Мінск 12:38

Швейцарскі гадзіннік. Камітэт ААН супраць катаванняў прыпыніў высылку беларуса

Мікалай Генераленка
Фота: асабісты архіў

Пасля пратэстаў 2020 года сотні тысяч беларусаў пакінулі краіну. Больш за ўсё ўцекачоў прынялі суседнія Літва і Польшча.

Літоўскі дазвол на жыхарства мелі амаль 60 тыс. беларусаў (на пачатак снежня 2024 года), польскі — амаль 130 тыс. (на пачатак студзеня 2024-га). Агульная колькасць суайчыннікаў у Польшчы ў пачатку адыходзячага года ацэньвалася ў 310 тыс.

Беларусы просяць прытулак і ў іншых краінах. Аднак у Швецыі, Швейцарыі, Балгарыі гэты працэс вельмі няпросты. 51-гадовы віцяблянін Мікалай Генераленка ледзь не быў высланы са Швейцарыі. Дапамог Камітэт ААН супраць катаванняў.

Візіт супрацоўніка КДБ

Генераленка ў 2020 годзе хадзіў на акцыі пратэсту ў родным горадзе. Сам ён з Украіны, мае там сваякоў. Асуджае дзеянні Расіі, выступае супраць вайны. Пляменнік служыць ва Узброеных сілах Украіны. Суразмоўца “Позірку” сцвярджае, што сёлета ў чэрвені да яго прыходзіў супрацоўнік КДБ. Убачыў яго і двух міліцыянтаў праз акно, спалохаўся, выдаліў падпіскі ў тэлефоне, дастаў сім-карту і пастараўся разбіць тэлефон.

Пытанні чалавека ў цывільным тычыліся сястры, якая жыве ў Швейцарыі, украінскіх сваякоў, у тым ліку пляменніка, і нават украінак, з якімі ён меў зносіны на сайце знаёмстваў.

“Яшчэ супрацоўнік пытаўся, ці прасіў мяне хто-небудзь нешта перадаць, схаваць. Я адказаў, што не. Ён прапанаваў мне паведаміць, калі раптам што такое будзе. Ну і параіў нікому не казаць пра яго візіт”, — кажа Генераленка.

Візіт яго шакаваў: тэлефон канфіскавалі, і “невядома, што там маглі знайсці потым”. У віцябляніна была віза Швейцарыі, праз некалькі дзён ён накіраваўся да сястры і на месцы папрасіў прытулку. Юрыдычнае суправаджэнне забяспечыў адвакат Вадзім Драздоў.

Паводле слоў Генераленкі, ён звяртаўся ў офіс Святланы Ціханоўскай, але не атрымаў падтрымкі. “У мяне прасілі копію пашпарта. Але было шмат “зліваў” такой адчувальнай інфармацыі розным органам у Беларусі, таму я сказаў, што гатовы прадставіць дакументы пры асабістай сустрэчы і падзяліцца потым сваёй гісторыяй са СМІ. Пасля гэтага яны спынілі са мной камунікацыю”, — сцвярджае Генераленка. Ён паказаў сканы перапіскі, з якіх вынікае, што на зварот у офіс яму адказалі праз 10 дзён. “Калі ўжо не было сэнсу, ужо Камітэт ААН [супраць катаванняў] прыпыніў дэпартацыю”, — кажа суразмоўца.

У офісе Ціханоўскай пацвердзілі факт звароту беларуса, але настойваюць, што далі яму неабходную кансультацыю.

“Прычыны не адпавядаюць умовам”

17 верасня 2024 года Дзяржаўны сакратарыят па міграцыі федэральнага дэпартамента юстыцыі і паліцыі Швейцарыі вынес адмоўнае рашэнне па заяве Генераленкі (копіі рашэнняў сакратарыята і адміністрацыйнага суда з перакладам маюцца ў рэдакцыі. — “Позірк”.). “Пасля стараннага вывучэння дакументаў у вашай справе мы прыйшлі да высновы, што прычыны, якія вы прывялі ў абгрунтаванне вашага хадайніцтва, не адпавядаюць умовам, неабходным для прызнання статусу ўцекача”, — гаворыцца ў рашэнні сакратарыята. Беларусу было загадана пакінуць краіну.

У прашэнні аб прытулку да міграцыйных уладаў Генераленка пісаў, што баіцца прыцягнення да адказнасці за “экстрэмізм”, які можа быць у канфіскаваным тэлефоне. Чыноўнікі, не адмаўляючы ўдзелу беларуса ў пратэстах, паставілі пад сумнеў ягоную гісторыю: “Калі б вы знаходзіліся пад сур’ёзным падазрэннем, наўрад ці можна паверыць, што супрацоўнік КДБ павінен быў задаволіцца простай гутаркай з вамі 23 чэрвеня 2024 года”.

Паводзіны беларускіх уладаў яны палічылі пасіўнымі і “пазбаўленымі ўсялякай логікі”, калі зыходзіць з таго, што Генераленка сапраўды пад прыцэлам. Швейцарцы не ўбачылі сэнсу ў пераследзе заяўніка, калі ён не быў сябрам палітычнай партыі ці арганізатарам дэманстрацыі, у якой браў удзел.

Папракнулі беларуса і ў тым, што ён летам 2024 года змог легальна пакінуць краіну. Міграцыйныя ўлады палічылі дзіўным, што візіт КДБ адбыўся за некалькі дзён да “законнага ад’езду”. Гісторыю Генераленкі чыноўнікі назвалі непраўдападобнай, а рызыку трапіць пад крымінальны або адміністрацыйны пераслед у выпадку вяртання ў Беларусь — неабгрунтаванай.

Адмову ў прытулку і абавязацельства пакінуць краіну Генераленка абскардзіў у Федэральным адміністрацыйным судзе. У кастрычніку суд разгледзеў скаргу і стаў на бок чыноўнікаў.

Мікалай Генераленка
Фота: асабісты архіў

Што ўпала, тое прапала

Паводле слоў адваката Вадзіма Драздова, кейс Генераленкі ўскладняўся тым, што ён не меў з сабой ніякіх доказаў сваёй дзейнасці — усё знікла разам з пабітым і канфіскаваным тэлефонам. Фатаграфіі з пратэстных акцый, позвы, скрыншоты, якія пацвярджаюць актыўнае выказванне грамадзянскай пазіцыі і данаты, — гэта менавіта тое, што дазваляе дакументальна абгрунтаваць рызыку палітычнага пераследу канкрэтнага чалавека і з’яўляецца ключавым пры звароце за міжнароднай абаронай.

Драздоў канстатуе, што ў міграцыйных службах еўрапейскіх краін, як правіла, не маюць ніякай інфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі “і гэта трэба прыняць як дадзенасць”. Больш за тое, выдача швейцарскіх віз амбасадай Венгрыі ў Мінску стала першай праблемай, з якой сутыкнуўся яго падабаронны: “Улады Швейцарыі палічылі, што ў Мікалая венгерская віза, і хацелі яго туды дэпартаваць. Адсутнасць дакументальных доказаў таксама паўплывала на адмоўнае рашэнне. Дзяржаўны сакратарыят па міграцыі не аспрэчваў яго ўдзелу ў пратэстах, але палічыў пераслед непраўдападобным, бо Мікалай не меў палітычнага аўтарытэту і з 2020 года ім не цікавіліся”.

Паводле слоў Драздова, ні міграцыйная служба, ні суд не абцяжарваюць сябе аналізам сітуацыі ў Беларусі, не разглядаюць паглыблена рызыкі, не пішуць запыты ў амбасаду Швейцарыі ў Мінску.

У запасе некалькі год

Адвакат накіраваў скаргу ў Камітэт ААН супраць катаванняў. Там прынялі прыведзеныя аргументы. Камітэт звярнуўся да швейцарскіх уладаў з просьбай не высылаць Генераленку ў Беларусь, пакуль скарга знаходзіцца на разглядзе. 11 лістапада Генеральны сакратарыят па міграцыі звярнуўся ў Дэпартамент прытулку і вяртання кантона Во (адміністрацыйны цэнтр Лазана) з просьбай прыпыніць працэдуру высылкі беларуса на перыяд разгляду скаргі Камітэтам ААН. Паводле слоў юрыста, у яго падапечнага будуць пэўныя абмежаванні, але ён хоць бы будзе ў бяспецы.

“Калі камітэт прызнае, што высылка майго кліента ў Беларусь парушыць Канвенцыю супраць катаванняў, швейцарскія ўлады будуць вымушаныя перагледзець сваё рашэнне”, — падкрэсліў адвакат.

У выпадку негатыўнага зыходу застаецца магчымасць падаць новае хадайніцтва аб міжнароднай абароне, аднак для гэтага будуць патрэбныя новыя падставы і аргументы. “Але прынамсі ў Мікалая будзе час, каб паспрабаваць іх сабраць”, — адзначыў Драздоў.

Камітэт ААН супраць катаванняў разглядае скаргі, як правіла, на працягу некалькіх гадоў.

Падзяліцца: