Мінск 15:52

Грамадзянам Беларусі рэкамендавана не наведваць Ізраіль без неабходнасці

Ілюстрацыйнае фота: Levi Meir Clancy / unsplash.com

8 жніўня, Позірк. Грамадзянам Беларусі рэкамендавана не наведваць Ізраіль без неабходнасці, прымаць рашэнне пра паездку ў гэтую краіну, “зыходзячы з развіцця цяперашняй абстаноўкі ў рэгіёне”.

8 жніўня Міністэрства замежных спраў выдала гэтую рэкамендацыю ў сувязі “з абвастрэннем сітуацыі на Блізкім Усходзе”.

Беларускім грамадзянам, якія жывуць або знаходзяцца цяпер у Ізраілі, прадпісана “прытрымлівацца рэкамендацый ізраільскіх уладаў, а таксама выконваць правілы асабістай бяспекі”.

Заява зроблена на фоне пагроз Ірана на адрас Ізраіля адпомсціць за забойства аднаго з лідараў палестынскай тэрарыстычнай групоўкі ХАМАС Ісмаіла Ханіі. Ён удзельнічаў у цырымоніі інаўгурацыі прэзідэнта Ірана 30 ліпеня, быў ліквідаваны ў ноч пасля яе. Тэгеран усклаў адказнасць за здарэнне на Тэль-Авіў, які знаходзіцца ў стане вайны з ХАМАС з 7 кастрычніка 2023 года.

Пасля забойства Ханіі ўстрымацца ад наведвання Ізраіля сваім грамадзянам рэкамендавалі Аўстралія, Вялікабрытанія, Казахстан, Малдова, ЗША, Расія, Украіна, Швейцарыя, Японія, шэраг краін Еўрасаюза ды інш.

Акрамя таго, многія дзяржавы рэкамендуюць сваім грамадзянам устрымлівацца ад наведвання Лівана. Гэта звязана з тым, што іранскі ўдар можа быць ажыццёўлены з тэрыторыі гэтай краіны — баевікамі блізкай да Тэгерана шыіцкай групоўкі “Хезбала”, што немінуча пацягне за сабой удар у адказ з боку Ізраіля.

Некаторыя краіны таксама рэкамендуюць устрымлівацца ад наведвання Ірана. МЗС Беларусі якіх-небудзь указанняў наконт паездак у Іран не даваў, ад візітаў у Ліван беларускім грамадзянам было рэкамендавана ўстрымацца 31 ліпеня.

7 жніўня ў Тэгеране камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі Андрэй Лук’яновіч правёў перамовы з камандзірам ВПС Ірана Хамідам Вахедзі, а таксама з галоўнакамандуючым іранскай арміяй Сяедам Абдул-Рахімам Мусаві.

Падзяліцца: