Мінск 04:00

Лукашэнка запатрабаваў спыніць “кланяцца імпартнаму яблыку”

Крыніца: unsplash.com

20 верасня, Позірк. “Знаёміцца з развіццём у Беларусі пладаводства” адправіўся Аляксандр Лукашэнка 20 верасня ў фермерскую гаспадарку “Спартан-Агра” (Маладзечанскі раён Мінская вобласць).

Прадпрыемства займаецца вырошчваннем яблыкаў і сельскагаспадарчай прадукцыі, адзначае прэс-служба Лукашэнкі.

Паводле яго слоў, Беларусь “павінна забяспечваць сябе пладамі ўласнай вытворчасці, перш за ўсё яблыкамі”.

“Нам трэба, каб перасталі кланяцца імпартнаму яблыку. Каб быў свой яблык. Каб былі забяспечаныя. У нас вялікая патрэба ў яблыках. Але для гэтага патрэбныя сховішчы. Трэба сваё”, — сказаў Лукашэнка.

Паведамляецца, што міністру антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксею Багданаву ён даручыў “даведацца, колькі трэба [яблыкаў] на краіну, колькі рынак можа спажыць”. Таксама пастаўлена задача “пастаўляць на экспарт”.

“Санкцыі — гэта час магчымасцяў”, — заявіў Лукашэнка, які рэгулярна скардзіцца на ўведзеныя заходнімі краінамі эканамічныя абмежаванні.

Ён таксама запатрабаваў “выпрацаваць у пладаводстве канкрэтную праграму пад патрэбы і магчымасці вытворцаў”. “Давайце канкрэтную праграму. Вось ён хоча 300 га дадаць. Можа, больш. Збярэм гэтых людзей, спытаем, што ім трэба, і закрыем пытанне”, — сказаў Лукашэнка.

У Беларусі дзейнічае забарона на імпарт і рэалізацыю асобных катэгорый тавараў з “недружалюбных краін”.

Згодна з пастановай Савета міністраў № 934 ад 26 снежня 2023 года, гэтая забарона падоўжаная да канца 2024 года. Дакумент уключае розныя харчовыя і нехарчовыя тавары, аднак ён дазваляў увозіць яблыкі з “недружалюбных краін” з 1 красавіка па 31 ліпеня 2024-га.

У Беларусі карыстаюцца попытам яблыкі з Польшчы.

Беларускія ўлады лічаць недружалюбнымі краіны Еўрасаюза, ЗША, Албанію, Вялікабрытанію, Ісландыю, Канаду, Ліхтэнштэйн, Нарвегію, Паўночную Македонію, Сербію, Чарнагорыю і Швейцарыю.

Падзяліцца: