Мінск 17:49

Блогер Рудзік уступіў у полк Каліноўскага

Скрыншот: прэс-служба палка Каліноўскага

17 сакавіка, Позірк. Блогер Ян Рудзік уступіў у беларускі добраахвотніцкі полк імя Кастуся Каліноўскага (ПКК), які ваюе на баку Украіны. Пра гэта ён паведаміў 17 сакавіка ў сваім тэлеграм-канале.

“Даў зарок. Цяпер ужо афіцыйна жаўнер палка імя Кастуся Каліноўскага, — напісаў Рудзік. — Цягам жыцця і ўласнай барацьбы за Беларусь мяне натхняюць воінскія, рыцарскія вобразы з кніг [італьянскага філосафа Юліуса] Эволы і [нямецкага пісьменніка Эрнста] Юнгера”.

“Але ж быў упэўнены, што войска — гэта не для мяне. Заўсёды меў праблемы з дысцыплінай і ўспрыманнем аўтарытэтаў, аб фізічнай падрыхтоўцы няма чаго і казаць. Але справа не мае сэнсу, калі ў яе не ўкладзеныя ўсе магчымыя намаганні”, — адзначыў блогер.

Паводле слоў Рудзіка, рашэннем далучыцца да палка ён “зрабіў крок наперад”, бо нельга “перамагчы страшныя аўтарытарныя рэжымы”, не “перамогшы сябе”.

На распаўсюджаным прэс-службай ПКК відэа Рудзік у ліку іншых навабранцаў прымае прысягу і атрымлівае баявую зброю.

30-гадовы Рудзік — блогер, журналіст, падчас падзей 2020 года працаваў у камандзе медыяпраекта Nexta.

3 траўня 2023 года асуджаны ў рамках спецвытворчасці Мінскім гарадскім судом на 19 гадоў пазбаўлення волі па “справе Nexta”. Разам з Раманам Пратасевічам, які пайшоў на супрацоўніцтва са следствам, і Сцяпанам Пуцілам прызнаны вінаватым паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Пратасевіча прыгаварылі да 8 гадоў зняволення (пасля ён быў памілаваны), Пуцілу — да 20 гадоў.

З’яўляецца членам Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу.

Узначальвае арганізацыю нацыяналістаў “Рух”, якая базуецца ў Варшаве.

У студзені ў эфіры тэлеканала “Белсат” паведаміў, што атрымаў запрашэнне ўвайсці ў медыягрупу палка Каліноўскага.

Падзяліцца: