be
Arrow
Мінск 13:43

Памёр мастак-палітвязень Алесь Пушкін (дапоўнена)

11 ліпеня, BPN. Ва ўзросце 57 гадоў памёр вядомы мастак-палітвязень Алесь Пушкін.

Гэта адбылося ў ноч на 11 ліпеня ў рэанімацыі “пры нявысветленых абставінах”, паведаміла жонка мастака Яніна Дзёмух у “Фэйсбуку”.

Алесь Пушкін браў актыўны ўдзел у руху нацыянальнага адраджэння, рэстаўраваў гістарычныя будынкі і распісваў цэрквы, шматкроць затрымліваўся па палітычных матывах.

У ліпені 1999 года, на пяцігоддзе праўлення Аляксандра Лукашэнкі, мастак правёў перфоманс каля Адміністрацыі прэзідэнта, куды прывёз тачку, поўную гною, перакуліў яе на маставую, паклаў зверху партрэт Лукашэнкі і праткнуў яго віламі.

30 сакавіка 2021 года Пушкіна затрымалі пасля вяртання з Кіева. Гэтаму папярэднічала ўзбуджэнне пракуратурай Гродна крымінальнай справы па арт. 130 КК (распальванне варожасці) — за “здзяйсненне наўмысных дзеянняў, накіраваных на рэабілітацыю і апраўданне нацызму”. Мастака таксама абвінавацілі па арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў).

Падставай для крымінальнай справы стаў партрэт дзеяча антысавецкага руху Яўгена Жыхара аўтарства Пушкіна, які экспанаваўся на выставе ў Гродне. У пракуратуры заявілі, што мастак характарызаваў Жыхара як “чалавека з беларускага супраціву, змагара з бальшавікамі, чым услаўляў і ўхваляў яго дзеянні”.

30 сакавіка 2022 года Мінскі гарадскі суд (суддзя Алена Шылько) прыгаварыў Пушкіна да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Працэс быў закрытым.

На адным з пасяджэнняў палітвязень парэзаў сабе жывот на знак пратэсту супраць таго, што адбываецца ў судзе, за гэта яго змясцілі ў карцар.

У лістападзе 2022 года яму ўзмацнілі жорсткасць рэжыму і перавялі з івацэвіцкай калоніі “Ваўчыныя норы” ў турму №1 у Гродне.

Пушкін не першы палітвязень, які памёр у турме пры нявысветленых абставінах. Сёлета 7 траўня сваякам паведамілі пра смерць 61-гадовага палітвязня, інваліда 2-й групы Мікалая Клімовіча ў папраўчай калоніі № 3 (Віцьба, Віцебская вобласць).

28 лютага 2023 года суд Пінскага раёна і Пінска (Брэсцкая вобласць) прыгаварыў Клімовіча да аднаго года пазбаўлення волі па арт. 368 КК – за “абразу” Аляксандра Лукашэнкі.

21 траўня 2021 года ў шклоўскай калоніі пры невядомых абставінах раптоўна памёр 50-гадовы актывіст з Лідскага раёна (Гродзенская вобласць) Вітольд Ашурак, асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі.

З 28 красавіка дакладна невядомае месцазнаходжанне і стан здароўя Віктара Бабарыкі.

Пяць месяцаў няма навін ад палітвязня Мікалая Статкевіча.

Падзяліцца: