Мінск 15:12

Вялікая будоўля. Як улады пяты год насаджаюць беларусам новую рэальнасць

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 27 верасня 2024 года ў 11:11

Беларускія ўлады ў апошнія гады нястомна перакройваюць не толькі аблічча гарадоў, укладваючы ідэалагічны сэнс у новыя будынкі і ўзводзячы за казачныя грошы флагштокі там, дзе не хапае бальніц і дзіцячых садкоў, але і спешна ствараюць для грамадзян новую рэальнасць.

Стварэнне гэтай самай новай рэальнасці — занятак для рэжыму Лукашэнкі не новы. Але найбольш актыўна яна абрынулася на ўсе сферы жыцця беларусаў пасля 2020 года, калі літаральна кожнае ведамства занялося не толькі выкараненнем усякага іншадумства, але і фарміраваннем новага “думства”, зручнага і ідэалагічна выверанага для ўлады, якая такой быць перастала ў вачах і ўласнага народа, і суседзяў, і сусветнай супольнасці.

Рукатворны інфармацыйны вакуум і ўсялякага роду ізаляцыя згулялі гэтым працэсам толькі на руку, бо тварыць палітычнае і сацыяльнае бязмежжа куды лягчэй, калі пад нагамі не боўтаюцца крытыкі ў асобе праславутага “калектыўнага Захаду” і вечна ўсім незадаволеных незалежных СМІ.

“Позірк” сабраў ТОП-5 ідэалагічных новабудоўляў рэжыму Лукашэнкі, якія можна разглядаць як спробы адкінутай народам і сусветнай супольнасцю ўлады пусціць гісторыю Беларусі па сумнеўным шляху.

“Патрыятызм” у архітэктурных формах і не толькі

Два тыдні таму Аляксандру Лукашэнку прадставілі план новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. І калі праект будзе адпавядаць рэндэрам, у цэнтры Мінска з’явіцца яшчэ адзін будынак, які будзе як нельга лепш увасабляць “эпоху пасля 2020 года”: пахабны псеўдапатрыятызм, які да непазнавальнасці змяніў знешні выгляд многіх гарадоў.

Узвядзенне грандыёзнага будынка новага музея, які, паводле задумкі аўтараў праекта, будзе паўтараць контур Беларусі (што, зрэшты, можна будзе ацаніць толькі з вышыні), а таксама Парка народнага адзінства вакол яго — толькі малая частка таго, што пакінуць пасля сябе ў шкле і бетоне прадстаўнікі рэжыму.

У 2020 годзе людзі, якія прайгралі выбары, адказалі на бел-чырвона-белыя сцягі багатым, безгустоўным і не заўсёды дарэчным выкарыстаннем чырвона-зялёных сцягоў. Пазней іх сталі маляваць на дамах, вывешваць у велізарных колькасцях на будынках, што надавала і надае гарадам выгляд бясконцага святкавання 3 ліпеня. Здаецца, што ўлада спрабуе такім чынам немудрагеліста “пазначаць тэрыторыю”.

Праект новага будынку Нацыянальнага гістарычнага музея

“Генацыд беларускага народа”

Адначасова з гэтым рэжым пачаў перапісваць падручнікі.

Тэма “генацыду беларускага народа ў гады ВАВ” пачала раскручвацца ўладамі неўзабаве пасля падаўлення пратэстаў 2020 года. Займаецца, і даволі актыўна, гэтым пытаннем Генеральная пракуратура. У 2021 годзе ведамства ўзбудзіла адпаведную крымінальную справу, каб праводзіць паказальныя суды над ваеннымі злачынцамі. У студзені 2022-га яна была падмацаваная законам Лукашэнкі, які за публічнае адмаўленне генацыду ўвёў крымінальную адказнасць.

Фактычна Генпракуратура прыдумала адзіна верную для дзяржавы канцэпцыю таго, як з гэтага часу можна трактаваць злачынствы нацыстаў, а закон надаў гэтай канцэпцыі абсалютную браню — ставіць пад сумнеў усё тое, што Генпракуратура назаве генацыдам, з гэтага часу нельга.

Тэма генацыду з пракурорскіх кабінетаў імгненна прасачылася ў жыццё беларусаў: пра яго напісалі падручнікі, трубіла прапаганда, прайшлі першыя суды над ужо спачылымі злачынцамі, супраць іншых распачаліся новыя крымінальныя справы і г.д.

Як паведамілі “Позірку” адразу некалькі бацькоў дзяцей, якія сёлета пайшлі ў першыя класы мінскіх школ, ідэалагічная апрацоўка падрастаючага пакалення пачалася з першага ж дня: шасці- і сямігадовым дзецям пачалі распавядаць пра генацыд.

“Для нас з мужам гэта стала шокам. Мы былі гатовыя да таго, што дзіця будзе прыносіць дадому гэтую ідэалагічную лухту, але не з першага ж класа! У нас ёсць старэйшае дзіця, але раней такой апрацоўкі першакласнікаў не было, а да старэйшых дзяцей дастукацца ім складаней, таму настаўнікі ў нашай паралелі не моцна стараюцца”, — распавяла “Позірку” жыхарка Мінска, чыё дзіця пайшло ў першы клас адной з гімназій.

Аднак, калі глядзець больш пільна, часцяком выяўляецца, што генацыд, замест таго, каб адкрыць беларусам праўду, архівы, распавесці пра правераныя гістарычныя факты, чакана выкарыстоўваецца ўладамі як інструмент ачарнення цяперашніх “ворагаў народа”. У ім абвінавачваюць ледзьве не тых, чые нашчадкі стваралі “недружалюбны” цяпер Еўрасаюз, палякаў і, вядома, украінцаў.

Не цураюцца ўлады і звычайнай хлусні. Напрыклад, гучная гісторыя выйшла з раскопкамі каля Гомеля, дзе пракуроры “знайшлі” ахвяр генацыду ў Шчакатоўскім лесе і ўрачыста перапахавалі іх у 2022 годзе. Аднак гісторыкі паўтараюць у адзін голас, што тут у 1930-х гадах супрацоўнікі НКУС расстрэльвалі савецкіх грамадзян і да такой высновы археолагі прыйшлі яшчэ ў 1995-м.

Зрэшты, аспрэчваючы сёння праўдзівасць сцвярджэнняў Генпракуратуры, можна трапіць пад крымінальны пераслед. Вельмі зручна, ці не праўда?

У 2024-2025 гадах ва ўсіх абласных цэнтрах у адпаведнасці з указам Лукашэнкі павінен з’явіцца памятны знак “ахвярам генацыду”, дзяцей па-ранейшаму будуць вучыць паўпраўдзе, прапаганда будзе і далей шукаць ворагаў.

Ахвяр жа сталінскага чырвонага тэрору чакае яшчэ большае забыццё. Так, легендарныя Курапаты знаходзяцца сёння амаль у поўным запусценні, тут раз-пораз здараюцца акты вандалізму, ліквідаваць наступствы якіх калі і ёсць каму, то не заўсёды бяспечна. Нешматлікія актывісты, якія застаюцца ў Беларусі і набіраюцца смеласці наведваць гэтае месца, са зразумелых прычын імкнуцца не свяціцца.

Улады з энтузіязмам узяліся за перапісванне падручнікаў. Цяпер у 11-м класе школьнікі вучаць гісторыю па кнізе, дзе падзеі 2020 года называюцца “спробай дзяржаўнага перавароту”. Таксама ў новым навучальным годзе ва ўсіх класах школ штомесяц будзе праходзіць інфармацыйная гадзіна “Генацыд беларускага народа”. Для падобных заняткаў у 2023 годзе выдадзеныя падручнікі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. З 2023 года з’явіліся адпаведныя дапаможнікі асобна для 1-4-х, 5-9-х і 10-11-х класаў.

Урочышча Курапаты на паўночна-ўсходняй ускраіне Мінска, месца пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій
Фота: "Позірк"

“Дзень народнага адзінства”

Ідэю свята ўпершыню артыкулявалі на Усебеларускім народным сходзе ў 2021 годзе. У выніку ён быў зацверджаны асобным указам і стаў адным са слупоў сучаснай беларускай прапаганды.

Напярэдадні святкаванняў сёлета ў інтэрв’ю дзяржагенцтву БелТА дэкан журфака БДУ Аляксей Бяляеў адназначна даў зразумець, навошта і чаму рэжыму Лукашэнкі спатрэбілася такое свята. Паводле яго слоў, уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР пасля 1949 года як свята “на ўзроўні вышэйшага савецкага кіраўніцтва зацерлі, паколькі Польская Народная Рэспубліка апынулася ў сацыялістычным лагеры — не хацелася нагадваць лішні раз польскім таварышам аб складаным перыядзе нашых адносін”.

“Але пасля 2020-га стала відавочна, што тыя самыя суседзі, з якімі мы спрабавалі сябраваць, самі без усялякага сораму пайшлі на абвастрэнне стасункаў. Менавіта польская дзяржава прыклала шмат намаганняў для падрыхтоўкі ў нашай краіне агентаў уплыву, так званай пятай калоны”, — заявіў дэкан. Паводле яго слоў, дату 17 верасня неабходна было “з ідэалагічнага пункту гледжання аслупаваць”.

17 верасня ў Беларусі святкуюць з ідэалагічным размахам у добраахвотна-прымусовым парадку. Ці можа гэты дзень стаць народным святам — вялікае пытанне.

Дэкор у Мінску да новага афіцыйнага свята

“Экстрэмізм” і “тэрарызм”

Прававое бязмежжа стала своеасаблівай фішкай рэжыму Лукашэнкі ледзь не з самага пачатку яго прыходу да ўлады.

Дух пратэстаў 2020 года, адсутнасць незалежных СМІ, праваабарончых арганізацый, незалежных судоў, інстытута адвакатуры і іншыя наступствы рэпрэсій дыктатуры — усё гэта прывяло да стварэння ў краіне ўнікальных умоў, у якіх любы чалавек можа быць прызнаны экстрэмістам або тэрарыстам, у залежнасці ад ступені ідэалагічнай небяспекі для рэжыму.

Атрыманне “экстрэмісцкага” статусу абсалютна ўсімі незалежнымі СМІ, блогерамі, групамі ў сацсетках прывяло да таго, што беларусы ўсё менш могуць сачыць за парадкам дня — гэта стала занадта рызыкоўна (пры выкарыстанні адпаведных крыніц) або бескарысна (калі спрабаваць браць інфармацыю з крыніц праўладных). Такім чынам, людзі ўнутры краіны аказваюцца вырванымі з кантэксту, а ўлады, карыстаючыся гэтай вымушанай недасведчанасцю і адсутнасцю любога віду крытыкі ў свой адрас, робяць што хочуць.

Асобным ударам па грамадстве стаў пошук непажаданых аўтараў не толькі сярод жывых, але і сярод мёртвых пісьменнікаў і паэтаў. Паводле інфармацыі крыніцы “Позірку”, ва ўсіх бібліятэках краіны кіпіць праца па канфіскацыі “нязручных” кніг. Іх змяшчаюць у спіс ЭМ (экстрэмісцкія матэрыялы), хаваюць далей ад людскіх вачэй, часам рыхтуюць да перадачы ў Нацыянальную бібліятэку. Проста спісаць кнігі і пакінуць у бібліятэках нельга. Пры гэтым самі бібліятэкі сталі вернымі прыслужнікамі рэжыму, тут пастаянна праходзяць тэматычныя мерапрыемствы, арганізаваныя аддзеламі культуры і ідэалогіі выканкамаў.

Апячатаныя Следчым камітэтам дзверы ў офіс незалежнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН (верасень 2021 года)
Фота: "Позірк"

Залежнасць ад Расіі

Беларусь сыходзіць пад крыло Расіі не толькі ў відавочным эканамічным сэнсе. Пасля падзей 2020 года і з прычыны саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны Беларусь стала шэрай плямай на карце Еўропы. Яшчэ адной такой жа плямай з’яўляецца Расія.

Маючы агульныя беды і перашкоды, краіны зліліся ў працэсе інтэграцыі, які паскорыўся як ніколі раней, а дагэтуль яго на працягу гадоў не маглі зрушыць з мёртвай кропкі, і пачалі сумесна “адрошчваць” імунітэт да санкцый і іншых абмежаванняў.

Вынікам стала імпартазамяшчэнне ва ўсіх сферах, ад культуры і сацсетак да адзіных падручнікаў па гісторыі Саюзнай дзяржавы. Беларусы глядзяць расійскія серыялы на расійскіх жа стрымінгавых пляцоўках, з гастролямі прыязджаюць расійскія “зоркі”, якія прапушчаныя праз фільтр лаяльнасці і ўхваляюць вайну; арыенцірамі для моладзі часта выступаюць расійскія блогеры і лідары меркаванняў.

Якімі будуць наступствы культурнага зліцця дзвюх краін, дзе быць нобелеўскім лаўрэатам горш, чым злачынцам, пакажа час.

Гісторык: Тэндэнцыі дрэнныя, але пасыпаць галаву попелам я б не стаў

Як адзначыў у каментары “Позірку” палітычны аналітык, гісторык Аляксандр Фрыдман, “адназначна паглядзець наперад і ацаніць, што ў іх (уладаў. — “Позірк”.) атрымаецца ці не атрымаецца, складана”.

Разважаючы на тэму запушчаных рэжымам Лукашэнкі ідэалагічных працэсаў, гісторык вылучыў некалькі важных фактараў, якія могуць паўплываць на будучыню: наколькі інтэнсіўна ўлады будуць прасоўваць гэтыя працэсы і колькі часу гэта будзе працягвацца. На думку экспэрта, усё сведчыць пра тое, што прасоўваць будуць “вельмі інтэнсіўна — укладваюць шмат сіл”.

Фрыдман адзначыў таксама, што рэжым прымяняе розныя метады, выкарыстоўваючы сацыяльныя сеткі, працу з моладдзю. Пры гэтым часта прасоўваючы расійскую ацэнку падзей, у тым ліку гістарычных.

“Яны абапіраюцца на савецкія наратывы, на савецкія міфы, якія вельмі зразумелыя пажылому пакаленню, людзям, якія заспелі Савецкі Саюз, і ў значна меншай ступені — маладому пакаленню”, — звяртае ўвагу Фрыдман.

Пры гэтым ён падкрэслівае, што цяпер “ідзе вайна за гісторыю”, аднак у Беларусі па-ранейшаму даступны інтэрнэт, і людзі, “якіх шпігуюць гэтымі афіцыйнымі канцэпцыямі”, могуць паглядзець альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі, і для гэтага нават не абавязкова ведаць замежныя мовы.

Прапагандысцкая газета "Мінская праўда" ў першы год святкавання "Дня народнага адзінства"
Фота: "Позірк"

“Гэта ў значнай ступені ўскладняе задачу прапагандзе. Калі яны адрэжуць гэтыя крыніцы інфармацыі — пачнуць блакаваць інтэрнэт або заходнія сацыяльныя сеткі — тады ім будзе лягчэй насаджаць свае наратывы. Калі не — будзе цяжэй”, — адзначыў эксперт.

Пры гэтым Фрыдман не лічыць, што ва ўладаў “усё скончыцца поспехам, бо ёсць добры прыклад: у Савецкім Саюзе вельмі многае сапраўды навязвалася, тыя ж гістарычныя ацэнкі, але ў многіх людзей яны глыбокіх слядоў не пакінулі”.

На думку гісторыка, гэта адбылося таму, што ў СССР гісторыя падавалася “не з кірункам пераасэнсавання, каб зразумець, што адбылося”, а як эмацыйны складнік, які “прыходзіць і сыходзіць даволі хутка”. Глыбокага ж асэнсавання, як у Германіі, дзе пакаленні немцаў пераасэнсоўваюць нацызм і яго злачынствы, не было і блізка.

Акрамя таго, рэжым круціцца вакол тэм, якія далёкія асабліва маладым беларусам: “Другая Сусветная вайна і ўсё, што з ёй звязана, — жудасныя злачынствы, безумоўна. 17 верасня — неадназначная падзея, але гэта было вельмі даўно. Свет для сённяшняга маладога пакалення далёкі і малазразумелы. Гэта было ў тыя часы, у якіх мала што пераклікаецца з яго сённяшняй рэальнасцю”.

Эксперт не верыць у сур’ёзныя перспектывы таго, што спрабуе навязаць улада грамадству агулам і моладзі ў прыватнасці: “Гэта хутчэй будзе гісторыя пра тое, што “ў адно вуха зайшло, з іншага выйшла”.

“Тэндэнцыі, вядома, дрэнныя, але пасыпаць галаву попелам я б не стаў”, — рэзюмаваў Фрыдман.

Падзяліцца: