Мінск 16:57

Расія адкрыта вярбуе беларусаў на вайну з Украінай праз сайт з нацыянальным даменам .БЕЛ

Аглядальнік "Позірку"
Скрыншот: "Позірк"

Вярбоўка беларусаў Расіяй на вайну супраць Украіны праводзіцца ў Беларусі праз сайт “Защитник.БЕЛ”, паведамляюць праваабаронцы MAYDAY.TEAM.

Сайт “Военная служба по контракту “Защитник. БЕЛ” падобны на звычайны беларускі рэсурс, які рэкламуе войска, аднак адкрыта прапануе поўнае суправаджэнне грамадзян Беларусі на фронт ва Украіну.

“Позірк” прааналізаваў сайт і размешчаныя на ім звесткі.

Спакушэнне крывавым рублём

Для афармлення старонкі выкарыстаныя згенераваныя штучным інтэлектам фота беларускіх вайскоўцаў з шаўронамі чырвона-зялёнага сцяга. Заключыць кантракт прапануецца асобам ва ўзросце ад 18 да 58 гадоў. Сайт прапануе вялікія выплаты, але не згадвае пра тое, што “пачаткоўцы” на фронце часцяком не жывуць даўжэй за пару тыдняў, а атрымаць выплаты проста не паспяваюць.

Памер выплат, заяўленых на сайце, можа ўразіць беларусаў. Так, аднаразовая выплата “пры афармленні і заключэнні кантракту паводле ўстаноўленай працэдуры” складае ў эквіваленце больш за 82 тыс. беларускіх рублёў (больш за 27,7 тыс. долараў ЗША); штомесяц у залежнасці ад пасады абяцаюць плаціць больш за 9 тыс. рублёў (3,1 тыс. долараў). Распісаныя на сайце і выплаты на выпадак раненняў (ад 35-107 тыс. рублёў), смерці (ад 443 тыс. рублёў, або амаль 150 тыс. долараў), а таксама бонусы за знішчэнне ўкраінскай тэхнікі.

На сайце ёсць укладка “частыя пытанні грамадзян Беларусі аб кантракце на СВА” (абрэвіятуру СВА (“спецыяльная ваенная аперацыя”) Расія выкарыстоўвае для абазначэння сваёй ваеннай агрэсіі супраць Украіны, пазбягаючы называць яе вайной. — “Позірк”.). У ёй сцвярджаецца, што “пры афіцыйным падпісанні кантракту з Міністэрствам абароны РФ грамадзянін Беларусі паступае на вайсковую службу паводле кантракту і знаходзіцца ў статусе вайскоўца”.

Такім чынам, вярбоўшчыкі сцвярджаюць, што кантракт з расійскім Мінабароны не з’яўляецца для беларусаў найміцтвам, бо “заканадаўства Расійскай Федэрацыі прадугледжвае магчымасць паступлення замежных грамадзян на вайсковую службу паводле кантракту”, тады як “найміцтва звычайна звязваюць з удзелам у прыватных ці іншых фармаваннях, якія не ўваходзяць у склад афіцыйных узброеных сіл бакоў”.

Скрыншот: "Позірк"

Згодна з арт. 132 КК Беларусі, “вярбоўка, навучанне, фінансаванне, іншае матэрыяльнае забеспячэнне і выкарыстанне наймітаў для ўдзелу ва ўзброеных канфліктах або ваенных дзеяннях караюцца пазбаўленнем волі на тэрмін ад сямі да пятнаццаці гадоў”.

Акрамя таго, арт. 133 Крымінальнага кодэкса за “ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеных канфліктах, ваенных дзеяннях асобы, якая не ўваходзіць у склад узброеных сіл ваюючых бакоў і дзейнічае ў мэтах атрымання матэрыяльнага ўзнагароджання без упаўнаважання дзяржавы, грамадзянінам якой яно з’яўляецца або на тэрыторыі якога пастаянна пражывае (найміцтва)“, прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў са штрафам або без яго.

Хто вярбуе беларусаў

На сайце “Защитник. БЕЛ” для сувязі пазначаны расійскі нумар тэлефона, аператарам персанальных даных заяўлены расійскі ІП Радзівонаў Данііл Алегавіч.

Пошук паказвае, што Радзівонаў — аперацыйны дырэктар ваенна-кадравага агенцтва “Брацкі сіндыкат”, мае рэгістрацыю ў Іркуцкай вобласці РФ. “Брацкі сіндыкат “называе сябе “прафесійным ваенна-кадравым агенцтвам поўнага цыклу”, якія спецыялізуюцца на падборы і падрыхтоўцы кандыдатаў для службы па кантракце ў Мінабароны РФ і “працуюць на рынку з 2022 года”.

На сайце “Брацкага сіндыката” сярод іншага ёсць вакансія “Спецыяліст па масавым падборы кандыдатаў на кантрактную службу МА РФ”. Згодна з умовамі, “за кожнага прыцягнутага кандыдата” такому “спецыялісту” гатовыя плаціць 600 тыс. расійскіх рублёў (больш за 21 тыс. беларускіх, або амаль 7,3 тыс. долараў).

Дамен .БЕЛ — гэта афіцыйны нацыянальны дамен верхняга ўзроўню Рэспублікі Беларусь, які падтрымлівае кірылічныя сімвалы. Купіць даменнае імя ў зоне .БЕЛ можна толькі ў акрэдытаваных рэгістратараў Беларусі і афіцыйных партнёраў тэхнічнага адміністратара.

У падвале сайта можна знайсці прыпіску, што “інфармацыя носіць кансультацыйны характар“, а “ўмовы афармлення, адбору, выплат і гарантый залежаць ад дзеючых патрабаванняў, вынікаў праверкі дакументаў, ВУК (вайскова-ўрачэбная камісія. — Позірк.) і іншых абставінаў“.

Колькі жывуць на фронце беларускія “байцы“

28 красавіка 2025 года ўкраінскі праект “Хачу жыць“ апублікаваў імёны 742 грамадзян Беларусі, якія ваявалі або ваююць на баку Расіі.

Насупраць 590 імёнаў у апублікаваных праектам табліцах была пазначаная дата заключэння кантракту з узброенымі сіламі РФ, для 152 імёнаў адпаведная графа пустая. Праведзены Позіркам аналіз паказаў, што з 590 беларускіх грамадзян у 2022 годзе кантракт заключылі двое (0,34%), 2023-м — 211 (35,76%), 2024-м — 377 (63,90%).

Насупраць імёнаў 95 з 742 чалавек стаіць дата смерці. Дата заключэння кантракта пазначаная для 41 з 95 памерлых.

Аналіз адпаведных даных паказаў, што найменшы тэрмін ад кантракту да смерці склаў 21 дзень, найбольшы — 397. Пры гэтым 30 дзён і менш за Расію паваявала два грамадзяніны Беларусі, ад 31 да 60 — восем, ад 61 да 100 — дванаццаць, ад 101 да 300 — чатырнаццаць, больш за 300 — чатыры. Сярэдні тэрмін — 130 дзён.

Ужо 13 кастрычніка 2025 года праект “Хачу жыць” паведаміў, што на вайне ва Украіне загінула прынамсі 314 грамадзян Беларусі — наймітаў, якія ваявалі на баку Расіі. Да гэтага праект апублікаваў некалькі спісаў, у якіх фігуравала агулам 1.330 імёнаў беларусаў, якія ваявалі або ваююць на баку РФ. З улікам апублікаванага 13 кастрычніка спісу памерлых загінула 23,6% вядомых беларускіх наймітаў.

Сёлета 27 траўня намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка ў відэазвароце, спасылаючыся на звесткі ўкраінскага Каардынацыйнага штаба ў пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі, паведаміў пра гібель 440 грамадзян Беларусі, якія падпісалі кантракт з войскам РФ і ваявалі супраць Украіны. Паводле яго звестак, 2.871 грамадзянін Беларусі падпісаў кантракты, аднак гэтая лічба можа быць большай.

Скрыншот: "Позірк"

8 жніўня ў Варшаве прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі Вадзім Кабанчук заявіў, што ў вайне Расеі супраць Украіны загінула ўжо больш за 500 беларусаў, якія ваявалі на баку РФ.

Паводле слоў прадстаўніка АПК, за згоду ваяваць беларусам прапануюць 30-40 тыс. долараў у якасці аднаразовай выплаты.

“Людзі едуць фактычна ў адзін бок, не разумеючы гэтага. Паводле ўкраінскай статыстыкі, для 80% гэтых людзей першы бой з’яўляецца апошнім. Сярэдняя працягласць жыцця расійскага штурмавіка ў актыўных дзеяннях складае на фронце 15 хвілін. І вось гэтую інфармацыю мы павінны даводзіць да нашых людзей”, — сказаў Кабанчук.

Агулам, паводле яго звестак, на баку Расіі ваюе некалькі тысяч беларусаў.

24 лютага 2022 года РФ пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны — найбуйнейшы з часоў Другой сусветнай вайны канфлікт у Еўропе. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надаў арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну зімой і вясной 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны лечаць расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак расследавальнікаў, многія беларускія прадпрыемствы цяпер актыўна займаюцца вытворчасцю на карысць расійскага вайскова-прамысловага комплексу.

Падзяліцца: