Мінск 15:32

Заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасці пройдуць 8–11 кастрычніка па ўсёй Беларусі

Удзельнікі збораў тэрытарыяльных войскаў у Барысаве
Архіўнае фота: "Мінская праўда"

8 кастрычніка, Позірк. Заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасці пройдуць 8–11 кастрычніка пад кіраўніцтвам кіраўнікоў абласных выканкамаў, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Адзначаецца, што заняткі скіраваныя на “падвышэнне ўзроўню падрыхтоўкі і зладжанасці органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны да фармавання тэрытарыяльных войскаў”.

“Ва ўсіх адміністрацыйных раёнах краіны пройдуць планавыя тэарэтычныя і практычныя мерапрыемствы, на якіх асаблівая ўвага будзе нададзеная ўдасканаленню навыкаў у выкананні абавязкаў службовымі асобамі выканкамаў, ваенных камісарыятаў і адміністрацый пунктаў прыёму мабілізацыйных рэсурсаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Паводле інфармацыі Мінабароны, у рамках заняткаў ваеннаабавязаных прызавуць на аднадзённыя зборы, падчас якіх да іх давядуць “асновы і парадак дзеянняў у ходзе фармавання тэрытарыяльных войскаў”.

27–30 верасня ў Віцебскай вобласці прайшлі камандна-штабныя вучэнні з органамі кіравання тэрытарыяльнай абаронай.

З 30 верасня праводзіцца чарговы этап праверкі злучэнняў і вайсковых часцей Узброеных сіл.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасункаў з Захадам і вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: