Мінск 15:13

Рулі да сваіх-2, або Як еўрапейскай нацыі асвоіць язду ў Еўрапейскім саюзе

Курсант Кірыл (злева) і інструктар Фабіян падчас навучання сталі роднаснымі душамі
Фота: "Позірк"

Пасля выхаду матэрыялу пра аўташколу Denis Drive прайшоў ужо пэўны час, і наш карэспандэнт вырашыў спраўдзіць на практыцы, ці насамрэч усё там так “гладка” і прыгожа, як пішуць у абсалютнай большасці водгукаў пра яе (прынамсі ці спраўджваецца рэйтынг 4,8 з 5 магчымых на Google Maps). Хацелася б, вядома, “паездзіць” з беларусам, але гэта аказалася адначасова лёгкай, бо беларусаў у школе шмат, і цяжкай задачай, бо не ўсе беларусы хацелі “свяціцца” ў незалежных СМІ.

Ад старых канфліктаў да новых магчымасцяў

Нарэшце “зоркі сышліся”. Нашым суразмоўцам пагадзіўся стаць Кірыл, які, як высветлілася, пражывае ў Польшчы з 2019 года.

— Калі вы прыйшлі ў аўташколу Denis Drive, чаму менавіта ў яе, і якія ўражанні ў вас ад заняткаў?

— У 2022-м ці нават 2023 годзе я вучыўся ў іншай аўташколе, але ў выніку наведаў толькі тры заняткі, бо спадар інструктар падчас інструктажу рэальна выходзіў з сябе, а на трэцім занятку чамусьці вырашыў, што ён апошні.

Інструктар мне шмат нагаварыў пра мой астыгматызм, што мой апошні шанец — гэта аўтаматычная каробка перадач і што я “найгоршы ўкраінец, з якім яму давялося працаваць”.

— Украінец?

— Менавіта так (усміхаецца). Пасля гэтага я забраў дакументы і быў даволі доўгі час не гатовы інтэнсіўна займацца кіраваннем.

Але пасля я ўбачыў рэкламу Denis Drive на падкасце “Зроблена ў Польшчы” і вырашыў, як кажуць, “падтрымаць сваіх” і аніводнага разу пра гэта не пашкадаваў.

У мяне не было аніводнага канфлікту з інструктарам, хаця ён зараз у мяне і чацвёрты, але гэта не з-за таго, што папярэднія тры былі дрэннымі, а з-за сістэмы запісу.

Умоўна кажучы, калі табе падабаўся нейкі інструктар, ён, пэўна ж, падабаўся і іншым. І ў наступны раз з улікам майго працоўнага графіку і вялікага попыту на паслугі згаданага чалавека можа і не атрымацца ізноў трапіць да яго, у яго проста няма патрэбнага табе “слота”.

Я крыху спяшаюся, бо хачу паспець здаць экзамен да пачатку кастрычніка, і таму вырашыў паспрабаваць працаваць з рознымі інструктарамі.

І, скажу шчыра, гэта для мяне, прынамсі пакуль, пазітыўны досвед. Мой першы інструктар, пан Артур, ушчэнт разбіў тую “стыгму”, якую я меў наконт інструктараў у папярэдняй аўташколе. Спадар Радослаў даў мне яшчэ больш упэўненасці ў сябе. А спадар Гжэгаж паказаў мне нарэшце, як правільна сядзець у машыне — іншыя інструктары чамусьці на гэтую частку звярталі не так шмат увагі.

Дарэчы, апошнія сем заняткаў у мяне ўсё ж будуць ізноў з Артурам, таму што ён хутка вяртаецца з адпачынку і за гэты час я здолеў забраніраваць слоты для заняткаў з ім.

Дарэчы, праца з рознымі інструктарамі дае магчымасць паглядзець на розныя стылі кіравання, паспрабаваць свае на розных машынах са сваёй спецыфікай.

“Це мій інструктор”

— Здаецца, нейкая машына пад’язджае. Можа, гэта наш сённяшні інструктар?

— Це мій інструктор, — нечакана падала голас дзяўчына, якая стаяла непадалёк ад нас і ўбачыла, што мы рушылі ў напрамку “яе аўтамабіля”.

— Мы не прэтэндуем на вашага інструктара, але, раз ужо мы тут, можаце расказаць для беларускага незалежнага СМІ пра свае ўражанні ад аўташколы?

— У аўташколе Denis Drive я прайшла сапраўды класны курс тэорыі, — з энтузіязмам распачала аповед наша новая суразмоўніца Паліна, якая, як можна было зразумець, прыехала ў Польшчу з Украіны. — Нам сапраўды ўсё “разжавалі”, прычым усяго толькі за два дні! І, завяршаючы навучанне, а сёння ў мяне экзамен, я вырашыла апошні раз пазаймацца са сваім інструктарам. І я сапраўды знайшла свайго інструктара, — са шчаслівым выглядам сказала Паліна і накіравалася да аўтамабіля, а нам засталося толькі пажадаць ёй поспехаў на іспыце.

А праз хвіліну прыехаў і пан Фабіян. Як высветлілася пазней, гэта 53-гадовы былы паліцэйскі на пенсіі, ужо больш за 10 гадоў працуе інструктарам і больш за 30 гадоў жыве ў Варшаве. Яшчэ пазней ён прызнаўся, што вельмі хацеў бы наведаць Беларусь, а канкрэтна — радзіму сваёй жонкі, Лідскі раён Гродзенскай вобласці.

Хітрая чыгунка

Мы селі ў машыну, Кірыл — за руль, інструктар побач, карэспандэнт — на задняе сядзенне. І тут Кірыл зрабіў першую і, крыху забягаючы наперад, амаль што і апошнюю памылку, характэрную для пачынаючых кіроўцаў: забыў “зняць з ручніка”.

Далей размова ішла збольшага з панам Фабіанам, на польскай мове. Калі мы пад’ехалі да месца, дзе жыхары Варшавы здаюць іспыты для атрымання вадзіцельскага пасведчання (вуліца Адлеўніча) і вучэбных машын (у Польшчы абазначаюцца літарай L з англійскага “Learner”, вучань, ці “Learning”, навучанне), наш інструктар звярнуў увагу на “дзіўную” чыгунку, якая перасякала вуліцу і амаль адразу заканчвалася.

Фабіян: Вы ніколі не ўбачыце тут цягнік. Гэту чыгунку не дэмантуюць спецыяльна, бо яе выкарыстоўваюць на экзаменах. Калі вы выязджаеце з месца, дзе пачынаецца экзамен, налева, вы мусіце па ўсіх правілах прыпыніцца, паглядзець налева і направа і плаўна пераехаць гэтую чыгунку, а вяртаючыся назад, — трамвайныя шляхі. А калі выязджаеце направа, то адпаведна наадварот, чыгунка ў вас будзе ў канцы экзамену.

Кірыл упэўнена едзе па Варшаве, Фабіян нябачна страхуе побач
Фота: "Позірк"

Нечаканая карысць ад уступлення ў ЕС

— Калі ўжо мы загаварылі пра экзамены. Я 20 гадоў таму навучаўся ў аўташколе ў Беларусі, экзаменатары маглі рабіць “правакацыі”. Напрыклад, загадаць прыпыніцца ў тым месцы, дзе гэта забаронена, і адпаведна, калі ты рабіў гэта, экзамен лічыўся праваленым. А ці ёсць такое ў Польшчы?

— Было і такое, але вельмі даўно і скончылася яшчэ ў 1990-х гадах. Напрыклад, калі я сам здаваў экзамен у 1990 годзе, экзаменатар мог загадаць мне павярнуць налева, хаця паварот быў забаронены, і экзамен адразу лічыўся праваленым, гэта праўда. Але, мусіць, цалкам гэтая практыка спынілася ўжо напярэдадні ўступлення Польшчы ў ЕС (у 2004 годзе. — “Позірк”.), бо гэта была таксама нейкая “ўніфікацыя” з еўрапейскімі правіламі.

“На наступным скрыжаванні налева… Крыху больш радыус павароту рабі, — спакойна сказаў Фабіян Кірылу, перарваўшы свой маналог. — Зараз зробім разварот, потым яшчэ раз паспрабуем праехаць на гэтым скрыжаванні направа, а пазней папрактыкуем паркінг ля гандлёвага цэнтра”.

Пра айцішнікаў-аўташкольнікаў і сапраўдных еўрабеларусаў

Трэба сказаць, што Кірыл на самой справе трымаўся дастаткова ўпэўнена, і праз некаторы час наш карэспандэнт задаў Фабіяну яшчэ адно пытанне:

Вы казалі, што ў вас ужо вялікі досвед працы інструктарам аўташкол. Ці можаце адзначыць нейкую асаблівую рысу навучэнцаў з Беларусі?

— Паводле маіх назіранняў, пераважная большасць беларусаў, якія навучаюцца ў польскіх аўташколах, — айцішнікі. Гэта вельмі адукаваныя людзі.

Але галоўнае нават не гэта. Спадзяюся, нікога не абражу, але ментальна беларусы вельмі падобныя да палякаў, да Захаду, і не толькі ў тым, што тычыцца адукаванасці. Я б увогуле адзначыў: ментальна вельмі цяжка адрозніць беларуса ад паляка, скажу так, вельмі дыпламатычна. Калі б Беларусь была ў Еўрапейскім саюзе, дык і ўвогуле было б вельмі цяжка адрозніваць прадстаўнікоў дзвюх нацый.

Нават тыя ж самыя украінцы — яны ўжо крышачку іншыя. Не буду казаць, горшыя ці лепшыя, але іншыя. Скажу толькі, што, на мой погляд, беларусы ментальна бліжэй да Еўропы.

І ўвогуле я ўпэўнены, што, каб не пэўная дзіўная палітычная сітуацыя, Беларусь ужо вельмі даўно была б сябрам Еўрапейскага саюза.

Прыехалі!
Фота: "Позірк"

Спакой у рэальных умовах

Паўтары гадзіны навучання прайшлі вельмі хутка, і напрыканцы карэспандэнт спытаў і Кірыла, і Фабіяна пра ўражанні ад сённяшняга занятку.

Фабіян ацаніў Кірыла як “вельмі добрага” навучэнца, і насамрэч было цяжка з ім не пагадзіцца, а гісторыя пра “астыгматызм”, “апошні шанец” бачылася вельмі дзіўнай.

— Мне вельмі моцна спадабалася, усё было вельмі канкрэтна, вельмі па справе. Калі памыляўся, мяне выпраўлялі. Усё было вельмі спакойна, але абсалютна без пачуцця нейкага “безалабернага” ці абыякавага стаўлення інструктара. Мы вадзілі машыну ў горадзе, у рэальных умовах… У мяне вельмі моцныя ўражанні, я вельмі задаволены, — натхнёна заключыў Кірыл.

Што тычыцца Фабіяна, то яго чакала даволі “няпростая” дзяўчына, якая, мяркуючы па ўсім, крыху нервавалася, бо ўжо некалькі разоў не магла здаць экзамен пасля навучання ў іншай аўташколе, пасля чаго ёй параілі ўзяць урокі ў Denis Drive.

Мы не сталі яе нерваваць, тым больш што з адной яе зямлячкай “Позірку” ўдалося крышачку пагутарыць, і на гэтым пакуль скончылі практычную частку знаёмства з Denis Drive.

Аўташкола Denis Drive у ВАРШАВЕ, УРОЦЛАВЕ, ГДЫНІ і БЕЛАСТОКУ:

Нашы тэлефоны ў ВАРШАВЕ: 733949043, 733949041

Адрас: Warszawa, 03-542, ulica Michała Ossowskiego 11. Lokal U14

Час працы офіса ў Варшаве: панядзелак  пятніца з 9:00 да 18:00

Нашы тэлефоны ва УРОЦЛАВЕ: 733949043, 733949041

Адрас: Wrocław, 50-541, aleja Armii Krajowej 53/121

Час працы офіса ва Уроцлаве: панядзелак  пятніца з 10:00 да 18:00

Нашы тэлефоны ў ГДЫНІ: 733949043, 733949041

Адрас: Gdynia, 81-335, ulica Janka Wiśniewskiego 13/214

Час працы офіса ў Гдыні: панядзелак  пятніца з 10:00 да 18:00

Нашы тэлефоны ў БЕЛАСТОКУ: 733949043, 733949041

Адрас: Białystok, 15-424, ulica Lipowa 17/1.

Час працы офіса ў Беластоку: панядзелак — пятніца з 10:00 да 18:00

Наш чат-бот з падрабязнай інфармацыяй пра ўсё: https://t.me/DenisDrive_bot

Сайт: https://ddrive.pl/pl

Інстаграм: тут.

Фэйсбук: тут.

Ютуб-канал: тут.

* Партнёрскі матэрыял

Падзяліцца: