Мінск 01:15

Намеснік камандзіра ПКК Кабанчук заявіў аб прыпыненні кантракту з ВСУ

Вадзім Кабанчук Архіўнае фота: "Позірк"

26 ліпеня, Позірк. Аб прыпыненні дзеяння кантракта з Узброенымі сіламі Украіны паведаміў намеснік камандзіра беларускага палка Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук у эфіры “Еўрарадыё” 26 ліпеня.

“Я пазаўчора перапыніў кантракт з ВСУ”, — сказаў ён і дадаў, што працягвае знаходзіцца ў складзе фарміравання.

Прычыны рашэння замкамандзіра не патлумачыў.

Паводле слоў Кабанчука, “на мінулым палкавым зборы было прынята рашэнне, што полк Каліноўскага — гэта сістэма беларусаў, якая ўключае ў сябе людзей, якія ў дадзены момант праходзяць ваенную службу ў шэрагах ВСУ”, забяспечваюць баявы працэс, а таксама тых, хто прайшоў воінскую службу і знаходзяцца ў палкавым рэзерве.

“У нас ёсць падзел на баявое падраздзяленне, якое выконвае зараз баявую задачу ва Украіне, і ёсць кадравы рэзерв, актыўны рэзерв. У нас там, мусіць, сотні хлопцаў і дзяўчын, якія мінулі праз полк [і] знаходзяцца ў розных краінах Еўропы. І ёсць яшчэ іншыя дапаможныя падраздзяленні, якія ніколі не былі на кантракце, але якія з’яўляюцца часткай палка Каліноўскага”, — адзначыў ён.

7 ліпеня стала вядома аб прызначэнні выконваючым абавязкі камандзіра палка Паўла “Дзядзькі” Шурмея. Раней палком камандаваў Дзяніс “Кіт” Прохараў.

22 ліпеня ў тэлеграм-канале ПКК з’явілася заява аб тым, што полк “губляе традыцыйныя элементы самакіравання, якія мелі месца быць з самага пачатку яго стварэння”, новыя ўмовы “пазбавілі магчымасці паўнавартаснага набору рэкрутаў”. Таксама было заяўлена аб нязгодзе з тым, каб лічыць Шурмея выконваючым абавязкі камандзіра.

З матэрыялу “Нашай Нівы” вынікае, што ў палку няма згоды наконт таго, што адбываецца з вайсковым фармаваннем.

У інтэрв’ю на ютуб-канале Галоўнага ўпраўлення разведкі Украіны Шурмей заявіў, што рэформы ў палку, якія пачаліся некалькі месяцаў таму, накіраваныя на тое, каб палепшыць баяздольнасць і павялічыць фінансавую празрыстасць.

23 чэрвеня стала вядома, што Прохараў стварае грамадскі рух “Каліноўцы”.

Днём пазней у Кіеве прайшоў брыфінг яго заснавальнікаў. Кабанчук на ім заявіў, што новы рух рух ствараецца не ў адказ на канфлікт у палку, “ды і ў прынцыпе канфлікту як такога няма”.

Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны (ВСУ), а 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк.

У Беларусі па факце стварэння ПКК узбуджана крымінальная справа, ён прызнаны “экстрэмісцкім фарміраваннем”, любая дапамога структуры або намер яе аказання, жаданне ўступіць у полк жорстка пераследуецца ўладамі.

Падзяліцца: