Мінск 13:04

“Вясна”: Не менш за дзве тысячы чалавек арыштавана ў 2023 годзе па палітычна матываваных адміністрацыйных справах

Ілюстратыўнае фота: "Позірк"

11 студзеня, Позірк. У 2023 годзе з палітычным пераследам у Беларусі сутыкнуліся не менш як 6.386 чалавек, з якіх амаль 4,5 тыс. асудзілі паводле адміністрацыйных справаў, гаворыцца ў апублікаванай 11 студзеня справаздачы аб адміністрацыйным палітычным пераследзе ў мінулым годзе.

Падкрэсліваецца, што лічбы могуць быць большыя “з-за адсутнасці поўных дадзеных аб рэпрэсіях”.

Не менш за 2 тыс. чалавек прайшлі за год праз “арышты і нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў часовых ізалятарах, дзе “палітычным” не выдаюць ні матрацы, ні сродкі гігіены”.

Большасць затрыманняў было зафіксавана ў Мінску і Мінскай вобласці —1.535 чалавек. Наступнымі па колькасці затрыманых ідуць Гомельская і Гродзенская вобласці — 1.345 і 1.023 чалавекі.

Паводле даных “Вясны”, летась у Беларусі адбылося не менш як 4.466 судоў паводле палітычна матываваных адміністрацыйных вытворчасцей.

“Беларускія суды прызначылі не менш за 1.822 штрафы на агульную суму ў 1.524.492 рублі (амаль 466 тыс. долараў). Таксама суддзі прызначылі мінімум 2.005 арыштаў. Усяго ў ізалятарах беларусы адбылі мінімум 22.988 сутак (сумарна амаль 64 гады), — удакладняюць аўтары. — Судамі ў 22 выпадках былі прызначаны грамадскія працы, а таксама з розных прычынаў спыненыя 38 спраў”.

Праваабаронцы звяртаюць увагу, што для арыштаваных па “палітычных” артыкулах “цягам трох з паловай гадоў ствараюцца “спецыяльныя” ўмовы ў камерах часовых ізалятараў”.

“Увесь гэты час людзям не выдаюць сродкаў гігіены, зменнага адзення, пасцельнай бялізны. Іх не выводзяць ні ў душ, ні на свежае паветра. У такіх умовах некаторых арыштаваных могуць утрымліваць па некалькі месяцаў запар, — гаворыцца ў дакуменце. — “Палітычныя” камеры ўвесь час перапоўненыя. Людзі вымушаны спаць на падлозе, пад ложкамі, на лаўцы. У камеры саджаюць бяздомных людзей у якасці дадатковага ціску. Уначы і днём бесперапынна гарыць святло”.

Таксама адзначаецца, што для затрыманых не прымаюць перадачы, а мыла і туалетную паперу “даводзіцца часам выпрошваць у адміністрацыі па некалькі дзён”. Пры гэтым “цёплай вады ў камерах звычайна няма, а тую, што ідзе з крана, вельмі не рэкамендуецца піць”.

Паводле інфармацыі “Вясны”, арыштаваным не варта разлічваць на медыцынскую дапамогу, “пры гэтым лекі для іх з волі таксама не прымаюць”.

У ліку самых абсурдных абвінавачванняў “Вясна” называе фота на фоне гор і сцягоў Грузіі і Украіны, якое стала падставай для арышту на 15 сутак і штрафу на 740 рублёў, фота “белага сабачкі ў чырвоным камбінезоне” (арышт на 13 сутак і штраф на 3.700 рублёў), а таксама размяшчэнне ўласнай карціны ў кафэ (13 сутак арышту і 1.480 рублёў штрафу).

Падзяліцца: