Мінск 13:05

“Як ні цкуй, яно ўсё роўна прарастае”. Сяргей Будкін пра новыя формы існавання беларускай культуры

Кацярына Трухан
Аглядальнік "Позірку"
Фота: Беларуская рада культуры

Махавік рэпрэсій, які перамолвае Беларусь ужо пяты год, так ці інакш зачапіў усе сферы яе жыцця. Можна казаць, што беларусы дагэтуль “жывуць у 2020. Рэпрэсіі сталіся працэсам, які, напэўна, скончыцца толькі тады, калі скончыцца разбуральны для Беларусі рэжым, а значыць — уплываюць на кожнага беларуса, дзе б ён ні знаходзіўся.

Адной са сфер, якая моцна змянілася і працягвае змяняцца пад ціскам рэпрэсій і прапаганды, стала культура. Пра яе стан у краіне і за мяжой, страчаныя шансы і новыя магчымасці “Позірк” паразмаўляў з кіраўніком Беларускай рады культуры, стваральнікам праектаў TuzinFM.by і “НЕрасстраляныя” Сяргеем Будкіным.

“У плане цэнзуры ўсё адкінута нават ў сярэднявечча”

— Якой музыкай цяпер можна бяспечна займацца ў Беларусі — толькі тым, што робіць нявестка Лукашэнкі Ганна Сялук? Ці можа стварацца яшчэ нешта, акрамя ідэалагізаванага, прапагандысцкага?

— Так, можа падацца, што ў Беларусі нічога не адбываецца, не пішуцца песні, сцэнары для спектакляў, вершы, але гэта зусім не так. Нягледзячы ні на што, нават у такіх абставінах людзі нечым натхняюцца, рэфлексуюць, і гэта не забярэш, не забароніш, не закрыеш.

Іншая справа, якім чынам гэта прэзентуецца, публічыцца. І вось тут ужо сітуацыя нараджае розныя формы і фарматы творчага існавання. Таму мы маем справу з кватэрнікамі, нейкімі падпольнымі рэлізамі, працай наогул “у шуфляду”, якая пакуль не паказваецца. Але генеральная думка ў тым, што культурніцкае жыццё ў Беларусі працягваецца, і нават тое, што трошкі навідавоку (бо хто шукае, той можа гэта знайсці), — ёсць. І жывыя канцэрты, і рэальныя альбомы, і нейкія падзеі, дзе злучаюцца музыка і літаратура, музыка і кіно, і г.д.

— Як вы можаце ацаніць становішча людзей культуры — тых, што засталіся ў Беларусі і працуюць непублічна, і тых, хто выехаў і працуе ў эміграцыі?

— Я прыхільнік таго, каб не праводзіць лінію падзелу паміж творчымі людзьмі паводле нейкай геаграфічнай прыкметы, бо мы ўсё роўна разглядаем працэсы ў агульным беларускім культурным полі. Проста тыя, хто застаецца ў Беларусі, знаходзяцца ў адных умовах існавання, тыя, хто выехаў, — у іншых.

Канешне, гэта агульная сітуацыя пераарыентацыі, пошуку сябе ў новых абставінах. Выклік у плане таго, ці заставацца ў прафесіі. У выпадку тых, хто за мяжой, гэта, безумоўна, канкурэнцыя, праблемы з інтэграваннем… Шмат хто да гэтага проста не быў гатовы. А цяпер мы пастаўленыя ва ўмовы фактычна з нуля заяўляць пра сябе ў той ці іншай сферы, абнуліўшы сацыяльны капітал. Учора ты граў у вялікай зале, мог сабраць яе ў любым горадзе, а сёння — у бары на пяць чалавек. Такая сітуацыя вельмі сумная, але ў той жа час яна ізноў жа штурхае да пошуку новых фарматаў існавання як унутры Беларусі, так і па-за ёй.

Што тычыцца менавіта ўмоваў па-за Беларуссю, то гэта якраз нейкія калабарацыі: людзі з адной сферы знаёмяцца ўжо ў выніку гэтых абставінаў.

Важна, што беларусы ўнутры Беларусі і з-за мяжы аб’ядноўваюцца ў сумесных праектах. Мне здаецца, што вынікі гэтага мы ўбачым на адлегласці: павінен прайсці нейкі час, каб мы зразумелі гэта больш дакладна.

Але тое, што беларускую культурную сітуацыю вынесла на абсалютна іншы ўзровень, — гэта безумоўна. Я тут аптыміст: я б не казаў, што сітуацыя адкінутая кудысці на дзесяцігоддзі, хаця ў плане цэнзуры, канешне, усё адкінута нават ў сярэднявечча.

Тым не менш гэта дае нагоду цяперашні час правесці з найбольшай карысцю. Таму што ўтвараюцца новыя аб’яднанні, розныя інстытуцыі, цэнтры сілы. Спадзяюся на з’яўленне інстытута прамоцыі беларускай музыкі. Ужо з’явіліся беларуская незалежная кінаакадэмія, інстытут кнігі, інстытут тэатра. Калі глядзець пазітыўна, то ідуць даволі цікавыя працэсы, якія, безумоўна, будуць на карысць усёй нашай культуры. Выснову пакуль цяжка зрабіць, тут пакуль шматкроп’е.

“Артысты, якія выказалі антываенную пазіцыю, разумеюць, што шлях у Беларусь закрыты”

— Як сёння выглядае цэнзура ў Беларусі? Ці існуюць афіцыйныя “чорныя спісы”, як некалі?

— Я даследую гэтую тэму ўжо амаль 30 гадоў. Як арганізатар неаднаразова сутыкаўся з гэтым, але ніколі ніхто афіцыйна не пацвердзіць існаванне такіх спісаў. Калі яны і існуюць, то маюць хутчэй рэкамендацыйны характар. Ніхто не хоча ставіць пад гэтым подпісы ці легалізаваць, бо разумеюць, што гэта ў любым выпадку парушэнне Канстытуцыі і на будучыню — упісванне сябе ў гісторыю цэнзуравання.

Але, безумоўна, такія спісы заўжды былі і будуць пры цяперашнім рэжыме. Пытанне ў іх актуалізацыі. Зараз невядома, праз колькі сканераў гэта прапускаецца.

Ёсць самацэнзура з боку арганізатараў: яны ўжо дакладна ведаюць, каго варта падаваць на гастрольнае пасведчанне, а каго не. Ёсць цэнзура сярод непасрэдна артыстаў, якія разумеюць, ці могуць выйсці ў свет са сваім творам, спектаклем, канцэртам. Ёсць цэнзура непасрэдна ідэалагічная, якая можа падзяляцца на некалькі ўзроўняў.

Ёсць і дадатковая цэнзура, што з’яўляецца адносна новай з’явай, хаця праявы былі і раней. Гэта калі арганізатар прайшоў усе папярэднія колы цэнзуры, але ёсць вялікая верагоднасць, што падчас прэзентацыі, за некалькі хвілінаў да яе альбо на наступны дзень, усё можа быць згорнута ці адцэнзуравана яшчэ больш. Няма абсалютна ніякіх правілаў гульні.

Я, напрыклад, калі быў актыўным арганізатарам канцэртаў, прынамсі гэтыя правілы разумеў. Ведаў, каго можна пускаць на сцэну, а каго — не. Але цяпер гэтых правілаў няма, альбо яны змяняюцца вельмі хутка і за імі цяжка ўсачыць. Нічога новага ў параўнанні з ранейшымі часамі, толькі стала больш жорстка і хаатычна.

Фота: Беларуская рада культуры

— Існуе таксама цэнзура (ці самацэнзура з прычыны санкцый) і адносна замежных артыстаў. Атрымліваецца, адзінае, што могуць дазволіць сабе ў сэнсе культуры беларусы — гэта расійскія поп-зоркі, большасць якіх падтрымліваюць вайну і выдаюць не самы якасны кантэнт. Мы маем бадай выключна расійскае творчае асяроддзе. Ці не можа гэта дрэнна паўплываць на густы людзей?

— Каб ацаніць сітуацію, можна зайсці на сайт kvitki.by — там выразна відаць, што адбываецца ў індустрыі забаваў і канцэртнай сферы.

У 2021 годзе, калі ў Беларусь яшчэ ездзілі замежныя і рускія артысты, якія займалі адназначную пазіцыю адносна рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, ужо была спрэчка аб гэтым. З аднаго боку артысты, якія прыязжаюць у Беларусь, могуць разглядацца як тыя, хто падтрымлівае рэжым. З іншага боку, артысты, якія маюць “вольны дух”, могуць падсілкаваць тых, хто ў Беларусі, бо там застаецца неймаверная колькасць людзей, якія падзяляюць гэтыя ідэалы, дэмакратычныя каштоўнасці і г.д.

На гэтае пытанне ніколі не будзе правільнага адказу. Калі паглядзець у гісторыю, ці можам мы папракнуць The Rolling Stones за канцэрт у камуністычнай Варшаве ў 1967 годзе? Ці гэта было сведчаннем таго, што яны падтрымліваюць імперыю, што яны сталіністы, прыхільнікі камунізму? Таму гэта даволі маніпулятыўна можна трактаваць з усіх бакоў. І, безумоўна, усе артысты, якія выказалі антываенную пазіцыю, зараз разумеюць, што шлях у Беларусь для іх закрыты.

Адносна публікі, якая засталася, то калі людзі маюць свой густ, то паспрабуюць яго захаваць, а тым, хто мае кепскі густ, цяжка дапамагчы, бо яны б і так не пайшлі на нешта сэнсоўнае нават бясплатна. Складаная тэма…

Людзям у Беларусі не хапае нейкіх падзеяў ўжывую, і кампенсаваць гэта анлайн-трансляцыямі няпроста. Таму варта шырыць адукацыйныя праграмы, нэтворкінг, каб беларусы маглі выехаць хаця б на нейкі час, глынуць паветра, узяць натхнення і вярнуцца больш матываванымі на далейшую працу.

“Беларусы ажылі на новых месцах за мяжой”

— Як бы вы ацанілі становішча творчых людзей у эміграцыі? Якія бачыце тэндэнцыі?

— Гэта было б цікава замяраць і даследваць кожны год, таму што сітуацыя імкліва змяняецца. З таго, што бачна за апошнія тры гады: у 2021 годзе мы канстатавалі поўны разгром культурніцкага сектара, знішчэнне нацыянальнага тэатра, прыпыненне ўсіх стваральных працэсаў, ліквідацыю культурніцкіх арганізацый. Але праз год-два беларусы ажылі на новых месцах за мяжой.

Сектар аднавіўся сам, і ўжо летась налічвалася каля 200 новых культурніцкіх арганізацый, створаных беларусамі ў Беларусі і па-за яе межамі.

Тыя, каго ліквідавалі, пераехалі і перазаснаваліся. Такіх прыкладаў шмат. Тыя, хто застаўся, перайшлі ў іншыя формы існавання.

Гэтая здольнасць да самааднаўлення ўласцівая нашым людзям, і яна вельмі натхняе. Мы бачым, што ў Польшчы стварыліся і перастварыліся целыя брэнды — і ў кнігавыданні, і ў фестывальным руху. Ёсць пяцёрка буйных фэстаў, якія арыентаваныя не толькі на беларусаў, але і на знаёмства палякаў з беларусамі. З тэатральным рухам купалаўцы даюць рады. Хаця складана з фармату нацыянальнага тэатра перайсці на фармат тэатра “на каленцы”.

Гэтыя назіранні паказваюць: як ты гэта ні цкуй, як ні закатвай, забараняй і знішчай, — яно ўсё роўна прарастае, таму што гэта жывое. Культура з’яўляецца не з дырэктывы, а з душы. Пакуль людзям хочацца змагацца за сябе ў прафессіі, далей выказвацца, шукаць нейкія шляхі для самарэалізацыі — мы будзем сведкамі шмат якіх цікавых і яркіх праектаў. Якія без 2020 года, можа, і не з’явіліся б.

— То бок — прагноз пазітыўны?

— Я стараюся трымацца гэтай пазіцыі, хаця адваротны бок гэтага ўсяго — напэўна, галеча. Людзі выкінутыя, непадрыхтаваныя, перад імі стаяць пытанні легалізацыі, кватэрныя пытанні, і гэта ўплывае на ўсё. Але я спрабую глядзець на гэта пазітыўна, і самі людзі пацвярджаюць справамі, што нават без дзяржавы і вялікай падтрымкі, за тыя грошы, за якія нехта не ўздымецца з крэсла, можна зрабіць шыкоўныя рэчы.

“Манетызуе той, каго слухаюць”

— А што будзе з культурніцкім пластам у Беларусі, калі рэжым застанецца?

— Перад намі ёсць прыклад той жа Польшчы, якая больш за паўтара стагоддзі не мела дзяржавы, але людзі захавалі культуру і мову. У нас прайшло толькі чатыры гады, у параўнанні з гэтым сітуацыя не такая цяжкая і кепская.

Усе залежыць ад кожнага. Кожны індывідуальна можа зрабіць унёсак, каб захаваць культуру, перадаць яе, напяваючы дзецям беларускія песні, купляючы дагэтуль даступныя ў продажы беларускія кніжкі, альбомы і г.д.

— Як сёння выглядае беларускі артыст, як будуецца ягоная творчая дзейнасць?

— Можна падзяліць артыстаў умоўна на тры катэгорыі. Першая: працуюць выключна на сваю аўдыторыю, што сфармавалася за мяжой, — дыяспаральнае асяроддзе, і ім гэтага хапае, яны не маюць прэтэнзій на нешта большае.

Другая катэгорыя: тыя, хто, маючы на ўвазе беларускую аўдыторыю як свой падмурак, спрабуюць яе пашырыць за кошт руска-, украінска- і часам польскамоўнай. Яны спрабуюць ствараць песні на гэтых мовах ці калабарацыі з артыстамі з гэтых краін.

Трэцяя катэгорыя працуе выключна на заходні рынак і ніяк не пазіцыянуе сябе як беларускія артысты, яны маюць больш шырокую аўдыторыю. Кожны з гэтых шляхоў мае сэнс.

— Нядаўна музыка Аляксандр Памідораў захварэў і быў вымушаны звяртацца па дапамогу да суайчыннікаў. Як беларускія артысты сёння манетызуюць сваю творчасць (акрамя канцэртаў), чаму часам не могуць “дазволіць” сабе пахварэць, а каб забяспечыць сабе жыццё — павінны падпрацоўваць?

— Манетызуе той, каго слухаюць і хто атрымлівае ад праслухоўванняў аўтарскае роялці. Колькасць праслухоўванняў можна ўбачыць на пляцоўках накшталт Spotify, і гэта адпавядае камерцыйнай карціне.

Па манетызацыі канцэртаў, за выключэннем Макса Каржа ці “Молчат дома”, няшмат прыкладаў, калі гэта асноўны ці адзін з асноўных відаў прыбытку артыста.

Падпрацоўкі — не ўнікальная сітуацыя. Калі ўзяць амаль любую еўрапейскую краіну, сітуацыя там будзе прыкладна такая ж. Таму што ёсць артысты камерцыйна паспяховыя, ёсць андэграўнд, які не можа жыць са сваёй творчасці ці жыве вельмі сціпла, калі гэта жыццёвая пазіцыя і выбар. Даволі значная частка артыстаў, музыкаў, рэжысёраў займаюцца творчасцю разам ці паралельна з асноўнай працай. У гэтым няма нічога дзіўнага, не ўсе могуць зарабляць выключна творчай справай.

Даведка “Позірку”:

Паводле Беларускага ПЭНа, на 31 кастрычніка 2024 года ў няволі знаходзілася не менш за 168 дзеячаў культуры.

Улады намагаюцца выкрэсліць “варожых” артыстаў з медыяполя: прыкладам, у верасні на патрабаванне пракуратуры Гомельскай вобласці песні гурта Tor Band былі выдаленыя з прыкладання “Яндэкс Музыка”. У 2022 годзе творы гурта былі прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

31 кастрычніка 2023 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў вакаліста і гітарыста Tor Band Дзмітрыя Галавача да 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, ударніка Яўгена Бурло — да 8, бас-гітарыста Андрэя Ярэмчыка — да 7,5.

Ад палітычнага пераследу пацярпелі гурты Litesound (удзельнікі конкурсу “Еўрабачанне-2012”), Krumkač, Irdorath ды інш.

За 2023 год было зафіксавана 1.097 парушэнняў у дачыненні да 605 дзеячаў культуры.

13 кастрычніка міністр культуры Анатоль Маркевіч, прызначаны на пасаду ў лістападзе 2020 года без досведу працы ў гэтай сферы, заявіў аб выкараненні “дэструктыўных элементаў”. “Сёння ўсе мы — байцы культурнага фронту, мабілізаваныя на духоўную бітву за Беларусь. Час выбраў нас. Ад міністра да загадчыка клубам і сельскага бібліятэкара залежыць поспех у барацьбе за розумы і душы суграмадзян”, — цытавалі чыноўніка дзяржСМІ.

Паводле сцвярджэння кіраўніка Мінкульта, “ачысціўшыся ад дэструктыўных элементаў”, культурная супольнасць “засяродзіла намаганні на вырашэнні галоўнай задачы — выхаванні годных грамадзян і патрыётаў”.

Гл. таксама:

Сяргей Будкін: Рэжым спадзяецца адной паперкай знішчыць беларускую музыку

Падзяліцца: