Мінск 21:12

Амбасада ў Сірыі нагадала аб рэкамендацыі МЗС не наведваць Ліван

Крыніца: pixabay.com

25 верасня, Позірк. Амбасада Беларусі ў Сірыі нагадала 25 верасня на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” аб рэкамендацыі беларускім грамадзянам устрымацца ад паездак у Ліван.

З рэкамендацыяй 31 ліпеня выступіла Міністэрства замежных спраў.

Устрымацца ад паездак у Ліван дыпламаты рэкамендуюць “у сувязі з абвастрэннем вайскова-палітычнага становішча”. Беларусам, якія пражываюць або знаходзяцца цяпер у гэтай краіне, рэкамендавана пакінуць яе “камерцыйнымі рэйсамі”.

“У выпадку немагчымасці выкарыстоўваць існуючыя авіязносіны, рэкамендуем пераехаць на больш бяспечныя тэрыторыі, у прыватнасці, грамадзянам, якія знаходзяцца ў паўднёвых рэгіёнах Ліванскай Рэспублікі”, — гаворыцца ў паведамленні амбасады.

Дыпмісія адзначае, што суайчыннікам у Ліване “неабходна няўхільна прытрымлівацца рэкамендацый мясцовых уладаў, выконваць правілы асабістай бяспекі, а таксама заставацца ў кантакце з беларускімі дыпламатамі ў Сірыі”.

Раней з такім жа напамінам да беларусаў звярнулася амбасада ў Ізраілі.

17 верасня 2024 года ў Ліване і Сірыі ўзарваліся пэйджары, якія выкарыстоўвалі актывісты шыіцкай групоўкі “Хізбала”. 18 верасня ў Ліване ўзарваліся рацыі і іншыя бесправадныя прылады сувязі, якія таксама выкарыстоўвалі члены “Хізбалы”. У краіне заяўлена пра дзясяткі забітых і тысячы параненых.

19 верасня ВПС Арміі абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) ажыццявілі масіраваную атаку на аб’екты “Хізбалы”. 20 верасня ў Бейруце ў выніку авіяўдару ЦАХАЛа былі ліквідаваныя камандуючы спецназам “Хізбалы” Ібрагім Акіл і іншыя камандзіры.

21–22 верасня ЦАХАЛ павялічыў інтэнсіўнасць удараў па цэлях у Ліване.

23 верасня пачалася новая фаза вайны: былі атакаваныя тысячы цэляў, Міністэрства аховы здароўя Лівана паведаміла пра сотні забітых і тысячы параненых. Ваенная аперацыя ў Ліване атрымала назву “Стрэлы поўначы”. Начальнік Генштаба Ізраіля пазначыў яе мэтай знішчэнне баявой інфраструктуры, якая выкарыстоўваецца баевікамі “Хізбалы”, а таксама вяртанне жыхароў паўночных раёнаў Ізраіля ў свае дамы, якія яны былі вымушаныя пакінуць у выніку пастаянных ракетных абстрэлаў (паводле даных ізраільскага боку, з кастрычніка мінулага года з Лівана было выпушчана не менш 7.000 ракет), а таксама запускаў беспілотных лятальных апаратаў з тэрыторыі Лівана.

Адначасова працягваецца распачатая ў кастрычніку мінулага года ваенная аперацыя Ізраіля ў сектары Газа, якая стала адказам на напад тэрарыстаў групоўкі ХАМАС на ўдзельнікаў музычнага фестывалю, які праходзіў 7 кастрычніка каля мяжы Ізраіля з сектарам.  У выніку тэрарыстычнай атакі ў Ізраілі загінула 1,2 тыс. чалавек з 37 краін, у тым ліку трое грамадзян Беларусі; пацярпела 7,3 тыс.

Падзяліцца: