“З татам вырашылі: наспеў час вучыцца па-беларуску”. Вераніка Лебедзь ў 80-я ездзіла за 20 км ад Мінска дзеля адукацыі на роднай мове

У 1980-х гадах у Мінску і буйных гарадах тады яшчэ БССР не было ніводнай школы, у якой можна было б атрымліваць адукацыю па-беларуску. Мастак Алесь Цыркуноў з дачкой Веранікай знайшлі выйсце: кожную раніцу дзесяць год яна ўставала і ехала за 20 км ад Мінска ў вясковую школу.
“Позірк” паразмаўляў з Веранікай Лебедзь пра тое, якім коштам ёй далася беларускамоўная адукацыя, які гэта прынесла плён і ці паўтарыла б яна такі досвед цяпер. А таксама пра тое, што такое беларускамоўная адукацыя ў сённяшняй Беларусі.
Пункт прызначэння: саўгас “Праўда”
— У якія гады ты вучылася ў школе?
— Я толькі памятаю, што закончыла ў 1992 годзе. Значыць, вучылася ў 80-х у асноўным, дзесяць год.
— Трэба разумець, што ў гэты час практычна не было магчымасці атрымаць беларускамоўную адукацыю ў гарадах і ў сталіцы. І практычна не было такіх вучняў, хіба толькі Наста Лісіцына, пра якую пісалі раней.
— Калі я была ў трэцім класе, мы з татам вызначылі, што наспеў час вучыцца па-беларуску. Ён цікавіўся гэтымі сістэмамі і знайшоў, што ў Мінску няма такой магчымасці. Без варыянтаў. Тады ён шукаў, дзе б блізка да Мінску была беларуская школа. З нармальных, не проста пачатковых школ бліжэйшая была, куды я ездзіла, за 20 км. Гэта пасёлак Наваселле, саўгас “Праўда”.
Я там вучылася з чацвёртага па, лічы, дзясяты клас. 11-ы правучылася у гуманітарным ліцэі імя Якуба Коласа.
У дзявятым класе ў Мінску ствараліся класы для педінстытута. Філалагічныя класы са спецыяльнасцю беларуская мова і літаратура. Натуральна, што я ў гэта ўпісалася, паспрабавала там вучыцца. То бок бацькі пачулі і прапанавалі. Не сыходзячы са сваёй школы, напісалі заяву. Я там правучылася адзін месяц.
Гэта была рускамоўная школа з рускамоўнымі ўсімі прадметамі, дзе проста, мабыць, больш пашырана для спецыяльнай групы вучняў выкладалася беларуская мова і літаратура.
Мне, дзіцёнку, які вучыў усё па-беларуску, такое навучанне матэматыкі і астатніх прадметаў, канешне, было вельмі непрыемнае, і я адтуль сышла.
І быў ў мяне яшчэ досвед. Здаецца, у пятым класе. Прыязджалі да нас чыноўнікі, са мной размаўлялі: “Як гэта ты так доўга ездзіш? Давай вучыся ў Мінску. Ёсць магчымасць вучыцца па-беларуску па індывідуальнай праграме”.
Я гэтую індывідуальную праграму прайшла за месяц і зрабіла выснову, што гэта цяжка. Гэта было таксама ў рускамоўным класе, звычайным бліжэйшым. Мне прапанавалі навучанне некаторых прадметаў індывідуальна па-беларуску, а некаторых — разам з класам.
Гэтая сістэма, канешне, сама па сабе такая лажовая. Таму што адзін на адзін з настаўнікам. Вось гісторыя, адзін параграф. Мы яго за 15 хвілін ужо абсмакталі з усіх бакоў. Астатнія 30 хвілін урока што рабіць? “Ну, давай наступны параграф?” — “Давай”.
І я так зразумела, што мы гэтую гісторыю пройдзем датэрмінова за некалькі класаў. Альбо будзем проста дурачку валяць на ўроках. А астатнія прадметы ты ўсё адно вывучаеш па-руску.
Гэта я як дзіцёнак вынесці не магла.

“Лупілі шчаўбаны за рускія словы”
— А ў сям’і заўсёды размаўлялі па-беларуску, ці вы ў нейкі момант перайшлі на беларускую мову?
— Цяжка сказаць. Памятаю, што бабулі размаўлялі. Бацькі, мабыць, таксама. Я пакуль была малая, у садаўскім узросце, на пачатку школы, не звяртала ўвагі. Якую мову чула, тую і ўспрымала.
Я толькі памятаю, што, калі тры месяцы праводзіш на вёсцы, на гомельскім Палессі, прыязджаеш і размаўляеш зусім на іншай мове, чым тут. Цябе пастаянна папраўляюць, тыркаюць і смяюцца з цябе.
А ты супраць іхняй волі далей размаўляеш на гэтай трасянцы ці там дыялекце. Але з часам заўважаеш, што ты ўжо ўсё, на дыялекце не размаўляеш, бо рассмакталася, выветрылася.
Памятаю, што мы з татам у другім класе лупілі шчаўбаны адзін аднаму за рускія словы, каб размаўляць чыста па-беларуску. То бок мы адзін аднаму “чысцілі” мову. Вось калі я заўважаю слова, я з такім задавальненнем даю шчаўбан… А ўжо сама стараюся больш беларускіх ужываць, каб не было гэтых рускіх.
— Ці памятаеш, што казаў тата, калі прапанаваў вучыцца па-беларуску?
— Каб ездзіць у школу за горад? Ой, я ж такое магу не памятаць. Мы проста з ім дамовіліся пра тое, што гэта важна, што гэта наша мова, але тут нам не даюць вучыцца. Заявы дырэктару ён, канешне ж, пісаў, заявы ў райана (раённы аддзел народнай адукацыі. — “Позірк”.) ён насіў. Звяртаўся куды можна, каб мне далі беларускую адукацыю. Ну ніхто не дае, значыцца, мы самі будзем яе браць, знойдзем і будзем навучацца па-беларуску.
— Як ты дабіралася да той вясковай школы? Як быў наладжаны працэс?
— Непрацяглы тэрмін мяне тата спрабаваў вазіць. Гэта яго, канешне, вельмі вымотвала б, калі б ён працягнуў. Бо дарога займала прыблізна хвілін сорак у адзін бок.
То бок ты едзеш на тралейбусе да прыпынку. Добра, што мы жылі на ўскраіне горада і адтуль не так далёка было ехаць. На паўгадзіны менш, чым з цэнтра, ад вакзала.
Але усё адно трэба было дабрацца да гэтага прыпынку, перайсці дарогу, там дайсці да яшчэ аднаго прыпынку. А там па раскладзе ідзе аўтобус міжгародні. Калі я паспявала на 7:45, то хвілінка ў хвілінку трапляла на ўрокі, якія пачыналіся ў 8:30. У мяне была свая адладжаная сістэма.
— У колькі трэба было ўставаць?
— Я ўсё хутка рабіла, усё было гатова. Памятаю, што з хаты трэба было выйсці недзе а 7:25 ці а 7:15. Ну то, мабыць, да сямі трэба было падняцца.
“Было цікава, бо гэта прыгоды”
— Як паставіліся да твайго прыходу мясцовыя школьнікі? Ці памятаеш, што яны і мясцовыя настаўнікі казалі табе?
— Ну, па-першае, школа ж там была беларуская, беларускамоўная, вясковая. Як у цэнтр сельсавета некаторыя дзеці туды таксама ездзілі з розных месцаў, з вёсак.
І гэта на той момант была сярэдняя школа, ужо не пачатковая. То бок тры класы пачатковай, а потым сярэдняя. І вось з чацвёртага класа там як бы збіралася новая кампанія. І не факт, што там усе старыя, а я тут адна новая. Атрымлівалася, што і я, як і яны, таксама туды езджу. І я не памятаю, каб хтосьці кепска паставіўся ці нейкія эмоцыі асаблівыя ад гэтага былі.
Шмат настаўнікаў ездзіла з Мінска, таму што за выкладанне ў вясковай школе альбо выкладанне па-беларуску — за штосьці там — даплачвалася нейкая капеечка. Вось таму былі такія ахвочыя настаўнікі. Палова прыблізна настаўнікаў свая была, палова з горада.
— Ты па-беларуску размаўляла? А дзеці астатнія як?
— Наколькі я памятаю, там дзеці размаўлялі па-беларуску.
— Сябры былі з мясцовых?
— Ды нармальныя, прыязныя адносіны былі. Як у звычайнай школе. Нічога такога.
— Ніколі не шкадавала, што даводзілася так далёка ехаць? Не хацелася даўжэй паспаць?
— Мне было цікава, бо гэта былі прыгоды. Цікава, і ўсё тут. Ну, дарэчы, была ў мяне сяброўка недзе ў дзявятым класе. Тата быў ваенны, і яны прыехалі з Украіны ці адкуль, і яна ніколі ў жыцці не вучылася ў беларускіх школах, а тут прыехала і, хоба, усё па-беларуску.
Яна магла па-руску, а беларускай не ведала. І вось яна, гледзячы на тое, што я езджу, вывучала спакойна беларускую мову і за год вывучыла. Усе прадметы абсалютна. Вось што такое станоўчы ўплыў.
— Ці былі нейкія гісторыі, звязаныя з незвычайным школьным жыццём?
— Ну, па-першае, гэта ж 80-я гады, зіма была снежная, марозная. Вот ідзеш ты са школы да прыпынку, не ведаю, ну, з паўкіламетра-кіламетр. Выходзіш на прыпынак, а аўтобус ужо з’ехаў.
На двары мінус 25. Да наступнага аўтобуса 40 хвілін. А на прыпынку нават лавачкі няма, і рабі што хочаш.
Ну вось я памятаю, мы забаўляліся. Калі было з кім, то дзіцячая фантазія працуе, там рыеш нару ў снезе, качаешся. Потым гэта з сябе, з гэтых ваўняных вязаных штаноў нічога не ададраць і завальваешся, як снегавы балван, у гэты аўтобус. Замарожаныя дзеці такія. Але гэта ўспрымалася весела заўсёды.
Было аднойчы толькі нявесела, калі я паспрабавала галасаваць, злавіць папутку на вялікай шашы, каб дабрацца да хаты. Ідэя была цудоўная. І машына спынілася. Я прыехала, мяне яшчэ цукеркамі пачаставалі.
Прыехала такая вясёлая. Тату расказваю, а ён нешта не ў захапленні і мяне за гэта ў кут. Так што я больш не ездзіла аўтаспынам.
— Ці ведаеш каго-небудзь, хто на той час спецыяльна таксама вучыўся па-беларуску? Ці ты ўвогуле з кімсці сутыкалася з падобнай гісторыяй?
— Калі тата хадзіў у райана, то пазнаёміўся з мамай Насты Лісіцынай Раісай Ханевіч. Яны вельмі шмат хадзілі, насілі заявы, што ім патрэбная адукацыя на беларускай мове. Памятаю, што вось гэту спадарыню давялі да бальніцы. Яна атрымала ледзьве не інфаркт, ляжала з хворым сэрцам пасля ўсіх гэтых хаджэнняў па чыноўніках.
Наста была крышачку старэйшая за мяне. Яна з’ехала ў Вільнюс паступаць у беларускую гімназію.

“Яшчэ далей ездзіла па сваёй ініцыятыве”
— Ты маеш сястру. Яна таксама па-беларуску вучылася?
— З сястрой лепей атрымалася. Там была зусім іншая гісторыя. Яна на пяць гадоў меншая, і тата ўжо ведаў гэты, так сказаць, кантынгент наменклатуры, ведаў кантынгент мясцовых жыхароў. Дырэктар школы сказала: “А вы мне знайдзіце, сабярыце клас, тады я вам адкрою”. Тата сказаў: “Добра”.
Ён з кімсьці з сяброў абыходзіў проста ўвесь гэты раён, які належаў да школы, размаўлялі з бацькамі. Не ведаю, адкуль спісы, але ён назбіраў патрэбную колькасць дзяцей на цэлы беларускі клас.
Тата пасля іх яшчэ абыходзіў, яны казалі: “Так, пойдзем у беларускі клас”. Ён прыходзіць пасля да дырэктара, кажа: “У вас 16 заяў”. А яна адказвае: “Ды ў мяне дзве заявы, ваша і вашага сябра. Усё, няма ахвотных болей”.
Выявілася, яна гэтыя заявы мела і хавала дзесьці ў сваім стале. А людзям казала, што іх няма. А потым, калі гэтыя людзі перад самай школай прыходзілі і казалі “мы ў беларускі клас”, яна адказвала: “Прабачце, няма ў нас першага беларускага класа, не будзе. Не змаглі сабраць, вы адныя, хто напісаў заяву”.
І вымушалі гэтых людзей напісаць заяву на рускі звычайны клас. Тата ўжо пасля іх бачыў. Яны казалі: “Мы вымушаныя былі напісаць так, таму што не бралі дзіця ў беларускі клас, бо не было беларускага”. Такім чынам яна ўсіх разагнала.
Але вось гэтыя два дзіцяці засталіся і вучыліся. Першы клас, другі клас ўдваіх. На нейкім этапе ў іх з’явілася яшчэ дзіцё, сын настаўніцы, потым яшчэ пару дзяцей, і ў выніку нарасло, можа, чалавек да 12 ці 10. І яны вучыліся ў гэтай мясцовай школе па-беларуску цалкам.
Але толькі нейкі перыяд. Потым ім сказалі: “А ведаеце, у раёне ёсць беларускамоўная школа ці гімназія”. Ці нават не на раёне. Я памятаю, што ў Вяснянку іх зафутболілі. Там была нейкая школа, у якой усе класы беларускамоўныя. І іх усім класам пераключылі туды пасля дзявятага класа.
А калі вучылася я, не было беларускамоўных класаў. Ужо бліжэй да старэйшых класаў мы даведаліся, што ёсць класы меншыя за мой на год. То бок, калі я ў якім-небудзь сёмым класе, то там шосты. Мне трэба было адзін год не вучыцца, невядома як з гэтай сістэмай, ці пайсці адразу ў гэты малодшы клас, ездзіць праз увесь горад на Ракасоўскага, у гэтую самую гімназію нумар адзін. Наколькі там яна беларускамоўная была, я не правярала, бо майго ўзросту там не было.
Я з 1975 года. Дзеці, старэйшыя за мяне, як і я, таксама не мелі шансу на беларускамоўную адукацыю, а ўжо дзеці 1976 года нараджэння мелі.
Я пасля дзявятага класа перабегла ў іншую вясковую школу, таксама беларускамоўную. Гэта там па суседстве. Атрымліваецца, што я яшчэ далей ездзіла па сваёй ініцыятыве. Мне падалося, што там лепей будзе. Гэта не цэнтр сельсавета, нашы настаўнікі часткова сышлі туды, частка дзяцей таксама. У асноўным з глыбінкі сышлі, а мне глыбінка заўсёды больш падабалася. Яны больш шчырыя, адкрытыя, больш па-беларуску размаўлялі.
Дзеці, якія ездзілі і бліжэй да Мінску жылі, маглі і па-руску размаўляць. Яны крышачку іншыя былі.
Новай школай апекаваўся сельсавет, і мы атрымлівалі стыпендыю за добрае навучанне. Я не была выдатніцай, ніколі не імкнулася на ўсе пяцёркі вучыцца, але ў мяне быў бал вышэй за чатыры па 5-бальнай сістэме. І гэта узнагароджвалася. Мне гэта так падабалася. У сельсавет хадзілі, грошы атрымлівалі.
— Чыноўнікі адгаворвалі цябе ездзіць?
— Прыязджалі цёткі, са мной размаўлялі: “А што табе трэба ў школе? А чаго не хапае?” І я з цвёрдай пазіцыяй адфутбольвала іх.

“Мне хацелася па-беларуску, нешта ідэалагічнае ў мяне, мабыць, было”
— А каб табе зараз трэба было выбраць, ці паўтарыла б досвед паездак у вясковую школу?
— У тых самых умовах? Чаму не? Гэта куды цікавей. Я ўжо і не памятаю, чым я такім кіравалася. Мы размаўляем па-беларуску, чаму я буду вучыцца па-руску? Магчыма, мне хацелася па-беларуску, нешта ідэалагічнае ў мяне, мабыць, было.
— Як ты патрапіла ў Коласаўскі ліцэй?
— Я ў 10-м класе хадзіла яшчэ ў нядзельны ліцэй каля Камароўкі. Вось там была класная адукацыя, не параўнаць з цяперашнімі суботнімі школамі.
Пра яго мы даведаліся выпадкова па радыё. То бок, я ездзіла ў гэтую дальнюю беларускую школу, і тут, хоба, на радыё абвестку даюць, што па-беларуску ёсць адукацыя, у ліцэі па нядзелях. Усе жадаючыя запрашаюцца. І гэта ўжо была другая беларускамоўная адукацыя, на якую я патрапіла.
Я год ездзіла ў нядзелю, а потым гэты ліцэй адкрылі стацыянарна і была магчымасць перавесціся туды, сысці са школы. Пра гэта ўжо ведалі ўсе дзеці, ўжо ўсім распавяла, што я ў “свой” ліцэй сыходжу. Як яны мне зайздросцілі, проста не перадаць. І настаўнікі, і дзеці.
Казалі: “Не сыходзь нікуды. Мы цябе потым назад не прымем. Здрада! Як так можна! Ты з намі ездзіла, вучылася столькі гадоў!” Я адказвала: “Як вы не разумееце? Гэта ж ліцэй беларускамоўны!”
— Якая была розніца ў навучанні ў вясковай школе і ліцэі?
— Вялікая. Мабыць, праз гэтую розніцу я, калі закончыла суботнюю школу, і ўцякла ў нармальны ліцэй.
Па-першае, там было цікавей. У ліцэі выкладчыкі расказвалі больш цікавыя тэмы, больш паглыблена, і адчувалася, што выкладчыкі не настаўнікі, даюць тэмы, якія ведаюць больш, яны больш разбудаваныя, больш распрацаваныя. Гэтую адукацыю можна параўнаць з адукацыяй ва ўніверсітэце.
Былі прадметы вельмі цікавыя, нестандартныя. Не проста гісторыя, а гісторыя чагосьці: моладзевага руху, кіно… У ліцэі мы вучыліся па вялікай праграме, то бок ў цябе не шэсць урокаў, як у школе, а восем.
У звычайнай школе была шасцідзёнка, пасля зрабілі пяцідзёнку, але ў суботу былі ўсялякія абавязалаўкі, на якія я не хадзіла. А ў ліцэі замест суботы з прадметамі не па праграме рабілі сераду. Таму што ў нас было восем урокаў у панядзелак, восем — у аўторак. А ў сераду розныя цікавыя прадметы, на якія хто памірае ад цікаўнасці, той абавязкова прыйдзе. І большасць прыходзіла. У нас яшчэ нас быў свой расклад, як у прыватным ліцэі.
Рабілі дзеці ўсё што хацелі. Дзецям цяжка сядзець восем прадметаў, хоць і з перапынкамі, нават нам рабілі перапынак на гадзіну. Мы ішлі ў былую партыйную сталоўку на Кірава і гадзіну там галівудзілі. Потым прыходзілі ў школу, нібыта зноў раніца, і далей чатыры прадметы.
Там было вельмі цікава вучыцца з усіх бакоў. Будынак нестандартны, расклад нестандартны, прадметы цікавыя надзвычайна. Але не было ў нас, напрыклад, фізкультуры. Урокі працы замяняліся на ўрокі вышыўкі — вышывалі сабе строі. Я ўмудрылася вышыць сабе адзін у ліцэі, а потым, так бы мовіць, пад уражаннем — яшчэ адзін.
“…А тут, высвятляецца, ёсць нейкая гісторыя Беларусі”
— Ты вучылася ў эпоху вялікіх зменаў, спачатку ў Савецкім Саюзе, пасля ў Беларусі. Ці адчувала падчас навучання нешта, што адлюстроўвала гэтыя змены? У нас, памятаю, гісторыю Беларусі ўвялі, сядзела настаўніца, трымала гэты знакаміты падручнік з “Пагоняй” і чытала нам.
— У 1990-м, калі я сканчала дзявяты клас, даведалася, што ёсць такая гісторыя Беларусі. То бок, нам звычайную гісторыю выкладаюць, гэтую казачку, мы яе пераказваем. Ну, такое стаўленне. А тут, высвятляецца, ёсць нейкая гісторыя Беларусі. І настаўнік, натуральна, быў незадаволены, што яна ёсць, што яе трэба неяк выкладаць.
У нас быў у бібліятэцы гэты падручнік, жоўты, такі страшненькі. З ім мы дзявяты клас мусолілі, дзясяты мусолілі, а потым я ў ліцэй перабегла. Я не памятаю ўвогуле падручнікаў, каб у нас у ліцэі былі. Мы вучыліся, па чым настаўнікі казалі, але гэта не быў стандартны набор школьных падручнікаў. Падручнік дзесьці быў, але як бы фонам.
Змены, якія адбываліся, — гэта 1991-92 год. Так, мы гэта ўсё перажывалі, хадзілі на ўсё, што можна было, у Мінску. Гэта ж у цэнтры горада. Мы былі заўсёды ў курсе, усё бачылі. Але ўдзельнічалі сваімі сем’ямі, не ліцэйскай тусоўкай. Усё абмяркоўвалі.
Калі была абвешчаная незалежнасць, такая была эйфарыя. Калі сцяг мянялі над Домам урада, мы туды хадзілі, глядзелі на гэты [бел-чырвона-белы] сцяг. Такая традыцыя была. Мы ідзём гуляць, абавязкова трэба зайсці, паглядзець. “Раўненне на сцяг!” Сцяг вісіць, усё нармальна, парадак у горадзе.
Таму мы вельмі балюча ўсе гэтыя рэферэндумы ўспрынялі, калі ўжо вучыліся ва ўніверы.
— Што табе дала беларускамоўная адукацыя?
— Яна паспяхова ўпісалася ў мой светапогляд, таму што, калі мы цалкам перайшлі на беларускую мову, цікавіліся культурай, жылі ў беларускім свеце. А калі адукацыя ідзе па-руску, гэта нешта чужое. Я нават не ведаю, што б было, каб было па-руску.
“Вельмі шмат расейшчыны ўзнікла”
— Твае дзеці таксама мелі беларускамоўную адукацыю ў Беларусі. Як ты бачыш, у чым змены? Што стала лепей, што горш з таго часу?
— Дзеці пачалі ў 2005-м і пазней. На той момант, мабыць, і да гэтага часу існуе нейкае прадпісанне мець мінімум беларускамоўных школ, класаў на раён горада. Вось на адзін раён горада адна школа ці гімназія, так? Памятаю, што бацькі дзетак, якія нарадзіліся ў 1997-м і раней, хадзілі, збіралі подпісы, арганізоўвалі, бо не было беларускамоўных груп у садках.
Калі дзеці ў чацвёртай беларускамоўнай гімназіі навучаліся, я зразумела, што гэтыя гімназіі вельмі намінальныя. Так, яны вучаць дзяцей па беларускіх падручніках, па-беларуску. Самі ж настаўнікі могуць зусім не размаўляць па-беларуску. Дзеці таксама ведаюць мову, але ёй не карыстаюцца, на перапынках пераходзяць на рускую, сябруюць, гуляюць па-руску.
Нейкі фальш у гэтым ёсць. Адукацыя беларускамоўная, але намінальна.
Дачка да 2022 года там вучылася, у восьмым класе. Казала, што ў беларускамоўнай гімназіі настаўнікі пачалі дазваляць сабе выкладаць на рускай мове.
Падчас кавіду я на свае вушы чула, што гэтым грашылі настаўнікі матэматыкі. Яны чамусьці вырашалі, што дзецям прасцей вучыцца па-руску. І чамусьці заканадаўства не было такім жорсткім, як раней. Ніхто не выступаў, і дзеці фактычна ўжо вымушаныя былі вучыць на рускай. Вельмі шмат расейшчыны ўзнікла. Няма такога асяродку беларускага, ён паціху выцясняецца. Што там зараз адбываецца, не ведаю.
Мне здаецца, што проста гэта палітыка вядзе да знішчэння ўсяго беларускага. Але разам з тым яна пакідае намінальна, на паперах, для справаздачнасці, што ў нас шмат усяго беларускага.
— Ці важная беларускамоўная адукацыя сёння? Ці варта ўвогуле дзяцей вучыць па-беларуску?
— Раней мы вучыліся, каб паступіць ва ўніверсітэт і там атрымаць асноўную адукацыю. І ў бацькоў, калі збіралі заявы, заўсёды паўставала пытанне: “Ну так, дзіцё будзе вучыцца ў школе. Яно па-беларуску атрымае адукацыю, а потым як яно пойдзе ў універсітэт, ён жа ж увесь расійскі”. Няма ў нас ВНУ па-беларуску.
Цяпер у дзяцей такога пытання не паўстае. Яны не задумваюцца пра ўніверсітэты зусім. Усё мяняецца. Я не ведаю, ці звязваюць яны сваю адукацыю з універсітэтамі.
Мова — аснова культуры, аснова ўсяго. Так што трэба сваё вывучаць па-свойму. Сваім дзецям даваць адукацыю на сваёй мове.
Трэба сваё захоўваць, але наколькі тут атрымліваецца, калі бацькі выхоўваюць па-беларуску без беларускай школы? Слаба па-любому, як ні круці. На 50% яны атрымаюць беларускае, а на другія 50% — штосьці чужое.
У эмігранцкіх умовах усе схемы рушацца, але мова — душа народа. Каб мы захаваліся, трэба захаваць мову. Трэба, каб нашы дзеці вучыліся па-беларуску, але гэтыя магчымасці ніхто нам не дасць, трэба самім штосьці рабіць.