Мінск 17:41

У Беларусь прывезлі чарговую групу дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый

7 жніўня, Позірк. Група з 43 дзяцей ва ўзросце ад 8 да 15 гадоў і пяці суправаджаючых дарослых з так званай “днр” прыбыла 7 жніўня ў Беларусь “на аздараўленне”, паведамляюць дзяржСМІ.

Дзеці “сталі ўдзельнікамі праграмы па аздараўленні і рэабілітацыі дзяцей Данбаса” ў Беларусі, якую рэалізуе фонд Аляксея Талая. Паведамляецца, што яны правядуць 18 дзён у дзіцячым аздараўленчым лагеры ў Віцебскай вобласці.

У Беларусь прыбылі дзеці, якія знаходзяцца на кантролі ў “дарадцы кіраўніка “ДНР” па правах дзіцяці”.

17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. Беларускія дэмсілы дамагаюцца таго ж у адносінах да Лукашэнкі, чый рэжым таксама мае дачыненне да гэтага.

Паводле розных ацэнак, з пачатку вайны ў Беларусь было вывезена не менш за 2,5 тыс. дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны. Датычнымі да гэтай дзейнасці называюцца Талай і яго фонд, ААТ “Беларуськалій”, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Беларускі Чырвоны Крыж і інш. Ёсць пэўныя сведчанні, што ў Беларусі займаюцца “перавыхаваннем” прывезеных дзяцей у духу любові да РФ.

41-гадовы Талай і яго фонд, непасрэдны арганізатар вывазу ўкраінскіх дзяцей, былі ўключаны ў 13-ты пакет санкцый ЕС супраць РФ, ухвалены 23 лютага 2024 года. Ён таксама быў унесены ў санкцыйны спіс ЗША, прыняты напярэдадні другой гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны РФ ва Украіне.

Беларусь “катэгарычна абвяргае галаслоўныя абвінавачанні” ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, заявіў прадстаўнік краіны падчас інтэрактыўнага дыялогу з вярхоўным камісарам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па правах чалавека Фолькерам Цюркам у рамках 56-й сесіі Савета ААН па правах чалавека.

30 верасня 2022 года Уладзімір Пуцін падпісаў “дакументы” аб уваходжанні ў склад РФ так званых “данецкай і луганскай народных рэспублік”, а таксама “Запарожскай і Херсонскай абласцей”. За некалькі дзён да гэтага на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях пад кантролем расійскіх вайскоўцаў прайшлі адпаведныя “рэферэндумы”.

У пачатку гэтага года Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі дэ-факта прызнаў сепаратысцкія ўтварэнні “ДНР” і “ЛНР”. 6 студзеня на сайце верхняй палаты беларускага парламента з’явіўся прэс-рэліз, з якога вынікала, што член СР НС Дзмітрый Баскаў “узяў удзел у акцыі фонду [паралімпійца] Аляксея Талая па арганізацыі знаходжання школьнікаў з Данецкай і Луганскай рэспублік у Мінску ў перыяд зімовых школьных канікулаў ”.

Разам з тым дэ-юрэ беларускія ўлады не прызналі незалежнасць “днр” і “лнр”, роўна як іх “далучэнне” да Расіі пасля “рэферэндумаў”, пры гэтым афіцыйны Мінск ухваляе агрэсію РФ супраць Украіны і ўскосна ўдзельнічае ў ёй.

Падзяліцца: