Мінск 21:27

Сярод пазбаўленых волі з палітычных матываў не менш за 16 чалавек з інваліднасцю — “Вясна”

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

29 жніўня, Позірк. Сярод пазбаўленых волі з палітычных матываў інваліднасць мае не менш за 16 чалавек, псіхасацыяльныя парушэнні — 10, цяжкія захворванні — 91, маюць узрост больш за 60 гадоў (у многіх сур’ёзныя праблемы са здароўем) — 65, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Праваабаронцы падзяліліся гэтай інфармацыяй з Камітэтам ААН па правах людзей з інваліднасцю.

“Асуджаным людзям з інваліднасцю не аказваецца адэкватная медыцынская дапамога, што прывяло да смерці некалькіх палітычна матываваных асуджаных людзей з інваліднасцю ў калоніях за апошнія гады”, — цытуе сайт арганізацыі праваабаронцу Наталлю Сацункевіч.

Паводле яе слоў, людзі з псіхасацыяльнымі парушэннямі змяшчаюцца ў следчыя ізалятары на некалькі месяцаў да рашэння суда, дзе яны “практычна не атрымліваюць лячэння і ўтрымліваюцца ў агульных або ў адзіночных камерах”.

Да людзей з інваліднасцю прымяняюцца катаванні і бесчалавечнае абыходжанне, адзначыла Сацункевіч.

Яна прывяла прыклад 63-гадовай палітвязні Галіны Дзербыш, у якой анкалагічнае захворванне. Жанчыну ўтрымлівалі ў адзіночнай камеры, не давалі неабходныя лекі, зараз яна знаходзіцца ва ўмовах інфармацыйнай блакады.

Дырэктар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі паведаміў, што грамадзянская супольнасць выпрацавала рэкамендацыі для беларускіх уладаў з мэтай выканання Канвенцыі па правах людзей з інваліднасцю. Сярод іншага рэкамендуецца неадкладна вызваліць усіх палітвязняў з інваліднасцю і парушэннямі здароўя, якія могуць разглядацца як неацэнены фактар інваліднасці; неадкладна забяспечыць права грамадзян на доступ да інфармацыі, у тым ліку статыстычных і даследчых даных пра інваліднасць.

Таксама рэкамендуецца рэарганізаваць Савет па правах інвалідаў пры ўрадзе ў структуру, якая дзейнічае на падставе дэмакратычных правілаў, распрацаваць і прыняць рамачныя антыдыскрымінацыйныя нормы заканадаўства, якія даюць магчымасць поўна і эфектыўна абараняць асоб з інваліднасцю ад дыскрымінацыі.

Рэкамендуецца перагледзець прававыя стасункі ў сферы рэгулявання дзеяздольнасці, прывесці нацыянальнае заканадаўства адносна дзеяздольнасці і праваздольнасці ў адпаведнасць са згаданай канвенцыяй, падпісаць і ратыфікаваць факультатыўны пратакол Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю.

Пастаянны прадстаўнік беларускіх уладаў у аддзяленні ААН у Жэневе Ларыса Бельская заявіла на пасяджэнні Камітэта ААН па правах людзей з інваліднасцю, што ёй невядомыя факты, “што менавіта людзі з інваліднасцю загінулі ў турме ў сувязі з інваліднасцю”.

Намесніца Бельскай Іна Васілеўская адзначыла, што ўмовы ўтрымання людзей з інваліднасцю ў месцах пазбаўлення волі “ўлічваюць іх становішча”.

20 лютага 2024 года ў Мінскай раённай бальніцы на 64-м годзе жыцця памёр палітвязень Ігар Леднік, які быў інвалідам другой групы, меў праблемы з сэрцам.

6 верасня 2022 года суд Ленінскага раёна Мінска (суддзя Таццяна Шоцік) прыгаварыў мужчыну да трох гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) за публікацыю ў партыйным часопісе БСДП “Пазіцыя”. Ён адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15.

У траўні 2023 года ў калоніі № 3 у пасёлку Віцьба (Віцебскі раён) памёр блогер з інваліднасцю 2-й групы Мікалай Клімовіч.

Летась 28 лютага суд у Пінску (Брэсцкая вобласць) прыгаварыў Клімовіча да аднаго года пазбаўлення волі паводле арт. 368 КК (абраза прэзідэнта). Клімовіч паставіў знак “смешна” пад карыкатурай, на якой Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін намаляваны ў нацысцкай форме.

Усяго ў 2022–2024 гадах у беларускіх месцах несвабоды памерла шэсць палітычных зняволеных. Апрача згаданых гэта Вадзім Храсько, Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін і Аляксандр Кулініч.

Некалькі разоў на год праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю пра смерць асуджаных не з палітычных матываў.

Падзяліцца: