
35 гадоў таму група артадаксальных камуністычных дзеячаў паспрабавала выратаваць СССР, які распаўзаўся па швах, але паражэнне іх путчу толькі паскорыла распад савецкай імперыі. За яе дэмантаж апантана змагаўся Беларускі народны фронт (БНФ). А вось Аляксандр Лукашэнка хоць і асудзіў хунту ў выглядзе ГКЧП, за незалежнасць Беларусі не галасаваў.
Чаму дэпутат Лукашэнка таксама асудзіў хунту
На пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савета БССР, скліканай пасля правалу путчыстаў, малаколькасная, але баявая апазіцыя БНФ, выкарыстоўваючы шок кансерватыўнай большасці, дамаглася прыпынення дзейнасці Кампартыі. Гістарычным стала рашэнне надаць Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце 1990 года статус канстытуцыйнага закона.
На той “сесіі Незалежнасці“ дэпутат Лукашэнка выступаў шмат і блытана. Так, ён крытыкаваў дзеячаў, якія падтрымалі ГКЧП. Яго палітычная чуйка, трэба думаць, падказвала: кідаючы камяні ў дакучлівую грамадству старую наменклатуру, можна лёгка заваяваць сімпатыі простага народа.
Але калі справа дайшла да галоўнага пытання — ператварыць дэкларацыю аб суверэнітэце ў паўнавартасную юрыдычную аснову незалежнай дзяржавы, — Лукашэнка стаў пярэчыць. Маўляў, Беларусь апынецца ў “эканамічнай і палітычнай ізаляцыі ад Расіі і іншых рэспублік”. У гэтым галасаванні ён проста не ўдзельнічаў.
Пазней, у снежні, ён не стане галасаваць за ратыфікацыю Белавежскіх пагадненняў. Хоць потым будзе распаўсюджваць міф, што быў адзіным, хто галасаваў супраць “развалу Савецкага Саюза“.
Такім чынам, хоць у жніўні 1991-га Лукашэнка, як і БНФ, асудзіў путч, гэта было прадыктавана не прагай незалежнасці, а выключна кан’юнктурнымі меркаваннямі амбіцыйнага дзеяча з глыбінкі.
Узляцеў на распадзе імперыі, хоць выступаў супраць яе дэмантажу
Парадокс у тым, што гэты праціўнік дэмантажу імперыі здолеў эфектыўна выкарыстоўваць наступствы яе распаду для свайго палітычнага ўзвышэння.
Пасля ён не аднойчы будзе публічна смуткаваць наконт смерці СССР. Але калі б не ўзнікна незалежная Беларусь, Лукашэнка, натуральна, у прынцыпе не мог бы стаць прэзідэнтам асобнай дзяржавы. Ну дарос бы ў лепшым выпадку да інструктара райкама партыі.
Пры гэтым, аднак, ён прыйшоў да ўлады не на лозунгах умацавання незалежнасці, з якімі выступаў БНФ, а наадварот — абяцаючы вярнуць “светлае мінулае“.
Гэты таленавіты папуліст спрытна выкарыстаў незадаволенасць электарату постсавецкай разрухай, падзеннем узроўню жыцця. На выбарах 1994 года ён набраў нашмат больш галасоў, чым лідар БНФ Зянон Пазьняк.
Імкнучыся займець крамлёўскі трон пасля Барыса Ельцына, Лукашэнка стаў разганяць ідэю “братэрскай інтэграцыі” з Расіяй. Яму прыпісваюць фразу: “Беларусь для мяне — пройдзены этап”. Мяркуючы па ўсім, ён быў гатовы лёгка ахвяраваць суверэнітэтам сваёй дзяржавы дзеля шапкі Манамаха.
І толькі калі Уладзімір Пуцін, які нечакана займеў гэтую шапку, стаў дамагацца аб’яднання на сваіх умовах, Лукашэнка абрадзіўся ў тогу абаронцы суверэнітэту. “Нават Ленін і Сталін не дадумаліся да таго, каб раздрабіць рэспубліку і ўключыць у склад СССР“, — так адрэагаваў ён на пуцінскую прапанову аб’яднацца ў 2002 годзе.
Пачалася эпоха канфліктаў з Масквой. Але Лукашэнка змагаўся не за незалежнасць як такую, а за сваю ўладу на пэўнай тэрыторыі, калі ўжо не пашанцавала ўзяць Крэмль.
Пры гэтым кіраўнік Беларусі не спыняў “саюзнае будаўніцтва“, бо мог выгандлёўваць танныя рэсурсы. Так што эканамічныя і піяраўскія войны з расійскім кіраўніцтвам то заканчваліся кампраміснымі ўгодамі, то ўспыхвалі зноў.
Гульня ў інтэграцыю: Беларусь апынулася ў пастцы
Часам у перыяды супрацьстаяння прамовы беларускага кіраўніка практычна супадалі з тэзісамі перакананага ворага імперыі — Пазьняка.
Напрыклад, у лютым 2020 года Лукашэнка, кажучы пра расійскія ўлады, абураўся: “Яны разумеюць інтэграцыю як паглынанне Беларусі. Гэта не інтэграцыя! Гэта інкарпарацыя! На гэта я ніколі не пайду”.
Але ён адразу ж пайшоў на паклон да Пуціна, запытаў дапамогу, калі грымнулі пратэсты 2020 года. Маскоўская падтрымка натхніла сілавікоў, дапамагла пазбегнуць расколу элітаў у Беларусі (без чаго рэвалюцыя перамагчы не можа).
Аднак плата Крамлю за гэтую паслугу выявілася жахлівай. Лукашэнка быў вымушаны даць расійскай арміі плацдарм для нападу на Украіну ў 2022-м. Заціснутую заходнімі санкцыямі беларускую эканоміку яшчэ больш перакасіла на ўсход, залежнасць ад РФ стала выглядаць катастрафічнай.
Калі агулам ацэньваць эпоху кіравання Лукашэнкі, можна зрабіць выснову, што праз ягоную авантурную гульню ў “саюзную інтэграцыю“ краіна апынулася ў маскоўскім капкане.
Час працуе супраць Крамля
Ці фатальная гэтая сітуацыя? Думаю, што ўсё ж не.
Ужо доўгі час сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што доля беларусаў, якія выступаюць за аб’яднанне з Расіяй, вельмі малая.
Напрыклад, тэлефоннае апытанне, якое праводзіла ў жніўні 2024 года “Беларуская аналітычная майстэрня“ на чале з Андрэем Вардамацкім, паказала: толькі 3,7% рэспандэнтаў хочуць, каб Беларусь стала адным з суб’ектаў РФ.
Сацыялагічны маніторынг, які ў 2025 годзе правёў iSANS, паказаў, што ідэю далучыць сваю краіну да Расіі ў якасці суб’екта федэрацыі падтрымлівае толькі 3% беларусаў-гараджан.
Падобна на тое, што напад імперыі на Украіну прымусіў беларусаў яшчэ мацней запаважаць суверэнітэт. Бо інакш з украінскага фронту ўжо плыняй ішлі б труны і ў нашы гарады і вёскі.
Так, суверэнітэт Беларусі пакуль хісткі. Расійскае кіраўніцтва намагаецца ўзнавіць падабенства савецкай імперыі. Розніца толькі ў тым, што Украіну яна хоча ўзяць сілай, а Беларусь — ціхай сапай.
Пуцін, як і ГКЧП у 1991-м, спрабуе павярнуць час назад. Але ўжо калі не ўдалося тады, той тым больш сумнеўна, што атрымаецца цяпер.
Супраць імперскага рэваншу працуе шмат фактараў, у тым ліку і несумненна мацнейшая нацыянальная самасвядомасць беларусаў.



