be
Arrow
Мінск 22:27

Лукашэнка падпісаў закон, які сярод іншага рэгламентуе абмежаванні на выезд з Беларусі

16 траўня, BPN. Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб змяненні законаў”, які сярод іншага рэгламентуе абмежаванні на выезд грамадзян з Беларусі. Дакумент 16 траўня апублікаваны на Нацыянальным правым інтэрнэт-партале.

Згодна з унесенымі карэкціроўкамі, КДБ атрымлівае права не выпускаць з краіны грамадзян, “выезд якіх супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі”.

На пастаяннае пражыванне за мяжой не будуць адпускаць грамадзян, калі “выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі (на тэрмін да шасці месяцаў)”, а таксама калі ў дачыненні да асобы вядзецца адміністрацыйны працэс, прад’яўлены іск у парадку грамадзянскага судаводства або судаводства па эканамічных справах.

Разам з тым грамадзянам з гэтай катэгорыі на падставе рашэння “ўпаўнаважаных органаў” могуць дазволіць выехаць з Беларусі “для ўдзелу за мяжой у крымінальным працэсе, атрымання медыцынскай дапамогі, у сувязі з цяжкім захворваннем або смерцю блізкага сваяка”.

Закон таксама вызначае парадак выезду з Беларусі асоб, якія займаюць вышэйшыя дзяржаўныя пасады, у тым ліку старшыняў абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў, начальніка Службы бяспекі прэзідэнта ды інш. Ім можа быць адмоўлена ў выездзе “ў мэтах гарантавання інтарэсаў нацыянальнай бяспекі да спынення абставін, якія перашкаджаюць іх выезду”.

Закон аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства дапоўнены нормай пра тое, што замежнікі абавязаныя “паважаць дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь і яе нацыянальныя традыцыі”.

Згодна з карэкціроўкамі, грамадзянам, якія паступілі ва ўстановы адукацыі за мяжой да 18 гадоў і навучаюцца вочна адтэрміноўка ад тэрміновай службы або службы ў рэзерве даецца толькі адзін раз.

Палата прадстаўнікоў прыняла гэты дакумент 18 красавіка, Савет Рэспублікі ўхваліў яго 19 красавіка.

Падзяліцца: