Мінск 17:28

У Брэсце пачалі судзіць 11-ю групу за ўдзел у пратэстах 2020 года

Брэст
Архіўнае фота: "Віртуальны Брэст"

7 кастрычніка, ПозіркСуд Ленінскага раёна Брэста 7 кастрычніка пачаў разглядаць справу Сяргея Нічыпарука, Аляксандра Клімашэвіча і Яўгена Бычко, якія абвінавачваюцца паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Працэс вядзе суддзя Крысціна Папова.

Праваабаронцы адзначаюць, што гэта ўжо 11-я група жыхароў Брэста, якіх судзяць за ўдзел у пратэстах 2020 года.

Вядома, што дырэктар брэсцкай кампаніі Яўген Бычко быў затрыманы падчас службовай камандзіроўкі. Супрацоўнік ДАІ спыніў яго аўтамабіль на трасе М1 (Брэст — мяжа РФ). Калі кіроўца выйшаў з аўто, на яго накінуліся сілавікі і “паклалі тварам у зямлю”.

Па самай масавай у гісторыі Беларусі крымінальнай “справе аб карагодах” розныя суды Брэста прыгаварылі больш як 130 чалавек.

13 верасня 2020 года ў Брэсце ўдзельнікі акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў перакрылі рух транспарту на скрыжаванні бульвараў Касманаўтаў і Шаўчэнкі з праспектам Машэрава, спявалі песні і вадзілі карагоды. Пратэстоўцаў упершыню ў Беларусі разагналі з дапамогай вадамётаў, а неўзабаве распачалі крымінальную справу, якую мясцовыя называюць “карагоднай”.

Паводле падлікаў праваабаронцаў, абвінавачаныя былі асуджаныя сумарна не менш як на 125 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, 90,5 года — з накіраваннем, 13 гадоў і 8 месяцаў пазбаўлення волі.

Падзяліцца: