Мінск 13:04

Офіс Ціханоўскай не ўдзельнічаў у перамовах пра абмен зняволенымі паміж Расіяй, ЗША і Германіяй

Калонія ў Наваполацку — адна са шматлікіх, дзе ўтрымліваюцца беларускія палітвязні
Ілюстрацыйнае фота: VK.com

1 жніўня, Позірк“Мы не ўдзельнічалі ў гэтых перамовах і маем абмежаваную інфармацыю”, — так пракаментаваў Офіс Святланы Ціханоўскай інфармацыю пра абмен зняволенымі паміж Расіяй, ЗША і Германіяй.

“На жаль, у нас няма сведчанняў, што гэты абмен можа ці мог бы прывесці да вызвалення беларускіх палітвязняў. Відавочна, што гэта былі перамовы з Масквой і Мiнск у іх не ўдзельнічаў”, — гаворыцца ў заяве офіса.

У Ціханоўскай “вітаюць факт вызвалення палітвязняў з расійскіх турмаў”. “Сам факт такога абмену вязнямі, калі закончыцца паспяхова, можа быць важным прэцэдэнтам, які дапаможа і ў вызваленні беларусаў”, — лічыць офіс. Аднак абмен дзеля вызвалення прадугледжвае, што “ёсць на каго ці што абменьваць” і “гэта адрознівае беларускую сітуацыю ад расійскай”. 

“Мы карыстаемся кожнай магчымасцю, кожным інструментам, каб выцягнуць нашых людзей з турмаў. Мы ставім гэтае пытанне рэгулярна перад заходнімі партнёрамі. У нас адбываюцца кансультацыі у самых розных фарматах, натуральна, непублічна. І мы ведаем, што робяцца самыя розныя намаганні па вызваленні беларусаў. На жаль, праблема не з боку заходніх партнёраў, а з боку рэжыму, які не зацікаўлены ў вызваленні людзей і адкрыта гэта дэманструе”, — падкрэслівае офіс Ціханоўскай.

Абмен зняволенымі паміж Расіяй, ЗША і Германіяй пачаўся 1 жніўня. Паводле звестак замежных СМІ, агулам будзе вызвалена 26 чалавек: частка людзей — з расійскіх калоній, частка — з турмаў ЗША і Еўропы, а таксама грамадзянін Германіі Рыка Крыгер, які быў асуджаны ў Беларусі на смяротнае пакаранне, але хутка памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.

Падзяліцца: