Мінск 14:52

Намеснік пракурора Гродзенскай вобласці параіў выдаліць з сацсетак “экстрэмісцкую” інфармацыю за апошнія пяць гадоў

Падчас сустрэчы
Фота: volkovysknews.by

11 лютага, Позірк. Колькасць узбуджаных крымінальных спраў па “экстрэмізму” зніжаецца, заявіў намеснік пракурора Гродзенскай вобласці Андрэй Скурат 8 лютага на сустрэчы з калектывамі ААТ “Беллакт” і Ваўкавыскага мясакамбіната ў раённым цэнтры.

“Людзі сталі больш удумліва ставіцца да рознай сумнеўнай інфармацыі, аналізаваць сітуацыю ў свеце і ў нашай краіне, запал 2020-га астудзеў. І многія ўсвядомілі, што памыляліся. Тым не менш: у кагосьці ў стужках сацсетак, на старонках асабістых акаўнтаў, магчыма, засталіся карцінкі, рэпосты, лайкі, каментары з суполак ці груп, прызнаных экстрэмісцкімі, падпіскі на іх”, — цытуе Скурата сайт ваўкавыскай дзяржгазеты “Наш час” .

Паводле яго слоў, гэта — правапарушэнне, пакаранне за якое “дастаткова сур’ёзнае: штраф на фізічную асобу да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 сутак з усімі наступствамі”.

“Ніхто не зацікаўлены ў такім павароце падзеяў. Таму раю знайсці час, прагледзець свае акаўнты ў сацсетках, мэсэнджарах за апошнія пяць гадоў і выдаліць усю інфармацыю, якая выклікае сумнеў”, — сказаў Скурат.

У 2024–2025 гадах “праходзяць важныя выбарчыя кампаніі, і дэструктыўныя сілы з-за мяжы не прамінуць скарыстацца гэтымі момантамі, каб дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі”, лічыць пракурор.

“Я б сказаў, што ў 2020 годзе мы атрымалі прышчэпку ад экстрэмізму і нацызму. А зараз пайшоў “імуны адказ”: унесены змены ў заканадаўства, праваахоўнікі ўкараняюць новыя тэхналогіі і метады працы. І зараз мы, я лічу, нашмат лепш падрыхтаваны да розных варыянтаў развіцця сітуацыі”, — сказаў на заканчэнне ён.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” адзначае злоўжыванне Скуратам сваімі службовымі паўнамоцтвамі, бо сам ён з’яўляецца кандыдатам у Гродзенскі аблсавет, а арганізаваныя мясцовымі ўладамі сустрэчы фармальна не адносяцца да агітацыйных мерапрыемстваў.

У гэтым годзе ў Беларусі ўпершыню пройдуць аб’яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу (ПП НС) і мясцовыя саветы дэпутатаў. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага.

Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазіцыі.

З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступных пратэстаў улады пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам актыўна ажыццяўляюць палітычныя рэпрэсіі, выкарыстоўваючы адпаведныя артыкулы крымінальнага і адміністрацыйнага кодэксаў.

У тым ліку гэта датычыцца незалежных СМІ, пераважная большасць якіх пазбаўлена магчымасці працаваць у краіне, іх дзейнасць, а таксама любое супрацоўніцтва з імі крыміналізаваны.

Цягам 2023 года “экстрэмісцкімі фармаваннямі” былі прызнаныя 10 незалежных СМІ. 33 асуджаныя работнікі СМІ ўключаны ў афіцыйны спіс “экстрэмістаў”, 12 — у спіс “тэрарыстаў”.

У Крымінальным кодэксе з’явіліся новыя артыкулы за “экстрэмізм”. У прыватнасці, арт. 2891 прадугледжвае адказнасць за “прапаганду тэрарызму або яго публічнае апраўданне”, арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) дапоўнены адказнасцю за “распаўсюджванне заведама ілжывай інфармацыі, якая дыскрэдытуе Узброеныя сілы Беларусі, іншыя войскі і воінскія фарміраванні.

Падзяліцца: