Мінск 17:27

Урад на год падоўжыў контрсанкцыі, але дазволіў з красавіка па ліпень увозіць яблыкі з “недружалюбных краін”

Фота: unsplash.com / Shelley Pauls

27 снежня, Позірк. Забарона на імпарт і рэалізацыю ў Беларусі асобных катэгорый тавараў з “недружалюбных краін” падоўжана да канца 2024 года, вынікае з пастановы Савета міністраў № 934 ад 26 снежня, што апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 27 снежня і адразу ж набыла моц.

Паводле інфармацыі прэс-службы ўрада, гэты ж дакумент дазваляе ўвозіць яблыкі з “недружалюбных краін” з 1 красавіка да 31 ліпеня 2024 года.

Пастанова падаўжае дзеянне асноўных палажэнняў пастановы Савета міністраў № 700 ад 6 снежня 2021 года “Аб прымяненні спецыяльных мер адносна асобных відаў тавараў”. Контрсанкцыі былі прынятыя на падставе ўказа № 128 ад 30 сакавіка 2021 года для “забеспячэння абароны нацыянальных інтарэсаў” Беларусі.

Змест базавай пастановы, якая запрацавала з пачатку 2022 года, пасля неаднаразова ўдакладняўся, а яе дзеянне працягвалася. Папярэдні раз Савет міністраў абнавіў забарону ў канцы чэрвеня — да 31 снежня 2023 года, яна тычылася асобных відаў “сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі” з “недружалюбных краін”.

Пералік “замежных дзяржаў, якія здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асоб”, урад зацвердзіў у красавіку 2022 года. У яго ўключаны Аўстралія, Албанія, Вялікабрытанія, ЗША, Ісландыя, Канада, Ліхтэнштэйн, Новая Зеландыя, Нарвегія, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Швейцарыя, а таксама ўсе дзяржавы Еўрасаюза.

31 кастрычніка Савет міністраў яшчэ на год працягнуў дзеянне “спецыяльных мер” у дачыненні да прадукцыі шэрагу еўрапейскіх вытворцаў. Да канца 2024 года ў Беларусі забаронены гандаль таварамі груп кампаній Liqui Moly, Škoda Auto і Beiersdorf (гандлёвыя маркі Nivea, Eucerin, La Prairie, Labello, Hansaplast, Florena, 8×4, Skin Stories, Gammon, Tesa, Chaul, Coppertone, Hidrofugal, Stop the water while using me).

Такім чынам, гэтыя контрсанкцыі, першапачаткова ўведзеныя на паўгода 23 красавіка 2021 з падаўжэннем 2 лістапада 2021-га, 4 траўня і 3 лістапада 2022-га, а таксама 2 траўня 2023-га, былі ўпершыню падоўжаныя не на паўгода, а больш як на год.

Заходнія санкцыі ўведзеныя праз фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 года і ўзмоцненыя пасля інцыдэнту 23 траўня 2021 года, калі ўлады прымусілі прызямліцца ў Мінску самалёт авіякампаніі Ryanair з беларускімі апазіцыянерамі на борце, які ляцеў з Афін у Вільнюс. Пазней санкцыі былі пашыраныя праз саўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Дэмакратычныя сілы неаднаразова заклікалі міжнародную супольнасць і заходніх саюзнікаў узмацніць санкцыйны ціск на рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Падзяліцца: