Абанент часова недаступны. 1 верасня ў школах уводзіцца забарона на выкарыстанне мабільных тэлефонаў вучнямі і настаўнікамі

1 верасня набывае моц пастанова Міністэрства адукацыі № 136 з маркотнай назвай “Аб змяненні пастановы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 3 жніўня 2022 г. № 227“. Дакумент, аднак, сярод іншага накіраваны на абмежаванне выкарыстання прылад мабільнай сувязі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
За парушэнне — дзённік на стол
Пастанова ўносіць змены ў Правілы бяспекі арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. З новага навучальнага года мабільныя прылады вучні будуць здаваць у спецыяльныя камеры захоўвання перад пачаткам заняткаў, забраць тэлефоны будзе можна пасля ўрокаў.
Дзяржаўнае выданне “Мінская праўда“ паведамляла, што ў выпадку, калі ў вучня знойдуць тэлефон падчас урока, ён павінен будзе напісаць тлумачальную, а “пры паўторным парушэнні рушыць услед спагнанне”.
Як удакладніў тэлеграм-канал “Учителя столицы“ (“Настаўнікі сталіцы”), “у выпадку аднаразовага парушэння правілаў карыстання прыладамі мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) навучэнец павінен напісаць тлумачальную запіску з указаннем прычыны парушэння“. Класны кіраўнік ці настаўнік робіць вучню запіс у дзённік.
“Пры паўторным факце парушэння правілаў карыстання прыладамі мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) ажыццяўляецца канфіскацыя тэлефона ў навучэнца. Ва ўстанову адукацыі запрашаюцца бацькі (законныя прадстаўнікі), і пасля гутаркі з дырэктарам (членам адміністрацыі) ім вяртаецца прылада мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі). На навучэнца накладаецца спагнанне, вызначанае дырэктарам установы адукацыі”, — гаворыцца ў паведамленні канала.
Забароненыя будуць і смарт-гадзіннікі, заявілі ў Камітэце па адукацыі Мінгарвыканкама. Яны “могуць разглядацца як сродак мабільнай сувязі“, таму на іх распаўсюджваецца забарона на выкарыстанне “на ўвесь перыяд знаходжання ва ўстанове адукацыі”.
Забарона адзіная для ўсіх
Забарона на выкарыстанне сродкаў мабільнай сувязі закране не толькі вучняў, але і настаўнікаў. Паводле зменаў у Правілах бяспекі арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, “выкарыстанне педагагічнымі работнікамі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі прылад мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) падчас адукацыйнага працэсу не дапускаецца”.
Пры гэтым у дакуменце не канкрэтызуецца, дзе будуць захоўваць свае тэлефоны выкладчыкі, тады як алгарытм захоўвання для вучняў распісаны падрабязна.
Так, у якасці месцаў захоўвання прылад мабільнай сувязі, згодна з правіламі, могуць быць выкарыстаныя “індывідуальныя ячэйкі для захоўвання асабістых рэчаў навучэнцаў; ячэйкі (кейсы) для захоўвання прылад мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) навучэнцаў аднаго класа; памяшкання гардэроба (пры наяўнасці асобных памяшканняў для кожнага класа); асобнае памяшканне (шафа) для захоўвання ячэек (кейсаў) з прыладамі мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі), якое замыкаецца на ключ“.
Пры ўваходзе ва ўстанову агульнай сярэдняй адукацыі навучэнцы “пераводзяць прыладу мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) у стан бясшумнага рэжыму“ і пакідаюць у спецыяльна адведзеным месцы для захоўвання на працягу навучальнага дня, гаворыцца ў дакуменце.
Але ці ёсць выключэнні?
Пры гэтым забарона на выкарыстанне мабільных прылад мае шэраг выключэнняў, яны падобныя для вучняў і выкладчыкаў.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, выкарыстоўваць сродкі мабільнай сувязі ва ўстановах адукацыі змогуць дзеці і падлеткі, якія “маюць патрэбу ў выкарыстанні мабільных прылад па стане здароўя“.
“Напрыклад, для правядзення маніторынгу цукру ў крыві пры цукровым дыябеце (той выпадак, калі дзіця знаходзіцца на помпавай інсулінатэрапіі) або калі ў маленькага пацыента выяўлена захворванне, звязанае з парушэннем рытму сэрца“, — гаворыцца ў паведамленні ведамства ад 27 жніўня.
У Міністэрстве аховы здароўя заклікалі супрацоўнікаў паліклінік, амбулаторый, фельчарска-акушэрскіх пунктаў “у сувязі з неабходнасцю вызначэння групы дзяцей, якім трэба выкарыстоўваць сродкі мабільнай сувязі ва ўстановах адукацыі“, дадаць у медыцынскую даведку рэкамендацыю “кантроль глікеміі праводзіцца сістэмай бесперапыннага маніторынгу глюкозы з выкарыстаннем мабільнага дадатку або кантроль рытму сэрца фіксуецца з дапамогай мабільнага дадатку“.
Пры наяўнасці ў пацыента захворвання апорна-рухальнага апарата ў графу “рэкамендацыі“ медыцынскай даведкі Міністэрства аховы здароўя прапануе ўключыць ўздым цяжараў да 3 кг (да 5 кг). Пры гэтым медыцынскі спецыяліст мае права “не згадваць у даведцы найменне мабільнай прылады для выкарыстання электронных падручнікаў”.
У пацыентаў з захворваннямі, звязанымі з парушэннем камунікацыі (напрыклад, расстройства аўтыстычнага спектру), “магчыма выкарыстанне на мабільнай прыладзе прыкладання па альтэрнатыўнай дадатковай камунікацыі“.
Навучэнцы з парушэннем слыху і (або) зроку “могуць выкарыстоўваць прыладу мабільнай сувязі як сінхранізатар маўлення“.
“Недапушчальна пазначаць у медыцынскай даведцы агульную рэкамендацыю: дазволена выкарыстанне мабільнай сувязі паводле медыцынскіх паказанняў”, — падкрэслілі ў Міністэрстве аховы здароўя.
Згодна з Правіламі бяспекі арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, “выкарыстанне педагагічнымі работнікамі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі прылад мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) падчас адукацыйнага працэсу не дапускаецца, за выключэннем выпадкаў узнікнення пагрозы жыццю або здароўю навучэнцаў, работнікаў, іншых экстраных выпадкаў”.
У асобных выпадках для аператыўнай сувязі з законнымі прадстаўнікамі, блізкімі сваякамі вучні могуць выкарыстоўваць прылады мабільнай сувязі “з дазволу дзяжурнага адміністратара або асобы, адказнай за захоўванне прылад мабільнай сувязі навучэнцаў”.
Галоўнае — без выхаду ў інтэрнет
Міністр адукацыі Андрэй Іванец 25 жніўня заявіў, што яго ведамства падрыхтавала адпаведную памятку, каб “максімальна шырока растлумачыць, у тым ліку бацькам і навучэнцам, аб парадку выкарыстання мабільных сродкаў у школах“.
Кіраўнік Мінадукацыі таксама заявіў, што ў школах можна будзе карыстацца планшэтамі з электроннымі навучальнымі дапаможнікамі.
“Прылады павінны быць без выхаду ў інтэрнет і без магчымасці забеспячэння мабільнай сувязі. Тут гаворка ідзе пра дзяцей, у якіх ёсць праблемы з апорна-рухальным апаратам, якім не паказана нашэнне заплечнікаў з навучальнымі дапаможнікамі“, — адзначыў кіраўнік адукацыйнага ведамства.
Адказваючы на пытанне, ці можна будзе карыстацца электроннай кнігай, якая змяшчае школьныя падручнікі, міністр падкрэсліў, што гэтыя пытанні трэба вырашаць індывідуальна.
“Калі ў прылады няма выхаду ў інтэрнет і падключэння да мабільнай сувязі, то не будзе праблем“, — дадаў ён.