Мінск 20:24

Ціханоўская: Беспакаранасць спараджае пачвараў

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

13 верасня, Позірк. Рэпрэсіі ў дачыненні да палітычных апанентаў, катаванні, завочныя суды над праціўнікамі, пазбаўленне выгнаных беларусаў дакументаў, а таксама міжнародныя злачынствы рэжыму не павінны заставацца беспакаранымі, таму што “беспакаранасць спараджае пачвараў”. Пра гэта заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская на міжнароднай канферэнцыі “Адказнасць за злачынствы і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі”. Мерапрыемства праходзіць 13 верасня ў Вільнюсе.

Да міжнародных злачынстваў рэжыму палітык аднесла “выкраданне самалёта Ryanair у траўні 2021 года”, інструменталізаваны міграцыйны крызіс, саўдзел у вайне і дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей.

Дэмлідар прывяла шэраг прыкладаў злачынстваў рэжыму супраць сваіх апанентаў. У гэтым кантэксце яна адзначыла, што міжнародная платформа па прыцягненні адказнасці для Беларусі сабрала ўжо “тысячы доказаў” такіх злачынстваў, а Народнае антыкрызіснае ўпраўленне дамаглося значнага прагрэсу ў прасоўванні Міжнароднага крымінальнага правасуддзя.

Ціханоўская заклікала “не толькі задакументаваць усе факты і імёны, але і выкарыстоўваць даступныя цяпер інструменты, такія як узбуджэнне спраў у рамках універсальнай юрысдыкцыі і ў міжнародных судах”.

Яшчэ адным інструментам прыцягнення да адказнасці палітык назвала “персанальныя санкцыі”, якія, на яе думку, “будуць мець рэальныя наступствы”.

Прыярытэтнай задачай дэмсіл, паводле яе слоў, застаецца вызваленне ўсіх палітвязняў. Ціханоўская заклікала “прыкладаць палітычныя і дыпламатычныя намаганні, каб выцягнуць іх з катавальных камер” і “працягваць міжнародны ціск да таго часу, пакуль кожны з іх не апынецца на волі”.

Пасля вызвалення яны “павінны быць рэабілітаваныя, атрымаць кампенсацыю за свае пакуты, страчаныя гады і сацыяльную дэградацыю”, лічыць дэмлідар.

Арганізатарамі канферэнцыі з’яўляюцца Цэнтр права і дэмакратыі (Justice Hub) і офіс дэпутата Еўрапейскага парламента ад Літвы Дайнюса Жалімаса. Мэта мерапрыемства — “вызначэнне шляхоў прыцягнення дыктатара Лукашэнкі і ягоных саўдзельнікаў да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў і іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека”.

Падзяліцца: