Мінск 04:34

Беларусі прапанавана стварыць мультыбрэндавы цэнтр тэхнікі ў Амурскай вобласці РФ

Цэнтр Амурскай вобласці — Благавешчанск. На другім беразе ракі Амур кітайскі горад Хэйхэ
Архіўнае фота: n2ru.info

23 ліпеня, Позірк. У Амурскай вобласці запатрабаваная беларуская сельскагаспадарчая і прамысловая тэхніка, заявіў губернатар гэтага суб’екта РФ Васіль Арлоў на перагаворах з Аляксандрам Лукашэнкам 23 ліпеня ў Мінску.

“У нас у сельскай гаспадарцы 40% трактароў беларускай вытворчасці і 25% камбайнаў таксама, — цытуе расійскага госця прэс-служба гаспадара сустрэчы. — Лічым мэтазгодным прапанаваць нашым беларускім сябрам стварыць мультыбрэндавы цэнтр такой тэхнікі на тэрыторыі Амурскай вобласці. Ён мог бы ахапіць і суседнія рэгіёны”.

Арлоў, як сцвярджаецца, выказаў зацікаўленасць у супрацы па лініі аграпрамысловага комплексу, глыбокай перапрацоўкі прадукцыі, здабываючай прамысловасці, дрэваапрацоўцы.

“Мы адкрытыя таксама для сумесных прадпрыемстваў. Гатовыя ўсе неабходныя захады падтрымкі з боку рэгіёну зрабіць, — адзначыў чыноўнік. — У нас таксама дзейнічае ў рамках расійскага заканадаўства тэрыторыя апераджальнага развіцця, дзе прадугледжаныя льготы для інвестараў. І на фінальнай стадыі ва ўрадзе РФ знаходзіцца дакумент аб стварэнні міжнародных тэрыторый апераджальнага развіцця”.

Паводле слоў Арлова, у Амурскай вобласці “назапашаны каласальны досвед” работы з Кітаем: “Некалькі транспартна-лагістычных маршрутаў выбудавана. У прыватнасці, мы прасоўваем праект “Амурскі калідор”. Запрашаем таксама беларускіх партнёраў, інвестараў”.

Ён таксама запрасіў беларускіх інвестараў далучыцца да будаўніцтва індустрыяльнага парка, рэалізацыяй гэтага праекта займаюцца кампаніі “Газпрам” і СІБУР.

Падзяліцца: