Мінск 00:21

ПП НС у першым чытанні прыняла законапраект аб дэнансацыі дагавораў у галіне барацьбы з карупцыяй і выхадзе з ГРЭКО

Фота: сайт МУС

22 лістапада, Позірк. У першым чытанні прыняты законапраект аб дэнансацыі некаторых міжнародных дамоваў у галіне барацьбы з карупцыяй, паведамляе прэс-служба Палаты прадстаўнікоў.

Праект закона “Аб спыненні міжнародных дагавораў па пытаннях барацьбы з карупцыяй” 22 лістапада прадставіў у ніжняй палаце Нацыянальнага сходу генеральны пракурор Андрэй Швед.

Дакумент падрыхтаваны “ў мэтах дэнансацыі Рэспублікай Беларусь Канвенцыі аб крымінальнай адказнасці за карупцыю ад 27 студзеня 1999 года”, Дадатковага пратакола да Канвенцыі аб крымінальнай адказнасці за карупцыю ад 15 траўня 2003 года, Канвенцыі аб грамадзянска-прававой адказнасці за карупцыю ад 4 лістапада 1999 года.

Мэта прынятага ў першым чытанні законапраекта — спыненне дзеяння пагаднення паміж Беларуссю і Саветам Еўропы адносна прывілеяў і імунітэту прадстаўнікоў членаў Групы дзяржаў супраць карупцыі (ГРЭКО) і членаў інспекцыйных груп ад 22 студзеня 2010 года, а таксама выкананне ўнутрыдзяржаўных працэдур для спынення ўдзелу Беларусі ў ГРЭКО.

Прэс-служба ПП НС адзначае, што спыненне дзеяння пагаднення “анулюе абавязацельствы па прадастаўленні прадстаўнікам членаў ГРЭКО і членам інспекцыйных груп гэтай арганізацыі прывілеяў і імунітэтаў, накіраваных на стварэнне спрыяльных умоў для іх работы на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”.

Беларусь далучылася да Дадатковага пратакола да Канвенцыі аб крымінальнай адказнасці за карупцыю ў 2014 годзе. Ад імя краіны ў штаб-кватэры Савета Еўропы ў Страсбургу (Францыя) дакумент падпісаў цяперашні намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка, які тады быў амбасадарам Беларусі ў Францыі.

У 2019 годзе ГРЭКО выступіла з публічнай заявай аб невыкананні Беларуссю антыкарупцыйных стандартаў арганізацыі. У дакуменце адзначалася, што з часу, калі ў 2012 годзе ГРЭКО адрасавала Беларусі 24 рэкамендацыі і звярнулася да яе ўладаў з просьбай дазволіць публікацыю даклада аб ацэнцы, 20 рэкамендацый так і засталіся нявыкананымі.

ГРЭКО — міжнародная арганізацыя, створаная Саветам Еўропы ў 1999 годзе дзеля дапамогі краінам-удзельніцам ва ўдасканаленні механізмаў барацьбы з карупцыяй. У ГРЭКО ўваходзіць 50 дзяржаў. Расія пачала працэс выхаду з ГРЭКО на пачатку 2023 года.

Падзяліцца: