Мінск 20:04

КДК паскардзіўся Лукашэнку на гандлёвыя сеткі, якія ствараюць свае пякарні і канкуруюць з хлебазаводамі — дакумент

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 10 сакавіка ў 17.06.

Фота: vitvesti.by

Камітэт дзяржаўнага кантролю паскардзіўся Аляксандру Лукашэнку на буйныя гандлёвыя сеткі, якія арганізуюць уласную вытворчасць хлеба і хлебабулачных вырабаў і аказваюць на рознічным рынку ўсё больш сур’ёзную канкурэнцыю дзяржаўным хлебазаводам.

Гэта вынікае з ліста старшыні КДК Васіля Герасімава, накіраванага Лукашэнку 20 студзеня гэтага года. Дакумент мае грыф “Для службовага карыстання”, яго копію Позірку перадало аб’яднанне былых сілавікоў BelPol.

30% хлеба вырабляецца непасрэдна ў гандлёвых аб’ектах

Герасімаў звяртае ўвагу ў лісце, што ў 2024 годзе “працягвалася памяншэнне аб’ёмаў выпуску хлебапрадукцыі дзяржаўнымі хлебазаводамі, звязанае з павышэннем ўзроўню канкурэнцыі ў хлебапякарнай галіне за кошт пашырэння сеткі прыватных вытворцаў, у тым ліку буйных сеткавых гандлёвых арганізацый”.

Спасылаючыся на звесткі Белстата, кіраўнік КДК паведамляе, што летась у краіне “выраблена 233,4 тыс. тон хлеба і хлебабулачных вырабаў, што на 4,5% менш за ўзровень 2023 года”. “Пры гэтым, паводле аператыўнай інфармацыі, у 2024 годзе 30% хлебабулачных вырабаў выраблена непасрэдна аб’ектамі гандлю”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.

“Нягледзячы на накіраваныя ў пачатку мінулага года прапановы камітэта па стварэнні роўных умоў для вытворцаў хлеба і хлебабулачных вырабаў і гандлёвых сетак, урадам дзейсныя меры па змене сітуацыі не прынятыя”, — заяўляе Герасімаў.

Паводле яго слоў, ураду і “зацікаўленым дзяржорганам” неабходна “з улікам практыкі краін ЕАЭС” “актуалізаваць патрабаванні і ўстанавіць нормы па абавязковым дэклараванні адпаведнасці хлеба і хлебабулачных вырабаў пры іх рознічнай рэалізацыі”. Такому дэклараванню павінна падлягаць прадукцыя, вырабленая “як хлебазаводамі, так і аб’ектамі гандлю”.

Распаўсюджаны продаж хлеба са скончаным тэрмінам прыдатнасці

У сваім пасланні старшыня КДК таксама дакладвае аб мерах, прынятых ведамствам “у мэтах выканання даручэнняў” Лукашэнкі па ўзмацненні кантролю за “забеспячэннем належнай якасці і шырокага асартыменту хлеба і хлебабулачных вырабаў пры іх вытворчасці і рэалізацыі па выніках 2024 года”.

Згаданыя даручэнні былі дадзеныя 20 лістапада 2023 года і 31 студзеня 2024-га таксама пад грыфам “Для службовага карыстання”, вынікае з ліста.

Герасімаў паведамляе, што “ўрад і аблвыканкамы” рэалізуюць “комплекс мер па павышэнні эфектыўнасці хлебапякарнай галіны на 2024–2025 гады”, гэтая праца ў цэлым “дазволіла палепшыць сітуацыю ў частцы выканання тэхналогій, патрабаванняў ТНПА (тэхнічных нарматыўных прававых актаў. — Позірк“.) пры вытворчасці і рэалізацыі хлеба”.

“У мэтах кантролю за насычэннем спажывецкага рынку таварамі, у тым ліку хлебам і хлебабулачнымі вырабамі, у абласцях і ў Мінску арганізаванае правядзенне маніторынгаў гандлёвых аб’ектаў <…>, падчас якіх разам з асартыментнай прадстаўленасцю хлебабулачных вырабаў надаецца ўвага захаванню ўмоў захоўвання і рэалізацыі, тэрмінаў прыдатнасці прадукцыі”, — дакладвае старшыня КДК.

Акрамя гэтага, “ажыццяўляўся кантроль (нагляд) за выкананнем патрабаванняў пры выпуску і рэалізацыі хлеба і хлебабулачных вырабаў”. Таксама, паводле запэўнення Герасімава, “камітэтам арганізавана правядзенне тэлефонных “гарачых ліній” па пытаннях недастатковасці асартыменту і дрэннай якасці хлебабулачнай прадукцыі”.

“Інфармацыя аб выяўленых парушэннях аператыўна даводзілася да ведама мясцовых органаў улады, зацікаўленых дзяржаўных органаў і арганізацый для прыняцця аператыўных мер рэагавання”, — адзначае кіраўнік ведамства.

“Аднак, нягледзячы на прынятыя меры, праведзенымі ў 2024 годзе кантрольна-аналітычнымі мерапрыемствамі выяўлены нязначныя парушэнні, якія неадкладна ліквідаваліся, а вінаватыя прыцягваліся да адказнасці”, — гаворыцца ў дакуменце.

Такімі парушэннямі Герасімаў называе “недахопы тэхналогіі вытворчасці харчовай прадукцыі, факты неналежнага кантролю паказчыкаў бяспекі”, “нездавальняючы стан абсталявання, інвентару, тары, неадпаведнасць або адсутнасць маркіроўкі, неналежнае правядзенне вытворчага кантролю за тэхналагічнымі працэсамі і інш.”.

У гандлі адным з самых распаўсюджаных парушэнняў застаецца “рэалізацыя хлебабулачных вырабаў са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці”. Таксама звяртаецца ўвага на “невыкананне ўмоў захоўвання, цэласнасці ўпакоўкі, неадпаведнасць па вазе, недахоп асартыменту”.

Крыніца: BelPol Скрыншот: "Позірк"

Узбуджаныя тры крымінальныя справы

Паведамляецца, што КДК “сумесна з зацікаўленымі дзяржорганамі” праверыў у 2024 годзе больш за 1.000 аб’ектаў, па выніках гэтых праверак “выдадзена 560 прадпісанняў па ліквідацыі выяўленых парушэнняў (своечасовае выканання патрабаванняў ўзята на кантроль), 246 прадпісанняў аб прыпыненні работ [і] паслуг і аб канфіскацыі з абарачэння неадпаведнай прадукцыі (больш за 2 тоны)”. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнутыя “92 юрыдычныя асобы і 379 адказных асоб, вінаватых ва ўзнікненні парушэнняў, накіравана 308 інфармацый у органы выканаўчай улады, 202 — у зацікаўленыя ведамствы”, падкрэслівае Герасімаў.

Ён таксама інфармуе Лукашэнку аб распачынанні трох крымінальных спраў у дачыненні да службовых асоб ААТ “Барысаўхлебпрам” (Мінская вобласць) і ААТ “Віцебскхлебпрам” “паводле фактаў прычынення шкоды і атрымання хабараў”.

КДК лічыць неабходным вырабіць “лічбавую трансфармацыю” ў сферы вытворчасці хлеба і хлебабулачных вырабаў. Гэта, на думку Герасімава, забяспечыць “бесперапыннасць нагляду за сыравінай гатовай прадукцыі, эфектыўнасць кантролю за тэхналагічнымі працэсамі, якасцю выпускаемай прадукцыі, мадэрнізацыю прадпрыемстваў, павышэнне прадукцыйнасці працы”.

“Камітэтам праца па кантролі за забеспячэннем належнай якасці і бяспекі харчовай прадукцыі будзе працягнутая”, — рэзюмуе старшыня КДК.

Улады актыўна правяраюць сеткі рознічнага гандлю

У 2025 годзе ўлады працягваюць актыўныя праверкі ў аб’ектах гандлю, якія належаць буйным сеткам.

28 лютага паведамлялася, што Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) устаноўленыя парушэнні правілаў гандлю ва ўсіх правераных крамах сеткі “Хіт!”, якая належыць ТАА “Еўрагандаль”. Адзначалася, што былі правераны аб’екты гандлю па ўсёй краіне, іх колькасць не называлася.

Заяўлялася, што ў кожнай другой краме прапаноўваліся да рэалізацыі тавары са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці. Таксама выяўлена невыкананне пераліку тавараў, наяўнасць якіх абавязкова ў гандлёвым аб’екце (больш за 70% правераных крам); рэалізацыя тавараў без неабходнай і дакладнай інфармацыі; адсутнасць або неналежнае афармленне цэннікаў; рэалізацыя гародніны з прыкметамі недабраякаснасці; эксплуатацыя вагаў, якія не прайшлі своечасовую дзяржаўную паверку.

20 лютага МАРГ паведаміў, што парушэнні ўстаноўленыя ў 96% гандлёвых аб’ектаў рознічнай сеткі “Капеечка”.

Раней МАРГ выставіў маштабныя прэтэнзіі да інтэрнэт-пляцоўкі “Вайлдбэрыз” і гандлёвай сеткі “Суседзі”.

14 студзеня ведамства ўзначаліў былы дыпламатычны работнік і былы першы намеснік міністра гандлю Артур Карповіч.

Лукашэнка, звяртаючыся да яго, заявіў, што ўлады будуць кантраляваць прыватныя гандлёвыя прадпрыемствы і “накіроўваць іх працу”.

Ён таксама даручыў новаму міністру “вывучыць досвед савецкага гандлю і зрабіць усё, каб на прылаўках быў асартыментны пералік тавараў”.

Пасля відэа ў "ЦікТоку" з зацвілымі лавашамі Лукашэнка даручыў арганізаваць праверкі на хлебазаводах — дакумент

Апублікавана на адкрытай версіі "Позірку" 27 снежня ў 9:05. 25 снежня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся правесці праверкі на хлебазаводах пасля публікацыі відэаролікаў у сацсетцы "ЦікТок", у якіх паказаныя лавашы з цвіллю, вынікае са службовага ліста намесніка прэм'ер-міністра Юрыя Шулейкі, перададзенага …
Падзяліцца: