Мінск 14:01

Рулі да сваіх. Як беларусу атрымаць без стрэсу правы кіроўцы ў Польшчы

Фота: "Позірк"

Навучанне ў аўташколе — заўсёды пэўны стрэс. А калі яно праходзіць у чужой краіне і на чужой мове — стрэс падвойваецца. У гэтым выпадку беларусам Польшчы пашанцавала: у Варшаве, Уроцлаве, Гдыні і Беластоку ёсць аўташкола Denis Drive, уладальнікам якой з’яўляецца беларус Дзяніс Герасімчык.

Аўташкола ў Польшчы не бізнэс, а ўстанова адукацыі

Чаму вырашылі адкрыць аўташколу ў Польшчы? Калі прыйшла такая ідэя?

— Увогуле я прафесійны кіроўца, маю ўсе катэгорыі правоў, акрамя “А“. Аднойчы сябры прапанавалі мне прайсці курс для інструктараў аўташкол. Я ўспрыняў гэта як новы выклік, паспяхова скончыў гэтыя курсы ў 2019 годзе. Дарэчы, навучанне на іх у Польшчы доўжыцца цэлых паўтара года. Некаторы час папрацаваў інструктарам і вырашыў адкрыць сваю аўташколу.

А ў Беларусі ў вас жа таксама быў свой бізнес? Дзе прасцей ім займацца?

— Так, у Беларусі ў мяне быў бізнес. Але аўташкола ў Польшчы гэта ў першую чаргу не бізнус, хоць яна і прыносіць пэўны прыбытак.

Аўташкола гэта прыкладна такая ж установа адукацыі, як і звычайная прыватная школа, і кіраваць ім досыць складана. Ёсць шмат розных патрабаванняў для атрымання ліцэнзіі, кантралюючыя органы пастаянна праводзяць праверкі…

Дарэчы, калісьці ў маладосці я хацеў быць настаўнікам, але лёс распарадзіўся па-іншаму. І ўжо пражыўшы большую частку жыцця, я раптам абсалютна інтуітыўна адчуў, што ў мяне ёсць дар навучаць людзей, трымаць фокус іх увагі.

Больш за тое, я дакладна ведаю, што натхніў многіх украінцаў і беларусаў адкрыць у Польшчы свае аўташколы.

Але адразу павінен заўважыць, што ў першую чаргу аўташкола — гэта не крэслы, сталы, плакаты і машыны, а калектыў. Напрыклад, у тым раёне Варшавы, дзе я жыву, тры агульнаадукацыйныя школы, але ўсе бацькі хочуць аддаць сваіх дзяцей толькі ў адну з іх, а ў дзве іншыя — не хочуць, менавіта з-за калектыву выкладчыкаў і адпаведнай якасці навучання.

Дзяніс Герасімчык
Фота: "Позірк

“У першы дзень працы ў Польшчы спусціўся ў бетонную дзірку“

Аўташколу вы адкрылі ў 2019 годзе, у Польшчу прыехалі ў 2017-м. Чым займаліся два гады?

— Вы прыехалі сюды на аўтобусе?

Так. А вы былі кіроўцам аўтобуса?

— У тым ліку. А яшчэ будаваў бліжэйшую да нашай аўташколы ў Варшаве станцыю метро “Таргувек Мешканёвы”.

У свой першы працоўны дзень у Польшчы я спусціўся ў гэтую бетонную дзірку, ранняй снежаньскай раніцай 2017-га, а 7-й, і першай думкай было: “Куды я патрапіў?“ (смяецца).

А цяпер там, акрамя выхаду з метро, яшчэ і стаянка, дзе нашыя інструктары пачынаюць заняткі па ваджэнні.

Спачатку я працаваў памочнікам тынкоўшчыка, потым тынкоўшчыкам, брыгадзірам тынкоўшчыкаў. Затым адкрыў адпаведную кампанію, дзе працавала каля 70 украінцаў і беларусаў. Сыдучы адтуль, некалькі месяцаў кіраваў невялікай будоўляй. Далей ездзіў на газавай цыстэрне, на вялікай фуры вазіў газ па ўсёй Польшчы, пасля чаго стаў кіроўцам рэйсавага аўтобуса ў Варшаве, і вось тады ўжо, як я і казаў, пайшоў вучыцца на інструктара.

Якіх курсантаў у школе больш: украінцаў, беларусаў?

— Каля 60% — украінцы. У тым ліку нават у Беластоку, дзе мы адкрылі аўташколу ў сакавіку, а гэта амаль каля Гродна. Проста таму, што ўкраінцаў у Польшчы цяпер больш, чым тых жа беларусаў, якіх у нас каля 30%. Ну, і 10% — усе астатнія. Тыя ж малдаване, таджыкі, палякі, вядома. Запісваюцца і англамоўныя: у нас ёсць інструктары з англійскай.

Наогул, у нас сэрвіс на англійскай, польскай, рускай, украінскай мове, калі трэба — на беларускай.

Дарэчы (тут Дзяніс пераходзіць з рускай на беларускую. — Позірк.), я сам перайшоў на беларускую мову толькі тры гады таму. Я не вывучаў яе ў школе ды і ўвогуле скончыў школу ў Германіі…

А вось калі пачаў працаваць у руху “Каліноўцы”, то вырашаў вывучыць беларускую мову. Часам мне яшчэ не хапае лексікона, але я вучуся, стараюся, а малодшы сын дадаткова займаецца з настаўніцай беларускай мовы.

Фота: "Позірк"

“Для любога чалавека машына — гэта свабода“

Навошта беларусам правы кіроўцы?

— Насамрэч, для любога чалавека машына — гэта свабода. Свабода перамяшчэння, новых адкрыццяў, падарожжаў і г.д.

Што тычыцца, напрыклад, мяне, то я памятаю сябе яшчэ ў Патсдаме, у савецкай групе войскаў у 14-15-гадовым узросце, калі мы ў школе вывучалі ваенную аўтасправу.

І я памятаю свой энтузіязм, ужо ў трошкі больш старэйшым узросце, калі купіў сваю першую машыну ў той жа Германіі і ездзіў на ёй фактычна цэлы дзень без прыпынку: мне проста хацелася кагосьці кудысьці падвезці.

Фактычна мы даем людзям свабоду. Вядома, камусьці машына патрэбная па працы, камусьці — з іншых прычын.

У нас быў выпадак ва Уроцлаве, калі 74-гадовая жанчына, украінка, прыйшла вучыцца на правы. Пасля таго, як яе сын загінуў на фронце ва Украіне, а нявестка з’ехала і пакінула ёй дваіх унукаў, 6 і 8 гадоў. І яна пайшла вучыцца, каб вазіць унукаў на заняткі, бо хадзіць ёй цяжка…

“У Беларусі экзаменуе міліцыя, а калі ёй даюць права нешта дазваляць, яна стараецца гэтага не рабіць“

У Польшчы больш складана здаць на правы, чым у Беларусі?

— Давайце падзелім сістэму навучання і сістэму здачы экзамену. Сістэма здачы экзамену ў Беларусі і ў той жа Украіне, я лічу, “хворая“.

Нечакана. І на што?

— У Беларусі экзамены прымае ДАІ. Гэта Міністэрства ўнутраных спраў, міліцыя. Яе асноўная функцыя — фіксаваць злачынствы, лавіць злачынцаў. У лепшым выпадку — прафілактыка. Калі такому органу даюць права нешта дазваляць, ён усімі сіламі імкнецца гэтага не рабіць. Гэта — сілавы, “забаронны” орган.

Асабіста я лічу, што асабліва грамадзянскую функцыю нельга аддаваць сілавым структурам. У выніку мы атрымліваем альбо перакосы ў “завальванні”, гэта значыць яны ўсімі сіламі імкнуцца, каб людзі не здалі экзамены, альбо, як, напрыклад, у той жа Украіне, мы маем іншы бок медаля — хабарніцтва, карупцыю і г.д.

Фота: "Позірк"

У Польшчы гэтым займаецца грамадзянская структура. Экзаменатары — звычайныя грамадзянскія чыноўнікі, хоць іх установы працуюць на дзяржразліку.

Дарэчы, мы цяпер у Польшчы стаім на парозе рэвалюцыйных змен: літаральна ў бліжэйшы час будзе, напрыклад, адмененая т.зв. “пляцоўка“, экзамен будзе здавацца адразу ў горадзе.

Пра гэтыя і іншыя змены я, дарэчы, распавядаю на сваім ютуб-канале Denis Drive.

А што тычыцца непасрэдна сістэмы навучання, у Польшчы яна таксама не такая, як у Беларусі. Тут інструктар адчувае сябе вальней. Напрыклад, тут няма дарог, дзе забаронена ездзіць навучальным машынам. У Варшаве два экзаменацыйныя аддзяленні, гэта значыць два раёны, дзе здаюцца экзамены, але ездзіць падчас навучання можна ўсюды.

Інструктар у Польшчы — гэта не проста кіроўца, якому проста надакучыла ездзіць і ён вырашыў навучыць гэтаму іншых. Гэта насамрэч прафесіянал сваёй справы.

Напрыклад, у той групе, дзе я вучыўся на інструктара, з 20 чалавек за сем гадоў экзамены здалі толькі 10, палова не змагла асвоіць гэтую прафесію, а з першага разу нас было толькі чацвёра.

Замежнікі, якія навучаюцца ваджэнню ў Польшчы, як і ў любой краіне, адчуваюць двайны стрэс: ад самога навучання (незнаёмая маторыка, змена псіхалогіі і г.д.) і моўнага бар’ера.

І, дарэчы, калі паляк ездзіць па вуліцах, па якіх хадзіў у дзяцінстве, то для нашага чалавека ўсё чужое, і гэта таксама трэба ўлічваць.

У прынцыпе, у нас ужо і многія палякі-інструктары навучыліся размаўляць па-руску.

І не будзе перабольшаннем сказаць, што пры поўным і адказным праходжанні навучання ў нашай аўташколе верагоднасць здачы дзяржэкзамена вельмі блізкая да 100%.

Язык пасведчанне кіроўцы дапытае

А што з цэнамі?

— Гэты і іншыя арганізацыйныя пытанні я папрашу асвятліць адміністратара нашага варшаўскага офіса Таццяну.

Таццяна: Агулам кошт навучання складае ад 4.500 да 7.000 злотых (прыкладна ад 1.230 да 1.910 долараў ЗША. — Позірк.). На яго найперш уплывае тэрмін навучання.

За 7.000 злотых курсант можа скончыць вучобу за тры тыдні. Гэта не значыць, што ён будзе, напрыклад, ездзіць менш гадзін, чым іншыя навучэнцы — ён проста будзе ездзіць часцей і больш, праедзе абавязковыя ў Польшчы паводле закона пры навучанні 30 гадзін, але будзе займацца пяць, а то і ўсе сем дзён на тыдзень.

На кошт уплывае таксама мова інструктара: у нас адпаведную ліцэнзію маюць і беларусы, і ўкраінцы. Заняткі з імі каштуюць крыху больш, чым з палякамі, таму што гэта разглядаецца як унікальная магчымасць на зразумелай мове прайсці ўсе этапы навучання ў аўташколе, не перажываючы, што ты чагосьці не зразумееш на дарозе ці не зможаш нешта растлумачыць інструктару. Гэта ж тычыцца і тэарэтычных заняткаў.

Дарэчы, тэорыю (дзяржэкзамен) у Польшчы на правы катэгорыі “В“ афіцыйна можна здаваць на трох мовах: польскай, англійскай і ўкраінскай. І некаторыя беларусы, якія дрэнна ведаюць польскую і англійскую, здаюць тэарэтычны экзамен на ўкраінскай.

Мы даем афіцыйны доступ да платформаў з тэстамі, дзе загружаны банк экзаменацыйных пытанняў, і курсанты могуць дома эфектыўна трэніравацца адказваць на іх.

Дарэчы, 30 гадзін, пра якія я казала, — мінімальны час для практычных заняткаў па ваджэнні. Магчыма, камусьці трэба больш часу, і мы даем магчымасць дадатковых заняткаў, каб адтачыць асобныя цяжкія элементы.

Фота: "Позірк"

Адзначу, што навучанне ў нас праводзіцца ў розных раёнах Варшавы, і хутка мы ахопім у тым ліку раён Макатуў, дзе традыцыйна пражывае шмат беларускіх ІТ-спецыялістаў.

Таксама акрамя тэрміну навучання і мовы інструктара на кошт ўплывае каробка перадач аўтамабіля, на якім праводзіцца навучанне. Дарэчы, у Польшчы пасля здачы экзамену на аўтаматычнай каробцы ты можаш кіраваць машынамі толькі з такімі ж каробкамі, а калі здаў экзамен на “механіцы“ — тымі і іншымі.

У аўташколе ў нас шмат машын, яны новыя, на “аўтамаце“ мы ездзім на “Таётах“. Дзякуючы гэтаму да нас прыходзяць падрыхтавацца да іспыту многія курсанты з іншых аўташкол.

Аўташкола Denis Drive у ВАРШАВЕ, УРОЦЛАВЕ, ГДЫНІ і БЕЛАСТОКУ:

Нашы тэлефоны ў ВАРШАВЕ: 733949043, 733949041

Адрас: Warszawa, 03-542, ulica Michała Ossowskiego 11. Lokal U14

Час працы офіса ў Варшаве: панядзелак пятніца з 9:00 да 18:00

Нашы тэлефоны ва УРОЦЛАВЕ: 733949043, 733949041

Адрас: Wrocław, 50-541, aleja Armii Krajowej 53/121

Час працы офіса ва Уроцлаве: панядзелак пятніца з 10:00 да 18:00

Нашы тэлефоны ў ГДЫНІ: 733949043, 733949041

Адрас: Gdynia, 81-335, ulica Janka Wiśniewskiego 13/214

Час працы офіса ў Гдыні: панядзелак пятніца з 10:00 да 18:00

Нашы тэлефоны ў БЕЛАСТОКУ: 733949043,733949041

Адрас: Białystock, 15-424, ulica Lipowa 17/1.

Час працы офіса ў Беластоку: панядзелак — пятніца з 10:00 да 18:00

Наш чат-бот з падрабязнай інфармацыяй пра ўсё: https://t.me/DenisDrive_bot

Сайт: https://ddrive.pl/pl

Інстаграм: тут.

Фэйсбук: тут.

Ютуб-канал: тут.

* Партнёрскі матэрыял

Падзяліцца: