала аб’яднанне беларусаў Германіі Razam, аднак па просьбе “ўсіх удзельнікаў” і па дамоўленасці з Razam гэтым будзе займацца Libereco.

Праект фінансуецца іншымі фондамі, у тым ліку са сродкаў, што выдзяляюцца ААН уцекачам, аднак “Libereco па-ранейшаму залежыць ад ахвяраванняў, якія дазволяць надаваць экстраную дапамогу тым, хто зведвае пераслед, і іх сваякам, а таксама аплачваць паслугі спецыялістаў-юрыстаў”.

Германія для беларускіх уцекачоў — адна з краін са складанай працэдурай атрымання абароны.

Гл. таксама:

“Пастка для беларуса”. ЛГБТ-актывісту не даюць абарону ў Германіі

Падзяліцца: