Мінск 07:30

Казахстанскі авіяперавозчык арганізуе прамыя рэйсы з Алматы ў Мінск

Алматы
Крыніца: 34travel.me

25 ліпеня, Позірк. У “найбліжэйшыя месяцы” паміж Мінскам і Алматы могуць быць наладжаныя прамыя авіязносіны, паведамляе тэлеканал “Беларусь 1”.

Адзначаецца, што ажыццяўляць рэйс мае намер казахстанская авіякампанія.

Асноўны авіяпаток у Беларусі наладжаны з РФ, цяпер Мінск звязваюць паветраныя зносіны з 18 расійскімі гарадамі.

Усяго нацыянальны перавозчык “Белавія” ажыццяўляе палёты ў 22 аэрапорты дзесяці краін. У Беларусь лётаюць самалёты дзевяці замежных авіякампаній, якія належаць Расіі, Узбекістану, Кітаю, ААЭ.

Авіякампаніі “Белавія” забаронена лётаць у краіны Еўрасаюза пасля інцыдэнту 23 траўня 2021 года, калі ў выніку дзеянняў беларускіх уладаў у мінскім аэрапорце здзейсніў вымушаную пасадку самалёт ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільнюс. На борце былі на той момант апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч і яго сяброўка, расіянка Сафія Сапега. Яны былі затрыманыя, асуджаныя, але пасля памілаваныя.

2 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, ЗША ўвялі ў дачыненні да “Белавія” абмежаванні, якія тычацца экспарту прадукцыі авіяцыйнай сферы і ліцэнзавання пэўных самалётаў і запчастак. 7 снежня 2023 года яны былі падоўжаныя яшчэ на 180 дзён.

9 жніўня 2023 года “Белавія” трапіла ў санкцыйны спіс ЗША.

3 лістапада 2023 года генеральны дырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец прызнаў, што планы па мадэрнізацыі флоту самалётаў авіякампаніі “Белавія” былі парушаныя праз увядзенне заходніх санкцый.

Падзяліцца: