Мінск 03:33

Швед сцвярджае, што вакол Рады БНР утвараецца цэнтр “антыдзяржаўнай і падрыўной дзейнасці” супраць Беларусі

5 кастрычніка, Позірк. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) “прэтэндуе на ўтварэнне паралельных дзяржаўных інстытутаў і атрыбутаў”, “узурпацыю дзяржаўнай улады на падставе “гістарычнасці” аднаўлення правоў на ўладу”, заявіў генеральны пракурор Андрэй Швед 5 кастрычніка на сустрэчы з супрацоўнікамі Дзяржаўнага мытнага камітэта.

“Рада БНР ажыццяўляе не толькі рэабілітацыю нацызму і калабарацыянізму, але і актыўна прапагандуе экстрэмісцкую і тэрарыстычную дзейнасць, папулярызуе асоб, асуджаных за такія дзеянні ў сучасны перыяд”, — цытуе чыноўніка прэс-служба ведамства, якое ён узначальвае.

Ён сцвярджае, што вакол Рады БНР “пад кантролем спецслужбаў ЗША і іншых заходніх дзяржаў” паслядоўна ўтвараецца “цэнтр антыдзяржаўнай і падрыўной дзейнасці” супраць Беларусі. “У сваіх апошніх заявах кіраўніцтва фарміравання адкрыта кажа, што мірныя спосабы барацьбы за ўладу імі вычарпаныя”, — заявіў Швед.

2 кастрычніка генпракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да кіраўнікоў і членаў Рады БНР паводле сямі крымінальных артыкулаў: [ч. 1 арт. 357|змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады], [ч. 1 арт. 3611|стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім], [ч. 2 арт. 3614|садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці], [ч. 1 арт. 130|распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы], [ч. 3 арт. 1301|рэабілітацыя нацызму], [ч. 5 арт. 16 і ч. 1 арт. 3613|падбухторванне да ўдзелу грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, а таксама ўдзелу ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавай], [арт. 3691|дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь].

Прэс-служба нагляднага органа заявіла, што “дзейнасць Рады БНР заснаваная на адмаўленні існавання суверэннай беларускай дзяржавы”, арганізацыя пазіцыянуе сябе як “урад у выгнанні”, а яе кіраўніца [87-гадовая Івонка Сурвіла] абвяшчае сябе “прэзідэнтам”.

Ведамства абурылася тым, што Рада БНР “рэанімуе і развівае ўласную ўзнагародную сістэму, заснаваную заснавальнікамі-калабарацыяністамі ў саракавыя-пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя”, што з’яўляецца “цынічнай абразай памяці ахвяр генацыду беларускага народа і злачынным саўдзелам у рэабілітацыі нацызму”.

Падзяліцца: