Мінск 15:51

Стрыжак: Эвакуацыя становіцца ўсё больш важнай часткай нашай працы

Андрей Стрижак

Фонд салідарнасці BYSOL стаў адным з першых, хто прыйшоў на дапамогу рэпрэсаваным беларусам, якія пратэставалі супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Дагэтуль ці не кожны тыдзень з’яўляецца інфармацыя аб чарговай эвакуацыі з краіны з дапамогай фонду. У нядаўнім марафоне салідарнасці з палітвязнямі і іх сем’ямі BYSOL узяў актыўны ўдзел.

Пра тры гады працы “Позірк” пагаварыў з сузаснавальнікам фонду салідарнасці Андрэем Стрыжаком.

“У нейкі момант мы былі вінныя амаль 250 тыс. еўра”

— Як у параўнанні з 2020 годам змяніліся праца фонду і памер ахвяраванняў?

— У 2020 годзе BYSOL разам з ініцыятывай ByHelp сабралі і раздалі каля 8 млн еўра. У 2021-м і 2022-м сярэднегадавы аб’ём данатаў, сабраных BYSOL, знаходзіўся ў межах 1-1,5 млн еўра. Гэта прыватныя ахвяраванні, якія найчасцей ідуць канкрэтным людзям. У тыдзень мы атрымліваем ад 7 да 10 заявак на адрасную дапамогу, г. зн. прыкладна па адной у дзень. Агульная колькасць такіх заявак ужо перавысіла 900. Мы пачалі прымаць іх 1 красавіка 2021 года. Вядома, ухваляюцца не ўсё. Агулам мы размясцілі каля 800 аб’яў аб зборы сродкаў, і не было ніводнай з нулявым вынікам. Спачатку людзі адгукаліся не так актыўна — патрэбен быў час прызвычаіцца да такога фармату, пагатоў далёка не ўсе нашы зборы публічныя. Псіхалагічна было складана данаціць, калі не ведаеш імя чалавека. Але наступныя два гады паказалі, што любая публікацыя пра чалавека, які ў Беларусі атрымлівае дапамогу, пагражае яму дадатковым турэмным тэрмінам. І ахвяравальнікі ўвайшлі ў становішча. На шчасце, стабільнасць і якасць нашай працы не выклікае пытанняў, у людзей няма сумневаў у сапраўднасці кейсаў. Асабліва калі гаворка ідзе пра зборы для былых байцоў нашых добраахвотніцкіх злучэнняў ва Украіне. Іх увогуле ніяк нельга “свяціць”, таму што да сваякоў амаль адразу прыходзяць і пачынаюцца праблемы.

— Як змяняліся прыярытэты фонду?

— Першапачаткова BYSOL планаваў працу на дзве мэтавыя аўдыторыі. Першая — стыхійна арганізуюцца страйкамы на прадпрыемствах, таму што была вельмі вялікая надзея і мы разумелі стратэгічную важнасць падтрымкі працоўных, каб яны страйкавалі і быў шанец на перамены. Другі напрамак — падтрымка звольненых з палітычных матываў. Асноўныя сабраныя сумы якраз і былі выдаткаваныя на гэтыя мэты. 1,5 тыс. еўра, якія мы выплочвалі з разліку на тры месяцы, давалі людзям магчымасць пратрымацца. У студзені 2021 года мы зразумелі, што сітуацыя кардынальна змяняецца і сумы, якімі мы аперуем, нашмат менш за неабходныя. Было прынята вельмі няпростае рашэнне спыніць прыём заявак ад звольненых. У той момант мы былі вінныя амаль чвэрць мільёна еўра. За 2021 год поўнасцю разлічыліся з даўгамі, выдалі грошы ўсім, хто стаяў у чарзе. Пасля гэтага пачалі рэалізацыю праграмы перанавучання былых палітвязняў. У асноўным гэта ІТ-спецыяльнасці. Каб чалавек, які пераехаў у Польшчу, не станавіўся на касу ў “Бедронцы” (сетка дыскаўнтэраў. — BPN.), мы знайшлі магчымасць арганізаваць курсы менеджменту сацсетак і SEO-аптымізацыі сайтаў, плюс курс англійскай мовы. Агулам 70 чалавек з ліку былых палітвязняў вучацца зараз на гэтых курсах. Плануем навучыць мінімум 200 чалавек.

“За кошт ланцужка салідарнасці ўдаецца падтрымліваць нармальны рытм збораў”

— У 2020 годзе беларусы дапамагалі адзін аднаму, таму што былі ўпэўненыя: вось-вось перамога. Праз тры гады, нягледзячы на ўсё, зборы працягваюцца. Салідарнасць усё гэтак жа моцная?

— У плане атрымання сродкаў у нас зараз цалкам “адсечаныя” любыя беларускія плацежныя механізмы. Мы ўсюды падкрэсліваем, каб людзі нідзе і ніколі не выкарыстоўвалі іх. Гэта не ілюзорная небяспека. За данаты каля 20 чалавек асуджана альбо знаходзяцца ў чаканні суда ці пад следствам.

З іншага боку, многія з тых, хто з’язджаў у 2020-м ці 2021 годзе, усталі на ногі, паўнавартасна могуць забяспечваць свае сем’і і, улічваючы, што таксама атрымлівалі дапамогу, адчуваюць своеасаблівы маральны абавязак падтрымаць іншых. Я яшчэ ў 2021 годзе быў упэўнены, што так і будзе. Бачу знаёмыя прозвішчы ў плацежных даручэннях, дзе людзі дапамагаюць такім жа, як яны. За кошт такога ланцужка салідарнасці ўдаецца падтрымліваць нармальны рытм збораў. Гэта самае важнае — стварэнне культуры данату.

Увогуле па дапамогу ў фонды звярнуліся дзясяткі тысяч людзей. Не скажу, што гэта супершмат і ахоплівае ўсіх пацярпелых. Але калі ўзяць лічбы праваабаронцаў, якія гавораць прыкладна пра 50 тыс. рэпрэсаваных (штрафы, адміністрацыйныя і крымінальныя справы — і гэта толькі тыя, пра якія мы ведаем), можна смела казаць, што недзе каля паловы гэтых людзей так ці інакш былі падтрыманы нашымі структурамі. Адзін толькі ByHelp заяўляе аб 18 тыс. кейсаў. Мы не адстаем. Наша дапамога крыху шырэйшая.

“З пачатку зімы 2021 года эвакуявана больш за тысячу чалавек”

— Паўгода таму ты казаў, што дапамога палітвязням застаецца прыярытэтам. Вайна ва Украіне працягваецца, ці памянялася нешта?

— Калі пачалася поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны, мы арганізавалі гарачую лінію, якая дапамагала выязджаць украінцам з тэрыторыі баявых дзеянняў, а таксама беларусам і расіянам, якія не хацелі ўдзельнічаць у вайне на баку саюза агрэсараў. У 2022 годзе мы правялі каля 20 тыс. кансультацый. І гэта былі не парады ў стылі “патэлефануйце туды і спытайце пра гэта”. Была праведзена даследчая праца, па яе выніках выпусцілі цэлы мануал і гайды па адаптацыі ў новых краінах: Польшчы, Грузіі, Турцыі ды іншых.

Вялікая вайна дала вялікі аб’ём працы, але праз год мы бачым, што ідзе вяртанне да беларускага профілю працы. Не зніжаецца колькасць заявак, асабліва калі размова ідзе аб эвакуацыі. Пасля атакі на расійскі самалёт у Мачулішчах працы не стала менш ні на адзін працэнт.

Размова ідзе больш як аб тысячы чалавек з моманту пачатку нашай работы па эвакуацыі зімой 2021 года. Калі раней за гэта адказваў адзін супрацоўнік, то зараз гэтым напрамкам займаецца цэлая група людзей з рознай кампетэнцыяй і суперскіламі (супернавыкамі. — “Позірк”.). Эвакуацыя становіцца ўсё больш важнай часткай нашай працы.

Апроч гэтага, мы працягваем падтрымліваць палітвязняў. Пачынаючы з летняй акцыі (ліпеньскі марафон падтрымкі палітвязняў, які сабраў больш за 570 тыс. еўра. — “Позірк”.), да нас далучылася асацыяцыя беларусаў Амерыкі. Гэта буйная і актыўная дыяспара, якая бачыць, што мы тройчы на год робім дабрачынныя зборы для дзяцей палітвязняў да летніх вакацый, пачатку новага навучальнага года і каляд. Цяпер мы будзем дзейнічаць шырэйшай кааліцыяй з большымі магчымасцямі.

— Якія перспектывы бачыш?

— Адчуваю асцярожны аптымізм, што да каляд мы павялічым суму выплат сем’ям палітвязняў. Так што, у прынцыпе, працы шмат, але няма ўражання, што ў нас стала менш магчымасцей. Нават наадварот — дзякуючы выкарыстанню розных рэсурсаў, у тым ліку марафону, які хоць і кропкава, але ўзмацніў магчымасці нашых арганізацый. Агулам усё ідзе дастаткова нядрэнна. Калі ўвогуле можна сказаць, што нешта ідзе нядрэнна ў Беларусі.

Падзяліцца: