Мінск 18:40

Ціханоўская падтрымала прыняцце ЗША закона пра “санкцыі з пекла” ў дачыненні да Расіі

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з сенатарам Ліндсі Грэмам (справа) у ЗША
Архіўнае фота: прэс-служба беларускага палітыка

19 верасня, Позірк. Падпісанне прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам “Закона Ліндсі О. Грэма пра санкцыі супраць Расіі і Ірана 2026 года” падтрымала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

“Я вітаю падпісанне закона ЗША пра санкцыі, прапанаванага Ліндсі О. Грэмам і закліканага ўзмацніць ціск на Расію за яе вайну супраць Украіны, — напісала палітык на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы X. — Падтрымліваючы Украіну, вы таксама падтрымліваеце беларусаў у нашай барацьбе за свабоду. Мы павінны прымусіць дыктатараў плаціць больш высокую цану за вайну і рэпрэсіі”.

Трамп падпісаў згаданы закон 18 верасня. Ініцыятар дакумента Ліндсі Грэм, які называў прапанаваныя захады “санкцыямі з пекла”, яго прыняцця не застаў — сенатар памёр 11 ліпеня ва ўзросце 71 года.

У законе прыведзены спіс пасад чыноўнікаў у структуры дзяржаўнага кіравання Расіі — найвышэйшага палітычнага і вайсковага кіраўніцтва, кіраўнікоў ключавых эканамічных ведамстваў, спецслужбаў, сілавых структур. Не пазней чым праз 30 дзён пасля таго, як закон набывае моц, а пасля кожныя паўгода прэзідэнт Злучаных Штатаў мае правяраць, хто займае гэтыя пасады, і ўводзіць супраць гэтых асоб санкцыі. Гаворка пра блакаванне маёмасці і маёмасных інтарэсаў гэтых людзей у юрысдыкцыі ЗША, а таксама пра ўсталяванне для іх забароны на ўезд у краіну, ануляванне дзейных амерыканскіх віз.

Асобна закон кажа пра замежныя судны. У тыя ж часавыя рамкі прэзідэнт мае выяўляць судны, задзейнічаныя ў перавозцы энерганосьбітаў, урану, зброі ды “іншых тавараў” у абыход санкцый, а таксама судны, якія свядома перавозяць тавары расійскага паходжання — нафту, газ, уран, нафтапрадукты, нафтахімічную прадукцыю ды вугаль. Такія судны павінны прызнавацца заблакаванай маёмасцю.

Асобны блок закона прысвечаны расійскаму фінансаваму сектару. Згодна з дакументам, санкцыі маюць быць уведзеныя супраць Цэнтрабанка РФ, “Сбербанка”, “ВТБ”, “Газпромбанка” ды іншых фінансавых арганізацый, якія цалкам або часткова належаць ураду Расіі. Гаворка пра блакаванне маёмасці і абмежаванне доступу да амерыканскай фінансавай сістэмы.

Прадугледжанае таксама блакаванне маёмасці дзяржаўных і звязаных з дзяржавай кампаній. Амерыканскім фінансавым арганізацыям забаронена праводзіць аперацыі з уладамі РФ і падкантрольнымі ім структурамі, а на амерыканскіх біржах — гандляваць каштоўнымі паперамі звязаных з РФ эмітэнтаў.

Амерыканскім асобам забаронена інвеставаць, напрыклад, у энергетычны сектар РФ; абмяжоўваецца аказанне гэтай краіне пэўных паслуг і пастаўка амерыканскіх тавараў у галіне энергетыкі. Амерыканскім асобам таксама забараняецца купляць расійскія дзяржаўныя даўгавыя абавязацельствы.

У дакуменце гаворыцца пра санкцыі ў дачыненні да сістэм перадачы фінансавых паведамленняў, якія выкарыстоўваюцца для абыходу абмежаванняў; кіраўніцтва дзяржкарпарацыі “Росатом”; прадугледжаныя абмежаванні на імпарт расійскага ўрану.

Закон прадугледжвае падвышэнне пошлін да 500% на ўсе тавары, якія імпартуюцца ў ЗША з РФ, і да 100% — на тавары з краін, якія ўваходзяць у лік найбуйнейшых пакупнікоў расійскіх нафты і газу або садзейнічаюць абыходу санкцый у дачыненні да расійскай нафты. Канкрэтны памер пошлін дакумент не вызначае — гэта пакінута на вырашэнне прэзідэнтам.

Прапісаны шэраг выключэнняў — для харчавання, лекаў, некаторых аперацый у сферы грамадзянскай атамнай энергетыкі. Акрамя таго, прэзідэнт можа адмовіцца ад увядзення асобных санкцый, абмежаванняў, пошлін, калі ў яго атрымаецца абгрунтаваць перад Кангрэсам, што так будзе выгадней ЗША.

Падзяліцца: