Мінск 11:44

Урад разлічвае, што ў 2025 годзе замежнікі здзейсняць не менш як 7,5 млн паездак у Беларусь

Замежныя турысты падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску ў 2019 годзе
Фота: sb.by / Віталь Піваварчык

27 снежня, Позірк. Урад разлічвае на імклівае павелічэнне колькасці паездак замежных грамадзян на працягу бліжэйшых гадоў, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз пастановы Савета міністраў № 903 ад 20 снежня, які ўнёс карэктывы ў дзяржаўную праграму “Беларусь гасцінная” на 2021–2025 гады.

Згодна з дакументам, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 27 снежня, колькасць паездак замежнікаў у Беларусь у 2023 годзе павінна скласці не менш як 5,66 млн, 2024-м — 6,51 млн, 2025-м — 7,49 млн.

Для параўнання: паводле даных Белстата, у 2018 годзе замежнікі здзейснілі 11 млн 501,6 тыс. паездак у Беларусь, 2019-м — 11 млн 832,1 тыс., 2020-м (год пандэміі і пачатку грамадска-палітычнага крызісу) — 3 млн 598,5 тыс., 2021-м — 3 млн 361 тыс., 2022-м (год пачатку вайны РФ супраць Украіны і ўсплёску цікавасці расійскіх турыстаў да Беларусі) — 4 млн 920,5 тыс.

На продажы тавараў і паслуг замежным турыстам афіцыйны Мінск разлічвае зарабіць у 2023 годзе — 517 млн долараў, 2024-м — 587 млн, 2025-м — 656 млн.

З пастановы вынікае, што фінансаванне дзяржпраграмы павялічана на 3 млн 376 тыс. 953,3 рубля (з 488 млн 451 тыс. 843,2 да 491 млн 451 тыс. 843,2 рубля).

Пры гэтым фінансаванне за кошт рэспубліканскага бюджэту скарочана на 1 млн 998 тыс. 596,26 рубля (з 18 млн 662 тыс. 417 да 16 млн 663 тыс. 820,74 рубля), а за кошт мясцовых бюджэтаў — павялічана на 283 тыс. 330,86 (з 5 млн 720 тыс. 257,4 да 6 млн 3 тыс. 588,26), уласных сродкаў выканаўцы — на 5 млн 677,25 тыс. (з 461 млн 520,6 тыс. да 467 млн 197,85) тыс.).

Фінансаванне па лініі міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС зменшана на 629 тыс. 31,3 рубля (з 2 млн 548 тыс. 568,8 да 1 млн 919 тыс. 537,5). З’явілася новая крыніца сродкаў — тэхнічная дапамога Праграмы развіцця ААН у памеры 44 тыс. рублёў.

Падзяліцца: