Мінск 00:52

Кожнае сёмае злачынства ў 2023 годзе было звязана з махлярствам — МУС (дапоўнена)

Фота: unsplash.com / Towfiqu Barbhuiya

дададзеныя абзацы 4–8

1 лютага, Позірк. Махлярства з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных злачынстваў у свеце, Беларусь тут не выключэнне, заявіў на прэс-канферэнцыі 1 лютага ў Мінску начальнік галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці МУС Андрэй Кавалёў.

Паводле яго слоў, за 2023 год у краіне зарэгістравана больш за 85 тыс. злачынстваў, з якіх амаль 12 тыс. — кожнае сёмае — было звязана з махлярствам.

Ён назваў гэтую катэгорыю супрацьпраўных дзеянняў “вельмі латэнтнай”. Многія грамадзяне, сказаў Кавалёў, нават не звяртаюцца ў міліцыю, паколькі альбо не ведаюць пра здзейсненае супраць іх злачынства, альбо ўпэўненыя, што зламыснікаў ніхто не знойдзе (“былі выкарыстаныя так званыя ананімайзеры, сродкі сувязі, інтэрнэт, розныя мэсэнджары, падмена ІР-адрасоў”), альбо “сума скрадзенага для іх не такая вялікая, каб ісці на нязручныя для сябе рэчы”.

Паводле слоў міліцэйскага начальніка, гэта “складаныя злачынствы”, якія “не раскрываюцца да пэўнай даты”. За 2023 год сілавікі адолелі раскрыць “усяго крыху больш за 16% падобных злачынстваў”. Гэтага ўдалося дамагчыся “дзякуючы ўзаемадзеянню многіх структур, аналізу і аналітыцы”.

Кавалёў заявіў, што 2022 год адзначыўся ў Беларусі такім відам махлярства, як “Ало, мама”. Пацярпела “мноства бацькоў, дзядуляў, бабуль”, якія пералічвалі ашуканцам грошы за змякчэнне адказнасці блізкіх, якія нібыта нажылі праблемы.

“Агульнымі намаганнямі мы перамаглі гэтую тэндэнцыю, фактычна збілі яе, — падкрэсліў спікер. — На пачатку гэтага года такіх відаў злачынстваў было зафіксавана крыху больш за 80”.

2023 год, паводле яго слоў, характарызаваўся махлярствам, звязаным з “купляй-продажам на гандлёвых пляцоўках, у сацыяльных сетках”. “Біч мінулага года — гэта “Інстаграм”. Тут праблема цяжэйшая. Пачалася яна з пандэміі, калі мы перайшлі на бескантактную працу, калі пачалі замаўляць тавары і паслугі праз інтэрнэт. Аднак за выгадай, шмат хто забыўся пра лічбавую гігіену”, — звярнуў ён увагу.

Паводле яго слоў, апошнім часам “вырасла цэлая злачынная спецыялізацыя — так званыя дропы, драпаводы”. “Гэта кур’еры, гэта людзі, якія прадаюць рэквізіты банкаўскіх карт, тэрмінацыю трафіку”, — патлумачыў Кавалёў.

Падзяліцца: