Мінск 21:20

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 11 чалавек

Фота мае ілюстрацыйны характар
Крыніца: unsplash.com / Ye Jinghan

8 снежня, Позірк. Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 11 чалавек, вынікае з сумеснай заявы на сайце цэнтра “Вясна”.

Адпаведны статус нададзены асуджаным паводле арт. 368 КК (абраза прэзідэнта) Уладзіміру Раманоўскаму (2 гады пазбаўлення волі), Дзмітрыю Пашыну (2 гады), Вадзіму Гусеву (1 год і 3 месяцы), Валерыю Тацыну (1 год), Ігару Неміровічу (1 год).

Палітвязнямі таксама прызнаныя пазбаўленыя волі Аляксандр Кандрацьеў (1 год паводле арт. 370 КК — “знявага дзяржсімвалаў”), Аляксандр Смірноў (1,5 года паводле арт. 370 і 339 — “хуліганства”), Алег Кекух (3 гады паводле арт. 369 — “абраза прадстаўніка ўлады”; абмежаванне волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу — ПУАТ — заменена на зняволенне), Кацярына Джыг (арт. 368, 367 — “паклёп у дачыненні да прэзідэнта”, 361 — “заклікі да санкцый, іншых дзеянняў, cкіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі”; тэрмін невядомы).

Такі ж статус атрымалі Яўген Шулюк (2,5 года абмежавання волі ў ПУАТ паводле арт. 367) і Наталля Маркушэнка (пад вартай на падставе арт. 130 — “распальванне <…> варожасці ці варажнечы”).

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць іх і іншых палітвязняў, спыніць рэпрэсіі, дэкрыміналізаваць дыфамацыйныя артыкулы.

Апрача “Вясны” заяву падпісалі Lawtrend, “Прававая ініцыятыва”, Беларускі Хельсінкскі камітэт і Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.

Цяпер у Беларусі 1.484 палітвязня.

Падзяліцца: